А. Чайкоўская WDC, І. Златкоўская WDC.

Час расстання. Хрысціянскае перажыванне жалобы.

Працяг. Пачатак гл. тут.

Сэнс цярпення

Любоў Бога Айца да кожнага чалавека, праяўленая праз тое, што Ён выдаў на цярпенне і смерць свайго Сына, пралівае шмат святла на рэчаіснасць нашага цярпення. Яна паказвае, што цярпенне мае сэнс толькі ў збаўчай перспектыве. Пазбаўленае веры і любові, яно з’яўляецца дэструктыўнаю сілаю, бо цярпенне, якое перажываецца без Хрыста, можа быць толькі пракляццем.

Таму можна сказаць, што наш спосаб перажывання цярпення перш за ўсё нам самім гаворыць пра тое, кім мы з’яўляемся: вучнямі Хрыста і дзецьмі Бога ці язычнікамі? Кардынал Ёзаф Ратцынгер, вядомы сучасны тэолаг, папа Бэнэдыкт XVI на пенсіі, у кнізе «Смерць і вечнае жыццё» напісаў: «Чалавечнасць чалавека распазнаецца па яго адносінах да цярпення. Тут чалавек апынаецца ў непасрэднай канфрантацыі з тым фактам, што ён сам не распараджаецца сваім жыццём, што яго жыццё не з’яўляецца ягонаю ўласнасцю. Рэакцыя чалавека можа быць дваякаю. Ён можа супраціўляцца, спрабаваць нягледзячы ні на што ўзяць аўтаномны кантроль над жыццём — а гэта значыць, упасці ў роспачны, гнеўны бунт. Але можа таксама ўскласці надзею на іншую Сілу, даверліва паддацца яе кіраўніцтву і не імкнуцца са страхам узяць усё ў свае рукі».

Канечне ж, гаворка ідзе не пра тое, каб спрашчаць цярпенне і выкарыстоўваць спосаб яго перажывання як крытэрый для ацэнкі чыёйсьці веры. А калі ўжо й выкарыстоўваць — то толькі для ацэнкі сваёй уласнай веры. Пры гэтым належыць памятаць, што слёзы, словы горычы, смутак, якія часта з’яўляюцца падчас цярпення, не азначаюць, што хтосьці церпіць не па-хрысціянску. Бо і сам Хрыстус, калі вісеў на крыжы, усклікаў: «Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?» (Мк 15, 34b). Гэтыя знешнія праявы болю з-за нейкага цяжкага досведу з’яўляюцца нармальнаю чалавечаю рэакцыяй. Аднак важна, каб мы не затрымаліся на гэтым стане і зрабілі яшчэ адзін крок — крок веры, гэта значыць, даверылі Пану Богу саміх сябе і гэтую балесную рэчаіснасць (пар. Лк 23, 46а). Тады цярпенне не толькі не будзе знішчаць нас, але і ўчыніць нас духоўна багатымі. У цярпенні мы становімся больш падатлівымі да дзеяння збаўчай моцы Бога, выпрацоўваем у сабе шмат цнотаў — асабліва стойкасць у перажыванні таго, што непакоіць нас і баліць нам.

Чалавек веры згаджаецца, што ўсялякае цярпенне мае сэнс, калі ўспрымаецца ў збаўчай перспектыве, але ён не шукае цярпення дзеля яго самога і не жадае яго іншым. Калі ж аднак яно прыходзіць, чалавек веры стараецца суаднесці яго з Хрыстовым крыжам і заняць пазіцыю, годную Хрыстовага вучня, які ведае, што да Божага Валадарства чалавек ідзе праз шматлікія пакуты (Дз 14, 22). Але на гэтым цяжкім шляху мы ніколі не будзем пазбаўленыя Айцоўскай дапамогі, як запэўніваў нас Ян Павел ІІ у адной са сваіх «Катэхезаў», што адбываліся па серадах: «…Цярпенне, на якое чалавек глядзіць вачыма веры, хоць і ўяўляецца самым змрочным аспектам лёсу чалавека на зямлі, але адначасова прыадкрывае таямніцу Божага Провіду, укаранёную ў аб’яўленні Хрыста, галоўным чынам у Яго крыжы і ўваскрасенні. Відавочна, можа здарыцца так, што на пытанне пра зло і цярпенне ў створаным Богам свеце чалавек адразу не знаходзіць адказу, асабліва калі не мае жывой веры ў пасхальную таямніцу Езуса Хрыста. Паступова, з дапамогаю веры, падмацаванай малітваю, адкрываецца сапраўдны сэнс цярпення, якое кожны чалавек спазнае ў гэтым жыцці. Гэта адбываецца дзякуючы слову Божага Аб’яўлення і „навукі крыжа“ Хрыстовага (пар. 1 Кар 1, 18), які з’яўляецца „Божаю моцаю і мудрасцю“ (1Кар 1, 24). У Дакументах Другога Ватыканскага Сабору гаворыцца: „Праз Хрыста і ў Хрысце раскрываецца загадка пакутаў і смерці, якая прыгнятае нас па-за Ягоным Евангеллем“ (GS 22). Здабываючы праз веру гэтую моц і гэтую „мудрасць“, мы апынаемся на збаўчых шляхах Божага Провіду. Тады пацвярджаецца значэнне словаў псальміста: „Пан — Пастыр мой… Калі нават пайду далінай смяротнага ценю, не буду баяцца зла, бо Ты са мною“ (Пс 23 [22], 1.4). Такім чынам, Божы Провід азначае, што Бог спадарожнічае чалавеку на яго шляху» (Ян Павел ІІ. «Катэхезы. Бог Айцец», 59.6).

Плён цярпення

Вера хрысціяніна звернутая да жыцця. Яе мэта — жыццё, і таму яна прымае жыццё на ўсіх яго ўзроўнях як дар Бога. Прымае жыццё нават там, дзе яго азмрочваюць боль і цярпенне, бо і тады яно адкрывае перад чалавекам новыя магчымасці быцця. Якія магчымасці? Пералічым хаця б некаторыя.

 

Своеасаблівае «memento»

Часта чалавек, які штодня падвяргаецца націску цывілізацыйнай гонкі і клопату пра зямныя даброты, не мае часу на роздум аб прыярытэтах чалавечага жыцця. Толькі якое-небудзь няшчасце ў пэўнай ступені змушае яго затрымацца, запаволіць тэмпы і адначасова мабілізуе яго да пошукаў адказу на базавыя экзістэнцыйныя пытанні пра мэту і сэнс такога жыцця. Цярпенне паказвае, якое крохкае ўсё тое, на што мы дагэтуль ускладалі надзею: жыццё, здароўе, любоў іншага чалавека, матэрыяльныя даброты і г.д. Страта прамінальных рэчаў можа адкрыць чалавека на пошукі больш глыбокага сэнсу жыцця, больш моцных асноваў чалавечага шчасця і поспеху, і ў выніку можа скіраваць да самой Крыніцы моцы і жыцця — да Бога.

 

Пакаянне ў грахах

Усе мы з’яўляемся грэшнікамі і маем патрэбу ў Божай міласэрнасці. Дзякуючы Хрысту ў нас ёсць магчымасць паяднацца з Айцом праз ласку сакрамэнту пакаяння. Аднак самога вызнання грахоў і разграшэння не дастаткова, каб мы маглі ў паўнаце атрымаць духоўнае здароўе. Разграшэнне змывае грэх, але яно не знішчае разладу, выкліканага грахом. Наступствы граху пранікаюць часам у самую глыбіню нашых адносінаў з Богам і з людзьмі, балесна калечачы іх. Таму неабходна зрабіць усё магчымае, каб выправіць іх. Адною з формаў кампенсацыі з’яўляецца дабравольнае прыняцце цярпенняў, галоўным чынам — цярплівая згода на крыж, які мы мусім несці кожны дзень (пар. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, 2, арт. 4). Цярпенне мае вялізнае значэнне ў ачышчэнні чалавечага сэрца, а таксама ў цэласным духоўным развіцці чалавека. Жыццё пакаленняў на працягу многіх стагоддзяў паказала, што ў цярпенні тоіцца асаблівая моц, якая ўнутрана набліжае чалавека да Хрыста, нейкая асаблівая ласка. Таму Касцёл увесь час падкрэслівае яго збаўчую ролю ў няспынным працэсе навяртання і змагання са злом.

 

Дар для іншых

Гэтак жа, як Хрыстус цярпеў за нас, адкрываючы нам брамы Божага Валадарства, так і мы, наследуючы Яго любоў, можам зрабіць свае цярпенні дарам для людзей, якіх любім. Такім чынам, у еднасці з Хрыстом мы можам праз свой разнастайны досвед болю, крыўды, несправядлівасці, самотнасці або нястачы збаўляць свет, увасабляючы ў рэальнасць заклік, які змешчаны на старонках Новага Запавету: «Насіце цяжары адзін аднаго і так выканаеце закон Хрыстовы» (Гал 6, 2). Церпячы, мы можам прынесці кампенсацыю за грахі людзей, якія жывуць на зямлі, можам таксама гэткім чынам ахвяраваць цярпенні за наступствы грахоў, учыненых людзьмі, якія ўжо памерлі і церпяць у чыстцы.

Пераклала з польскай мовы Ганна Шаўчэнка.
Працяг будзе.