Skip to content Skip to left sidebar Skip to right sidebar Skip to footer

Благаслаўлёны Ганарат Казьмінскі

Каля вытокаў Апостальства дапамогі душам чысцовым і пашырэння яго на нашых землях стаіць благаслаўлёны айцец капуцын Ганарат Казьмінскі. Ён нарадзіўся 16 кастрычніка 1829 года. Згодна з тагачасным звычаем бацькі далі яму чатыры імені: Фларэнтын, Вацлаў, Ян, Стэфан. Дома яго называлі другім іменем — Вацлаў. А імя Ганарат благаслаўлёны атрымаў у манастве.

Ён быў выхаваны ў рэлігійным духу, але падчас навучання ў гімназіі ў Плоцку засумняваўся ў веры. У 1845–1848 гг. вучыўся ў школе мастацтваў у Варшаве. У гэты час быў абвінавачаны ў змове супраць царскай улады і арыштаваны. Знаходзячыся ў вязніцы, будучы благаслаўлёны перанёс цяжкае захворванне на тыф і атрымаў глыбокі ўнутраны досвед. Пасля ён пісаў пра гэта наступным чынам: «Езус прыйшоў да мяне ў вязніцкую камеру і далікатна прывёў да веры».

У 1848 г. ён уступіў у Ордэн Братоў Меншых (капуцынаў). Калі царскія ўлады ліквідавалі кляштары, айцец Ганарат разам з іншымі братамі быў вывезены ў кляштар у Закрочым, дзе цярпеў розныя рэпрэсіі. У гэтай надзвычай цяжкай сітуацыі ён цалкам даверыўся Божаму Провіду, і таму казаў братам, якім царскія ўлады прапаноўвалі эміграваць: «Пан Бог хоча, каб мы былі тут, таму тут мы і будзем працаваць».

Айцец Ганарат настойліва шукаў спосабу дапамагчы Касцёлу ў час пераследу, які асабліва ўзмацніўся ў другой палове ХІХ стагоддзя. Ён разумеў, што, нягледзячы на цяжкія акалічнасці, павінен па-ранейшаму прысвячаць сябе працы ў канфесіянале, каб фармаваць людзей духоўна.

Узор для новай формы манаскага жыцця айцец Ганарат знайшоў у таямніцы ўкрыцця Бога перад светам, у скрытым жыцці Езуса і Марыі ў Назарэце. Пенітэнтаў і пенітэнтак, якія адкрывалі ў сабе пакліканне да манаскага жыцця і жадалі выехаць за мяжу, таму што навіцыяты ў краіне былі зачыненыя, айцец Ганарат заахвочваў застацца на радзіме. Ён фармаваў з іх супольнасці, якія абапіраліся на пэўныя сацыяльныя або прафесійныя групы.

Такім чынам айцец Ганарат паклаў пачатак новай форме скрытага манаскага жыцця — без хабіту і знешніх адзнакаў. З 1855 па 1895 гг. ён заснаваў дваццаць шэсць рэлігійных супольнасцяў, з якіх сфармаваліся і шматлікія манаскія кангрэгацыі. Цяпер з іх існуе шаснаццаць: тры — хабітовыя, і трынаццаць — бесхабітовых (сярод іх адна мужчынская супольнасць і дванаццаць жаночых). Напрыканцы ХІХ стагоддзя ў «ганарацкіх супольнасцях» налічвалася каля дзесяці тысяч братоў і сясцёр — маладых людзей, мужчынаў і жанчын, якія жылі ў сваім атачэнні паводле евангельскіх ідэалаў.

Шмат часу ў кляштарным адасабленні айцец Ганарат прысвяціў літаратурнай працы. Яго духоўныя творы, напісаныя ў аскетычным духу, дапамагалі людзям у паглыбленні  рэлігійнага жыцця і штодзённым практыкаванні веры. Страціўшы слых і церпячы фізічныя пакуты, ён правёў апошнія гады ў малітве і кантэмпляцыі. Адышоў у вечнасць 16 снежня 1916 г. у горадзе Новэ Място над Піліцай.