10 верасня ў мінскім касцёле святых Сымона і Алены адбылася сустрэча ўдзельнікаў свецкага руху Апостальства дапамогі душам чыстцовым, якое аказвае духоўную падтрымку памерлым, ахвяруючы за іх Богу свае малітвы, працу, радасці і цярпенні. Па традыцыі сустрэча распачалася святою Імшою, якую ўзначаліў кс. Ігар Лашук, душпастыр руху ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. На гэтым набажэнстве сабраліся, нібы адна вялікая дружная сям’я, малітоўныя групы Апостальства з розных парафій разам са сваімі душпастырамі.

Сустрэча працягнулася фармацыйнай катэхезай у дольным касцёле пад кіраўніцтвам сястры Анны Чайкоўскай WDC, якая належыць да Кангрэгацыі сясцёр памочніцаў душам чыстцовым і з’яўляецца адказнаю за Апостальства — свецкае адгалінаванне вялікай духоўнай сям’і Кангрэгацыі. Сястра Анна ў жывых і трапных вобразах распавяла ўдзельнікам сустрэчы пра тое, чаму душам чыстцовым вельмі моцна патрэбная наша дапамога і што з’яўляецца прычынаю глыбокага смутку і цярпення памерлых, якія знаходзяцца ў чыстцы. Прамоўца звярнула асаблівую ўвагу на тое, як мы можам прынесці палёгку гэтым няшчасным душам і як павінны клапаціцца аб ачышчэнні ўласных сэрцаў ужо тут, на зямлі. Частае прыступанне да сакрамэнтаў пакаяння і Эўхарыстыі, ахвяраванне Богу сваіх цярпенняў, прабачэнне, адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і чытанне Божага слова, учынкі міласэрнасці і «гігіена» ўласных пачуццяў, няспыннае шуканне і выкананне волі Айца Нябеснага — усё гэта ачышчае нас і душы памерлых, з якімі мы яднаемся ў малітве, гэта таксама робіць нашыя сэрцы чулымі да дзеяння Духа Святога і гатовымі прыняць шматлікія Божыя ласкі.

Духоўная еднасць, якую ўсе ўдзельнікі Апостальства дапамогі душам чыстцовым яшчэ глыбей спазналі падчас агульнага набажэнства, катэхезы і пачастунку, падчас асабістых размоваў і дзялення перажытым досведам, умацавала Апостальства і дапамагла знайсці адказы на шматлікія пытанні, якія часта хвалююць нас, створаных для вечнага жыцця, але яшчэ вандроўнікаў на зямных шляхах.

Ганна Шаўчэнка.
Фота Віталія Палінеўскага.