Я з’яўляюся ўдзельнікам руху АДДЧ ужо некалькі гадоў. Ці з’яўляецца грахом тое, што я час ад часу забываюся пра «Акт штодзённага ахвяравання за памерлых» з-за мноства побытавых справаў?

Калі мы даем абяцанне, асабліва Богу, то стараемся яго выконваць. Гэтыя абяцанні звязаныя актам любові да Бога і да бліжняга, які знаходзіцца ў вялікай патрэбе, — душы ў чыстцы. Удзельнікі Апостальства дапамогі душам чыстцовым могуць маліцца любою малітваю за памерлых, найбольш практычная — «Акт штодзённага ахвяравання». Таму трэба спавядацца з таго, што мы занядбоўваем малітву.

 Як Каталіцкі Касцёл ставіцца да крэмацыі целаў памерлых?

У Катэхізісе Каталіцкага Касцёла сказана, што «крэмацыя дазваляецца, калі яна не ставіць пад сумненне веру ва ўваскрашэнне цела» («Кампендый ККК», 479).  У Кодэксе Кананічнага Права (кан. 1176, п.3) таксама ўказваецца: «Касцёл настойліва раіць захоўваць пабожны звычай пахавання целаў памерлых. Аднак не забараняе крэмацыі, калі яна не была выбраная з прычынаў, якія супярэчаць хрысціянскаму вучэнню».

 Якія кнігі вы параілі б пачытаць на тэму перажывання жалобы і ўшанавання памерлых?

На тэму перажывання жалобы і ўшанавання памерлых рэкамендую прачытаць Кнігу Тобія са Старога Запавету. У псальмах, Евангеллі і іншых кнігах Святога Пісання таксама час ад часу закранаецца гэтая тэма.

Звярніце таксама ўвагу на асобныя пункты Катэхізіса Каталіцкага Касцёла, а менавіта на пп. 1525,  1681–1690, 2299–2300, у якіх ідзе гутарка пра падрыхтоўку чалавечай душы да сустрэчы са Стварыцелем, пра сувязь паміж сакрамэнтамі і смерцю хрысціяніна, пра галоўныя моманты абраду пахавання, а таксама пра належнае абыходжанне з целамі памерлых.

Акрамя таго, раю звярнуць увагу на ўводзіны да кнігі «Парадак пахавання» і артыкул кс. Андрэя Рылкі «Калі маліцца за памерлых», змешчаны на сайце каталіцкага часопіса «Ave Maria».

Запрашаю таксама да азнаямлення з матэрыяламі, змешчанымі на нашым сайце Апостальства дапамогі душам чыстцовым.

 Мне час ад часу сняцца памерлыя родныя. Ці варта звяртаць увагу на такія сны? Даводзілася чуць, што такім чынам душы памерлых могуць прасіць аб малітве за іх.

Давяраць снам і можна, і нельга. Калі б святы Юзаф, абраннік Панны Марыі, не паверыў снам, то невядома, які працяг мела б гісторыя нашага збаўлення. Згадаю таксама сон Якуба, пра які распавядаецца ў Кнізе Быцця (Быц 27, 41–46;  28,1–22). Увогуле, у Святым Пісанні на гэтую тэму ёсць нямала апавяданняў.

Часам вернікі распавядаюць пра тое, што памерлыя, з’яўляючыся ім у сне, просяць ежы. У такім выпадку найлепш было б папрасіць святара цэлебраваць святую Імшу ў інтэнцыі памерлага, ды і самому паспавядацца і прыняць святую Камунію за душу памерлага. Урэшце, кожная малітва за памерлых (сняцца яны вам ці не) будзе карыснаю і добраю.