Кінга Гэлена Шчурэк WDC.

Каталіцкае вучэнне пра чысцец і формы дапамогі памерлым.

 

І. На сустрэчу з Панам

1. Наступленне смерці

Бясспрэчным з’яўляецца той факт, што, пражыўшы доўгае ці кароткае жыццё, чалавек заканчвае сваё зямное падарожжа, падпарадкоўваючыся закону смерці.

У залежнасці ад таго, які з аспектаў бярэцца пад увагу, смерць стала прадметам розных галінаў ведаў, у тым ліку і тэалогіі. З пункту гледжання гэтай дысцыпліны смерць можна разглядаць дваяка: трактаваць яе як з’яву, што адносіцца да натуральнага парадку рэчаў, а таксама ўлічваць яе вузка рэлігійны характар. У першым вымярэнні смерць тлумачыцца як канчатковае спыненне жыцця чалавека ў часе і прасторы, або канец яго зямнога жыцця. З медыцынскага пункту гледжання гэты канец раўназначны біялагічнай смерці, якая наступае ў момант смерці мозга.

Смерць у святле Божага Аб’яўлення

Тэалогія ідзе далей. Яна паказвае праўду пра смерць, абапіраючыся на Божае Аб’яўленне. У кнізе Мудрасці Саламона адназначна сцвярджаецца, што «Бог не стварыў смерці, Ён не цешыцца са згубы жывога» (Мдр 1, 13), і крыху далей: «Бог стварыў чалавека для несмяротнасці, учыніў яго вобразам сваёй вечнасці. Але праз зайздрасць д’ябла ў свет увайшла смерць, і зазнаюць яе тыя, хто мае з ім удзел» (Мдр 2, 23–24). Паўстае прынцыповае пытанне: пра якую смерць ідзе гаворка? Ці стаў першародны грэх прычынаю толькі духоўна-маральнай смерці, ці таксама фізічнай? Наступныя словы з Кнігі Быцця падказваюць, што і фізічная смерць з’яўляецца наступствам непаслушэнства чалавека ў адносінах да Бога, якое было ўчынена з-за нагаворвання сатаны: «З дрэва спазнання дабра і зла, не еш з яго; бо ў дзень, калі ты пакаштуеш з яго, смерцю памрэш» (пар. Быц 2, 17). Такое разуменне падаецца і ў вучэнні Другога Ватыканскага Сабору: «Хрысціянская вера вучыць, што цялесная смерць, ад якой чалавек быў бы свабодны, калі б не зграшыў, будзе пераможана, калі ўсемагутны і міласэрны Збаўца верне чалавеку збаўленне, страчанае з яго віны» (GS 18). Гэтага ж кірунку прытрымліваецца і вучэнне Катэхізіса Каталіцкага Касцёла: «Смерць з’яўляецца наступствам граху. Аўтэнтычна інтэрпрэтуючы выказванні Святога Пісання і Традыцыі, Настаўніцкі Інстытут Касцёла вучыць, што смерць увайшла ў свет з-за граху чалавека. Хоць чалавек і валодаў смяротнаю прыродаю, Бог прадвызначыў яму не паміраць. Такім чынам, смерць супярэчыла задуме Бога Стварыцеля і ўвайшла ў свет як наступства граху. Таму „цялесная смерць, ад якой чалавек быў бы свабодны, калі б не зграшыў“, з’яўляецца „апошнім ворагам“ чалавека, які павінен быць пераможаны» (пар. ККК 1008).

Тэалагічная інтэрпрэтацыя вышэйпрыведзеных біблійных тэкстаў, а таксама іншых выказванняў, асабліва з Пасланняў святога апостала Паўла (1 Кар 15, 21; Рым 6, 10.23; 7, 5 – 13, 24), увогуле адназначная. Пан Бог, які з’яўляецца Богам жыцця, не стварыў ні фізічнай, ні духоўнай смерці. Створца адарыў першых людзей падвойнаю несмяротнасцю: духоўнаю і фізічнаю; духоўная несмяротнасць належала душы, а несмяротнасць цела была «звышнатуральным дарам» і, значыць, не належала чалавечай прыродзе. Святое Пісанне не дае адказу на пытанне, ці быў бы чалавек свабодным ад смерці ў тым выпадку, калі б не ўчыніў гэтага граху, і, напрыклад, ці жылі б першыя бацькі вечна на зямлі. Можа, яны пераходзілі б у вечнасць з душою і целам? Наступствам першароднага граху стала падвойная смерць: духоўная і фізічная, або цялесная. Прытым трэба памятаць, што духоўная смерць азначае не страту бессмяротнасці душы, а страту яе камуніі з Богам і стварэннем. Трагізм гэтай смерці ў тым, што грэх абарваў усе асабістыя сувязі чалавека з Богам і пазбавіў яго ласкі. Ксёндз Чэслаў Бартнік піша: «У хрысціянскім аб’яўленні грэх і смерць тлумачацца галоўным чынам у духоўным сэнсе, гэта значыць, грэх з’яўляецца істотным духоўным злом для чалавека, а сапраўдная смерць — гэта смерць духоўная: страта ўдзелу ў Божым жыцці, разрыў камуніі з Богам, знішчэнне свабоды Божага дзіцяці і ўвогуле разбурэнне асобы. Менавіта такою смерцю ў першую чаргу займаецца Святое Пісанне».

Тым часам фізічная смерць, або біялагічная, з’яўляецца вобразам смерці духоўнай. У сучасных тэалагічных даследаваннях сцвярджаецца, што слова «смерць» у рэлігійнай мове мае асаблівае значэнне. У значэнні фізічнай смерці гэта супрацьлегласць чалавечага імкнення да жыцця, да несмяротнасці. У значэнні граху яно выражае патрэбу збаўлення чалавека, або вечнага жыцця ў Богу. Гэтае збаўленне здзейснілася ў Езусе Хрысце. Бог адкупіў чалавека праз свайго Сына і Яго збаўчую ахвяру. Смерць чалавека, якая стала прычынаю непаслушэнства ў адносінах да Створцы, была пераможаная праз акт поўнай паслухмянасці Божага Сына. Гэта здзейснілася праз уцелаўленне, муку, смерць і ўваскрасенне Хрыста. Справа адкуплення з’яўляецца перамогаю над грахом, смерцю, сатаною, а таксама вызваленнем ад зла і магчымасцю вяртання чалавека да еднасці з Богам. Пракляцце смерці было ператворана ў благаслаўленне. Для тых, хто памірае ў Хрысце, смерць — гэта акунанне ў Яго смерць, удзел у ёй, гэта знак збаўлення і брама вечнага жыцця. Менавіта перад абліччам смерці Лазара Хрыстус прамовіў словы, поўныя надзеі: «Я — уваскрасенне і жыццё. Хто верыць у Мяне, калі нават і памрэ, будзе жыць» (Ян 11, 25).

Канец зямнога пілігрымавання

Смерць — падзея аднаразовая і непаўторная. У момант смерці чалавек заканчвае сваё зямное пілігрымаванне і, як мы верым, пераходзіць у вечнае прабыванне, таму што жыццё, якое аднойчы ўзнікла, ужо ніколі не будзе знішчана. Смерць уяўляе сабою рысу падзелу паміж часовасцю і вечнасцю, паміж магчымасцю рабіць выбар і замацаваннем яго назаўсёды. «Смерць — гэта канец зямнога пілігрымавання чалавека, часу ласкі і міласэрнасці, падараванага Богам, каб рэалізаваць зямное жыццё згодна з Божаю задумаю і вызначыць свой канчатковы лёс» (пар. ККК 1013).

Як мяркуюць некаторыя тэолагі, гэтае апошняе рашэнне чалавек прымае менавіта ў момант смерці. Іншыя лічаць, што смерць не можа быць момантам выбару, таму што менавіта гэты выбар яна замацоўвае. Аднак з поўнай упэўненасцю можна сказаць, што такой магчымасцю яшчэ з’яўляецца агонія. Пакуль чалавек жыве, нават калі ён непрытомны і атачэнне ўжо не можа ўсталяваць з ім кантакту, можа вырашацца яго лёс у вечнасці. Бог са сваёю ласкаю чакае чалавека да канца, да яго апошняга ўздыху. Чакае і прагне выратаваць кожную згубленую авечку, за якую Ён аддаў жыццё, а цяпер хоча падарыць ёй сваю бязмежную міласэрнасць. Езус Міласэрны даручаў святой Фаустыне Кавальскай місію маліцца за канаючых, якіх яна не ведала, каб быць побач з імі ў агоніі і выпрошваць ласку даверу да Божай Міласэрнасці. Час агоніі можа быць для чалавека часам вялікага і апошняга выпрабавання. Самае каштоўнае, што мы можам ахвяраваць канаючым, — гэта малітва. Святая Тэрэза ад Дзяцятка Езус калісьці сказала: «О, як шмат трэба маліцца за канаючых! Каб жа мы пра гэта памяталі!» Сам момант смерці цяжка заўважыць. Звычайна мы кажам: «яшчэ» жыве і «ўжо» памёр.

З пункту гледжання веры смерць чалавека, асабліва веруючага, можна назваць пасхаю, або пасхальнаю падзеяй, таму што пасля смерці распачынаецца сустрэча з уваскрослым Хрыстом. Верагодна, досвед менавіта такога вымярэння смерці меў слуга Божы Ян Павел ІІ. Ён менавіта так яе разумеў, калі пісаў у сваім «Тэстамэнце», што смерць з’яўляецца «хвілінаю ростані з гэтым светам, каб нарадзіцца для іншага, для будучага свету, вырашальным, яскравым знакам якога ёсць для нас Змёртвыхпаўстанне Хрыста».

Кінга Гэлена Шчурэк WDC
Каталіцкае вучэнне пра чысцец і формы дапамогі памерлым
(урывак з кнігі “Шлях да вечнасці”)