А. Чайкоўская WDC, І. Златкоўская WDC.

Час расстання. Хрысціянскае перажыванне жалобы.

Цярпенне

Няўжо нам сапраўды па­трэбна цярпенне для таго, каб штосьці ведаць пра жыццё? «Што ведае чалавек, які ніколі не пакутаваў?» — пытаў благаслаўлёны Генрык Сузо. Хіба нельга інакш спасцігаць мудрасць? Хіба нельга абмінуць гэтую прыкрую сцежку чалавечай штодзённасці?

Цярпенне — гэта галоўны чалавечы досвед, можна нават сказаць, што гэта верны спадарожнік на нашых шляхах, бо раней ці пазней з ім сутыкаецца кожны, і ўцячы ад яго немагчыма… Калі гэтак выглядае праўда аб чалавечым лёсе, то варта задумацца пра тое, ці можна неяк «прыручыць» гэтую горкую з’яву…

Вядома, што цярпенне датычыць самых розных сфераў нашага жыцця… І адно цярпенне адрозніваецца ад іншага цярпення. Усё, што прыносіць чалавеку балючыя перажыванні, само па сабе з’яўляецца злом, і не дзіўна, што мы не жадаем яго ў сваім жыцці і абараняемся ад яго. Аднак, калі прыходзіць цярпенне, адзіны шанец «прыручыць» і прыняць яго так, каб яно не шкодзіла нам, як вораг, а дапамагала, як сябар, — гэта вера. Менавіта вера акунае цярпенне ў крыжовую муку Хрыста і перамяняе яго з бессэнсоўнай пакуты ў досвед ласкі… Менавіта вера дазваляе як бы перахітрыць цярпенне і з любоўю да Бога і да людзей учыніць яго дарам…

Вера не пазбаўляе нас болю, але перамяняе яго такім чынам, каб ён сапраўды стаў нашаю мудрасцю, пачэрпнутай з крыжовай мукі Хрыста… Вера адорвае нас дальнабачнасцю, здольнай заўважыць штосьці большае, чым толькі ўласную бяду, і скіроўвае да Крыніцы сілы — да Езуса, які заахвочвае верыць у Яго: «Будзьце адважнымі, гэта Я; не бойцеся!» (Мц 14, 27).

Цярпенне — гэта наша рэакцыя на фізічнае або маральнае зло, таму можна вылучыць цярпенне фізічнае і цярпенне маральнае. Містыкі гавораць таксама пра цярпенне духоўнае. Цярпенне — гэта штосьці большае і шырэйшае, чым хвароба ці боль. Яно пэўным чынам уплеценае ў нашае жыццё і суіснуе разам з намі ў свеце. Цярпенне мае розныя праявы: гэта можа быць бяда, голад, хвароба, здрада, смутак, адсутнасць сэнсу жыцця, духоўная чэрствасць, жыццёвыя цяжкасці і г. д.

Таму ніводзін чалавек не па­збегне цярпення. Ніхто з нас не можа проста сказаць сабе: «Я не буду цярпець», бо імкненне пазбегнуць цярпення пярэчыць самой сутнасці люд­скога існавання. Гэта не значыць, што мы павінны шукаць цярпення, аднак мы мусім прызнаць праўду пра сваё чалавечае станові­шча, бо часткаю быцця заўсёды з’яўляецца цярпенне.

Цярпенне ў святле Божага слова

Калі Бог з’яўляецца Стварыцелем усяго, то няўжо і цярпенне таксама створана Ім? Многія людзі адказваюць на гэтае пытанне сцвярджальна і з горыччу, часам — з абурэннем у сэрцы, і адварочваюцца ад «такога» Бога. Можа, калі б яны перад гэтым зазірнулі ў Біблію і ў яе святле паглядзелі на драму цярпення, то мелі б шанец больш аб’ектыўна ўспрыняць гэтую балесную рэчаіснасць і яе сувязь з Панам Богам і з чалавекам.

У Старым Запавеце на першы план выступае падзея, якая адбылася ў раі (Быц 3, 16–19). На яе прыкладзе можна зрабіць выснову, што ля вытокаў людскога цярпення стаіць сатана. У той жа час прычынаю, па якой цярпенне прыйшло ў свет, з’яўляецца грэх Адама. Наступствы граху — цяжкая праца, недамаганні і хваробы, боль і смерць.

Аднак, з другога боку, пры ўважлівым чытанні Святога Пісання мы сустрэнем такія фрагменты, у якіх гаворыцца, што без ведама Бога не з’явіцца ніводнае цярпенне на зямлі (Ам 3, 6), і калі чалавек прымае з рукі Бога дабро, то чаму ж не хоча прыняць зла? (пар. Ёв 2, 10)*.

У Старым Запавеце цярпенне шмат разоў паказваецца як пакаранне за грахі канкрэтных людзей або цэлых народаў. Таму тут няма месца выпадковаму цярпенню: яно або заслужанае, або з’яўляецца допускам Божым. Чалавек Бібліі не пагаджаецца на цярпенне, але прызнае сваё бяссілле перад яго існаваннем і просіць Бога аб вызваленні ад яго. Гісторыя выбранага народу паказвае, што Бог быў літасцівы да людзей, прабачаў ім правіны, дапамагаў узняцца з нядолі (пар. Пс 22; 86; 106). У цярпенні чалавек або становіцца на бок Пана, або выступае супраць Яго, таму многія сябры Божыя спазналі цярпенне як своеасаблівае выпрабаванне на вернасць (Абрагам, Ёў, Тобій).

У старазапаветным разуменні цярпенне таксама дапамагала чалавеку прызнаць уласную грэшнасць, слабасць і віну. Больш за тое, яно служыла для ачышчэння сэрца і ўзвышэння чалавека, вяло да навяртання, выхоўвала, настаўляла. У той жа час у Кнізе Ёва вельмі выразна паўстала пытанне незаслужанага цярпення. Гэта значыць, што яно не заўсёды з’яўляецца наступствам граху. Часам цярпенне можа быць сродкам, які вядзе да больш блізкай сустрэчы з Богам, калі яно прымаецца з пакораю і падпарадкаваннем Божай волі.

На старонках Старога Запавету ўвасоблена таксама ідэя заступніцкага цярпення. Яно датычыць асобных лю­дзей, якія выконвалі асаблівую місію і таму прынялі на сябе цярпенне, каб заступіцца за няверны народ (Майсей, Ілля, Слуга Ягвэ).

У Новым Запавеце, дзе аповед засяроджаны на асобе Езуса Хрыста, мы заўважаем, што жыццё Збавіцеля было перапоўнена цярпеннем з моманту нараджэння і ажно да ўкрыжавання. Аднак тут з’яўляецца цалкам новае вымярэнне гэтых пакутаў. Езус прыняў на сябе цярпенне з любові да Айца і да людзей. З таго часу цярпенне было заўсёды звязана з любоўю! Езус цярпеў свядома, дабравольна і бязвінна для таго, каб аб’явілася слава Божая, каб здзейснілася адкупленне чалавека, яго вызваленне ад пракляцця смерці. Усё гэта споўнілася менавіта праз цярпенне. Цярпенне Езуса мае заступніцкі характар, але перш за ўсё — адкупленчы. Як «Баранак Божы, які бярэ на сябе грэх свету» (Ян 1, 29), праз цярпенне Езус здзейсніў адкупленне ўсяго свету. Разам з мукаю Хрыста і само цярпенне было адкупленае. Таму св. Павел радуецца ў цярпеннях, бо бачыць іх глыбокі сэнс (Клс 1, 24).

Божы Сын атрымаў перамогу над цярпеннем і яго галоўным віноўнікам — сатаною. Аднак яно не было знішчана ў чалавечым жыцці. Цярпела Маці Божая і апосталы. Больш за тое, да цярпення пакліканыя ўсе хрысціяне! Езус кажа: «Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе, возьме крыж свой і ідзе за Мною» (Мк 8, 34). У той жа час св. Пётр піша ў сваім апостальскім пасланні: «…Калі чыніце дабро і церпіце, то маеце ласку ў Бога. Вы для таго пакліканы; бо і Хрыстус цярпеў за вас, пакідаючы вам прыклад, каб вы ішлі следам за Ім. Ён не ўчыніў граху, і не было падману ў вуснах Ягоных. Ён, калі Яму зласловілі, не зласловіў у адказ, калі цярпеў, не пагражаў, але давяраў сябе таму, хто судзіць справядліва. Ён сам, у сваім целе ўзнёс грахі нашыя на дрэва, каб мы, пазбыўшыся грахоў, жылі дзеля справядлівасці. Ранамі Яго вы аздароўленыя» (1 П 2, 20б–24).

Пераклала з польскай мовы Ганна Шаўчэнка.
Працяг тут.

* Зло не паходзіць ад Бога. Часам Ён дапускае зло ў жыцці чалавека, каб умацаваць яго ў веры або дапамагчы ўсвядоміць, што чалавек слабы, грэшны і, значыць, здольны да зла, таму яму неабходна навяртанне (прызнанне ўласнай грэшнасці, адрачэнне ад зла і пастанова выправіцца).