Св. Ян Марыя Віянэй

Думка пра апошнюю хвіліну чалавека набліжае нас да Бога

Праўда пра чатыры апошнія рэчы мае магутны і збавенны ўплыў на чалавечыя сэрцы, бо Дух Святы запэўнівае нас, што ніколі не са­грашыць той, хто сур’ёзна над імі задумваецца. І сапраўды, хіба можа прывязацца да зямных дабротаў той, хто памятае, што ў хуткім часе яго не будзе на свеце, што пачынаючы ад Адама і да гэтага часу ніхто нічога не ўзяў з сабою ў магілу і што так будзе да сканчэння вякоў? Хто будзе залішне аддавацца стварэнням, памятаючы, што ён жыве на свеце для таго, каб заслужыць неба? Хіба будзе ганяцца за шалёнымі ўцехамі свету той, хто ведае, што жыццё хрысціяніна павінна праходзіць у пакаянні і слязах? Ці не будзе заўсёды напагатове той, хто глыбока перакананы, што ў кожную хвіліну ён можа памерці?

Чаму тыя праўды, дзякуючы якім навярнуліся грэшнікі, робяць на нас такое слабое ўражанне? Таму, што мы не думаем пра іх сур’ёзна, нашыя сэрцы цягнуцца да пачуццёвых рэчаў, якія часова задавольваюць іх жаданні, бо наш розум, заняты зямнымі справамі, забываецца пра гэтыя вялікія праўды, якія заўжды павінны нас цікавіць.

Ах, браты, давайце ніколі не забываць, што нашае жыццё — толькі сон, што смерць недалёка, што яна ў хуткім часе можа нас напаткаць, што пасля яе нас чакае суровы суд, які стане вырашальным для нашай вечнасці. Езус Хрыстус горача прагне нашага збаўлення, і таму мы бачым Яго ці як беднае Дзіцятка ў ясельках на сенцы, якое Ён акрапляе сваімі слязьмі, ці як звязанага, бічаванага, укаранавага цернем, падаючага пад цяжарам крыжа, і ўрэшце, паміраючага ў страшных муках з любові да нас. А паколькі нават гэта нас не ўзрушвае і не скіроўвае на лепшы шлях, Ён абвяшчае, што калісьці прыйдзе ў бляску і велічы Айца, будзе бязлітасна судзіць усіх і адкрые перад усім светам тое зло, якое мы ўчынілі ў сваім жыцці. Калі б мы глыбока спасцігнулі гэтыя праўды, то маглі б стаць святымі.

Пераклала з польскай мовы Ганна Шаўчэнка.
Паводле: Św. Jan Maria Vianney, Kazania, Wydawnictwo Diecezjalne, Sandomierz, 2010, s. 27–28.