«Надаць цярпенням ачышчальную моц»:

у Мінску адбылася дыяцэзіяльная сустрэча АДДЧ

8 ліпеня ў касцёле святых Сымона і Алены ў Мінску адбылася дыяцэзіяльная сустрэча ўдзельнікаў Апостальства дапамогі душам чыстцовым. Распачалася яна святою Імшою, якую канцэлебравалі айцец кармэліт Сяргей Трысцень, пробашч парафіі Божага Цела ў Мінску, ксёндз Андрэй Сіповіч, пробашч парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Мінску, і ксёндз канонік Уладзіслаў Завальнюк — пробашч Чырвонага касцёла, які акурат у гэты дзень святкаваў гадавіну свайго нараджэння і якога члены Апостальства мелі магчымасць сардэчна павіншаваць ад імя ўсёй супольнасці.

На дыяцэзіяльную сустрэчу прыбыла Анна Чайкоўская WDC з Кангрэгацыі cясцёр памочніцаў душам чыстцовым, да духоўнай сям’і якой і належыць свецкі рух АДДЧ. Гэты дзень сапраўды паказаў, што ўдзельнікі Апостальства — нібы члены вялікай сям’і, бо ў Чырвоным касцёле сабраліся на малітву і духоўныя разважанні шматлікія прадстаўнікі руху як з мінскіх парафій, так і з розных іншых куткоў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі: Капыля, Смалявічаў, Негарэлага, Бараўлянаў. На сустрэчу прыбылі таксама прадстаўнікі Апостальства з Паставаў Віцебскай дыяцэзіі.

Такія сустрэчы заўсёды спрыяюць духоўнаму абнаўленню іх удзельнікаў, што вельмі неабходна душам, якія жадаюць ахвяравацца за тых, хто церпіць у чыстцы. Як нагадаў а. Сяргей Трысцень падчас гаміліі, у старыя мяхі не наліваюць новае віно, і для таго, каб па-сапраўднаму наблізіцца да Бога, прыняць Божую праўду і атрымаць вечнае шчасце ў небе, неабходна самому абнавіцца і ачысціць сваю душу.

Пасля святой Імшы ў тэатральнай зале Чырвонага касцёла адбылася катэхеза для ўдзельнікаў руху, якую правяла Анна Чайкоўская. Слухачоў узрушылі яе глыбокія разважанні пра сэнс цярпення ў жыцці чалавека. «Слуга не большы за свайго гаспадара», — гэтыя словы з Евангелля паводле Яна сталі лейтматывам яе аповеду. «Калі Хрыстус цярпеў спакушэнне, спазнаў здраду, быў абсмяяны, апляваны, несправядліва асуджаны і забіты, і калі мы прызнаём Яго за свайго Пана, то мусім прыняць тую праўду, што і на нашым жыццёвым шляху будуць стаяць падобныя выпрабаванні. Цярпенні ў жыцці Хрыста вялі да адкуплення, а цярпенні нашага жыцця павінны спрыяць ачышчэнню», — падкрэсліла выступоўца. Вельмі важна, каб нашыя цярпенні былі не проста цяжарам, а мелі ачышчальную моц. І ў гэтым, як адзначыла Анна Чайкоўская, ключ да разумення чыстца — на зямлі і ў небе.

Яна запрасіла ўдзельнікаў сустрэчы да ўдзелу ў міжнародных рэкалекцыях для членаў Апостальства дапамогі душам чыстцовым, што запланаваныя на чэрвень 2018 года ў Чэнстахове на Яснай Гуры, падзякавала за дзейнасць руху ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, а таксама заахвоціла да чарговай сустрэчы ўдзельнікаў Апостальства, на якой яна распавядзе пра тое, як мы, жывучы на зямлі, можам дапамагчы душам чыстцовым хутчэй увайсці ў брамы раю.

Супольная малітва і шчырая зацікаўленасць тэмаю катэхезы з боку ўдзельнікаў Апостальства паказалі, наколькі глыбокае іх жаданне перажываць жыццёвыя цярпенні з Хрыстом і ахвяраваць іх у інтэнцыі памерлых родных і блізкіх, наколькі гарачы іх клопат пра душы чыстцовыя і імкненне пазнаць праўду Божую.

Ганна Шаўчэнка