• Памятаць пра сваё пакліканне да святасці.

    У Дакументах Другога Ватыканскага Сабору згадваецца пра тое, што «ўсе хрысціяне любога стану і прафесіі пакліканы да паўнаты хрысціянскага жыцця і дасканалай любові» (LG 40), г. зн. да святасці. Падчас сакрамэнту святога хросту мы былі «прышчэпленыя» да Хрыста, атрымалі годнасць дзяцей Божых і задатак святасці як дар і заданне. Сваё пакліканне да святасці мы павінны рэалізоўваць ва ўсім сваім жыцці, згодна са словамі святога Паўла: «…Воля Божая — гэта асвячэнне вашае» (1 Тэс 4, 3). Таму імкненне да святасці не з’яўляецца чымсьці надзвычайным — гэта нармальны шлях для ўсіх вызнаўцаў Хрыста.

    Даўцам святасці з’яўляецца сам Бог, які сваёй ласкаю няспынна падтрымлівае нас, каб мы былі здольныя выконваць Яго святую волю. Мы ж са свайго боку павінны ўвесь час прыкладаць намаганні да таго, каб адказваць на гэты Божы дар. Адна з асноўных умоваў узрастання на шляху да святасці — знаходжанне ў стане асвячальнай ласкі, дзякуючы якой мы яднаемся з Хрыстом, а таксама заўсёдны клопат пра развіццё нашага ўнутранага жыцця.

    Памятаючы пра гэта, сябры АДДЧ павінны карыстацца дапамогаю, якую ахвяруе Касцёл:

    • рэгулярна прыступаць да святых сакрамэнтаў, асабліва да сакрамэнту пакаяння і паяднання, у якім мы спазнаём прабачальную любоў міласэрнага Езуса, а таксама да сакрамэнту Эўхарыстыі, які з’яўляецца крыніцаю асвячэння;
    • чытаць Святое Пісанне і разважаць над ім, каб такім чынам жывіцца Божым словам;
    • весці малітоўнае жыццё;
    • праяўляць дзейную любоў да бліжняга;
    • карыстацца іншымі даступнымі сродкамі, якія дапамагаюць трываць у ласцы Божай і развіваць духоўнае жыццё.
  • Дапамагаць душам памерлых, якія знаходзяцца ў чыстцы.

    Адна з праўдаў нашай веры гаворыць пра тое, што ўсе вернікі-хрысціяне — тыя, якія яшчэ пілігрымуюць на зямлі; тыя, якія памерлі і ачышчаюцца ад наступстваў грахоў; а таксама тыя, якія ўжо радуюцца нябеснаму шчасцю, — утвараюць супольнасць у Хрысце і яднаюцца ў адзін Касцёл. Другі Ватыканскі Сабор яшчэ раз нагадаў пра тое, што «еднасць пілігрымуючых з тымі братамі, якія спачылі ў спакоі Хрыста, не перарываецца цалкам. Наадварот, паводле трывалай веры Касцёла яна ўмацоўваецца дзякуючы ўзаемаабмену духоўнымі дабротамі» (LG 49). Пілігрымуючы Касцёл з самага пачатку шанаваў памяць памерлых і навучаў, што «святая і збавенная думка — маліцца за памерлых, каб яны былі вызваленыя ад грахоў» (пар. 2 Мак 12, 45).

    Першы крок да аказання дапамогі памерлым — гэта прабачэнне ім усялякага ўчыненага зла. Сябры АДДЧ па меры сваіх магчымасцяў стараюцца, калі ўзнікне такая патрэба, заахвоціць іншых да прабачэння памерламу ўсіх крыўдаў. Акрамя таго, яны павінны:

    • штодзённа чытаць адвольную малітву за памерлых;
    • ахвяраваць у інтэнцыі памерлых штодзённую працу, напатканыя цяжкасці і цярпенні;
    • па меры магчымасці замаўляць святыя Імшы за памерлых або прынамсі ахвяраваць за іх свой удзел у Эўхарыстыі;
    • ахвяраваць у інтэнцыі душаў, якія церпяць у чыстцы, свае добрыя ўчынкі, міласціну, адпусты, пакаянне.

    Вырашальным фактарам у тым, калі і як дапамагаць душам чыстцовым, заўсёды з’яўляецца любоў. Менавіта яна пабуджае перамяняць ва ўчынкі міласэрнасці ўсё, з чаго складаецца звыклая штодзённасць нашага жыцця.

  • Чытаць «Акт штодзённага ахвяравання за памерлых».

    Многія з сяброў АДДЧ належаць да іншых касцёльных супольнасцяў, рухаў, малітоўных групаў, у якіх яны абавязаны чытаць канкрэтныя малітвы. У выпадку АДДЧ важна не колькасць прачытаных малітваў, а ўнутраная пастава чалавека, узбуджэнне ў сабе адпаведнай інтэнцыі. Гэта выражана ў «Акце штодзённага ахвяравання», змешчаным на пасведчанні, якое атрымлівае кожны ўдзельнік АДДЧ. Праз штодзённае прамаўленне гэтага «Акту» мы яднаемся таксама з іншымі сябрамі руху.

    Тэкст акту наступны:

    «Пане Езу, Адкупіцель свету», яднаючыся з Тваёю Крыжовай Ахвярай, ахвярую Табе праз рукі Беззаганнай Маці свае малітвы і працу, радасці, цяжкасці і цярпенні ў інтэнцыі канаючых і памерлых, якія церпяць у чыстцы, і прашу Цябе, май ласку прыспешыць іх уваход да нябеснай хвалы, дзе Ты разам з Айцом і Духам Святым жывеш і валадарыш на векі вечныя. Амэн».

    Апякункаю АДДЧ з’яўляецца Маці Божая Пасрэдніца Ласкаў. Праз Яе рукі мы ахвяруем Пану Езусу ўсё, спадзеючыся, што тая ахвяра, якую Маці Божая перадасць свайму Сыну, будзе прынятая Ім, у тым ліку і нашая малітва за душы чыстцовыя.

    Маліцца трэба таксама за канаючых, таму што лёс чалавека ў вечнасці вырашаецца ў момант смерці. Душы паміраючага ў гэты вырашальны момант дабіваецца і шатан, жадаючы пазбавіць яго веру ў Божую міласэрнасць або прынамсі аслабіць гэтую веру. Кожны дзень паміраюць тысячы людзей, якія не думалі пра тое, што гэта будзе апошні дзень іх жыцця на зямлі. Смерць прыходзіць да іх неспадзявана, таму яны не падрыхтаваныя належным чынам да сустрэчы з Панам Богам. Ім патрэбна наша малітоўнае заступніцтва, каб па прыкладзе таго злачынцы, які быў распяты побач з Езусам і пакаяўся ў апошнія хвіліны свайго жыцця, яны прызналі падчас смерці свой грэх, пакаяліся і аддаліся ў рукі міласэрнага Бога. Пра ватрасць малітоўнага заступніцтва за канаючых сведчыла святая сястра Фаўстына Кавальская (гл. «Дзённік», 810, 1025, 1036, 1536, 1565, 1639, 1797, 1798). Яна напісала: «О, як жа мы павінны маліцца за канаючых!»

  • Клапаціцца пра развіццё руху.

    Сябры АДДЧ, якія адкрылі для сябе вартасць і хараство апостальства на карысць душаў чыстцовых, павінны не толькі самі дапамагаць памерлым, якія церпяць у чыстцы, але таксама заахвочваць да гэтага іншых. Можна сказаць, што менавіта дзякуючы руплівасці такіх людзей АДДЧ развіваецца, узнікаюць новыя парафіяльныя групы, якія моляцца ў інтэнцыі душаў чыстцовых.