Многія скажуць: «Але ж я і так малюся за душы чыстцовыя, навошта мне далучацца да нейкіх супольнасцяў, навошта прымаць на сябе абавязкі?» Гэтае пытанне часта ўсплывае ў размовах на тэму Апостальства дапамогі душам чыстцовым.

Зразумела, неабавязкова ўступаць у АДДЧ, каб дапамагаць душам чыстцовым. Аднак памятайма, што ўсе католікі пакліканыя да малітвы за памерлых, бо назва аднаго з учынкаў міласэрнасці для душы бліжняга так і гучыць: «Маліцца за жывых і памерлых». Больш за тое, чалавек носіць у сабе глыбокую патрэбу належаць да супольнасці, таму што Бог, які нас стварыў паводле свайго вобразу і падабенства, з’яўляецца супольнасцю трох Асобаў. Заўважым таксама, што Сын Божы прыйшоў на свет у супольнасці сужэнцаў Марыі і Юзафа. Распачынаючы навучанне, Езус сабраў каля сябе супольнасць вучняў. Паміраючы, Ён стварыў супольнасць Касцёла. У Дакументах Другога Ватыканскага Сабору падкрэсліваецца, што Касцёл — гэта супольнасць супольнасцяў. Таму нам неабходна супольнасць для таго, каб рэалізаваць сваё пакліканне да чалавечнасці і плённага жыцця ў веры.

Значэнне супольнасці паказваецца таксама ў евангельскім апісанні аздараўлення паралізаванага чалавека, якога да Езуса прынеслі чатыры чалавекі і нават разабралі дах над памяшканнем, у якім знаходзіўся Пан, бо з-за натоўпу не маглі па-іншаму трапіць да Яго. Езус аздаравіў гэтага хворага дзякуючы не яго веры, а веры тых чатырох людзей, якія супольнымі намаганнямі прынеслі паралізаванага да Хрыста (пар. Мк 2, 1–12). Дзейнічаючы ў супольнасці, мы ў стане ўчыніць больш дабра, што для памерлых мае вялікае значэнне. Некаторыя людзі, што пераходзяць праз парог смерці, настолькі абцяжараныя наступствамі сваіх грахоў, што патрэбны супольныя намаганні многіх веруючых, каб узняць гэтыя душы і ўзнесці іх да неба.