Наталля Нітаслаўская нарадзілася каля 1845 г. у Беларусі непадалёк ад г. Оршы. Яна пераняла ад бацькоў глыбокую любоў да Бога, Касцёла і Айчыны, усебаковую адукацыю атрымала ў Бонскім універсітэце.

З маладых гадоў Наталля хацела прысвяціць сябе служэнню Богу ў манастве. Аднак палітычная сітуацыя ў краіне ў той час выключала ўсялякую магчымасць рэалізацыі манаскага паклікання. Тыя, хто імкнуўся да гэтага, мусілі выязджаць за мяжу. Аднак Наталля не выехала… Верагодней за ўсё, яна павінна была апекавацца сваімі бацькамі і, магчыма, хворым братам.

Каля 1890 г. яна прыбыла ў Закрочым, каб сустрэцца з айцом Ганаратам Казьміньскім і спытаць у яго парады адносна сваіх жыццёвых планаў і намераў.  Айцец Ганарат параіў ёй далучыцца да першых членаў Кангрэгацыі сясцёр успамогі душам чыстцовым, якой кіравала Ванда Алендзкая. Калі маці Ванда па стане здароўя ўжо не магла весці законнага жыцця, адказнасць за супольнасць айцец Ганарат усклаў менавіта на Наталлю Нітаслаўскую, прызначыўшы яе генеральнай настаяцелькай.

Згодна з харызмаю кангрэгацыі, сястра Наталля цалкам прысвяціла сябе дапамозе тым, хто церпіць на зямлі і ў чыстцы. Яна клапацілася пра хворых і канаючых, знаходзіла бедных і самотных, каб даць ім прытулак у шпіталі, які сама ж і заснавала. Гэты шпіталь існуе і сёння ў Новым Месце над Піліцай як Дом сацыяльнай дапамогі імя Наталлі Нітаслаўскай.

У 1900 годзе сястра Наталля цяжка захварэла на рожу ў назе, што і стала прычынаю яе заўчаснай смерці. 22 студзеня таго ж года яна адышла да Пана ў стане святасці.