Што азначае сімволіка лагатыпа АДДЧ

Лагатып АДДЧ мае форму круга, які сімвалізуе паўнату, бо члены Апостальства моляцца за памерлых аб іх удзеле ў паўнаце вечнага шчасця.

Каларыстыка і іншыя складнікі лагатыпа маюць сувязь з гербам Кангрэгацыі: гэта постаць, якая выяўляе чыстцовую душу з рукамі, працягнутымі ў малітоўным жэсце да крыжа, злучанага з літараю «М».

Крыж як знак справы Адкуплення, здзейсненага Езусам Хрыстом, тут выражае паўнату ласкі і любові, па якой сумуюць памерлыя, што церпяць у чыстцы.

У той жа час літара «М» сімвалізуе Марыю — самую дасканалую сярод святых Заступніцу душаў чыстцовых, Пасрэдніцу ласкаў, якая з’яўляецца Апякункаю Кангрэгацыі і Апостальства.