Ружанец
Малітва перад Ружанцам
Молімся: О Марыя, праз набажэнствы першых суботаў месяца прагнем перапрасіць за пяць відаў знявагаў і абразаў Твайго Беззаганнага Сэрца. Прымі гэтае наша перапрашэнне за блюзнерствы, скіраваныя супраць Твайго Беззаганнага Зачацця, Твайго Дзявоцтва і Твайго Божага Мацярынства. Ахвяруючы Табе гэтае наша перапрашэнне, просім прабачэння для тых, хто не прызнае Цябе за Маці ўсяго чалавецтва і хто сее ў сэрцах дзяцей абыякавасць, ігнараванне і нават нянавісць да Цябе. Урэшце прагнем перапрасіць за знявагі, прычыненыя Табе тымі, хто зневажае Твае святыя выявы.
Маці Божая, аддаем Табе нашыя сэрцы. Ачысці іх, распалі ў іх любоў. Выпрасі нам святло Духа Святога, каб мы маглі пазнаць волю Божую і выканаць яе з Тваёй дапамогаю.
Жадаючы суцешыць і перапрасіць Тваё Беззаганнае Сэрца, распачынаем малітву Святога Ружанца.
Святы Ружанец
Веру ў Бога, Айца ўсемагутнага, Стварыцеля неба і зямлі, і ў Езуса Хрыста, Сына Яго адзінага, Пана нашага, які быў зачаты ад Духа Святога, нарадзіўся з Дзевы Марыі, замучаны пры Понцкім Пілаце, укрыжаваны, памёр і быў пахаваны; зышоў да адхлані, на трэці дзень уваскрос з памерлых, узышоў на неба, сядзіць праваруч Бога Айца ўсемагутнага, адтуль прыйдзе судзіць жывых і памерлых. Веру ў Духа Святога, святы Касцёл каталіцкі, еднасць святых, адпушчэнне грахоў, уваскрашэнне цела, жыццё вечнае. Амэн.
Ойча наш, каторы ёсць у небе, свяціся iмя Тваё, прыйдзi Валадарства Тваё, будзь воля Твая як у небе, так i на зямлi. Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння і адпусцi нам правіны нашы, як i мы адпускаем вiнаватым нашым, і не ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога. Амэн.
Вітай, Марыя, поўная ласкі, Пан з Табою, благаслаўлёная Ты між жанчынамі і благаслаўлёны плод улоння Твайго, Езус. Святая Марыя, Маці Божая, маліся за нас, грэшных, цяпер і ў хвіліну смерці нашай. Амэн. (3 разы)
Хвала Айцу і Сыну, і Духу Святому. Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды, і на векі вечныя. Амэн.
Балесныя таямніцы
I. Малітва Езуса ў садзе Аліўным.
З Евангелля паводле св. Лукі (пар. Лк 22, 41–45):
Езус адышоў ад іх, укленчыў і маліўся, кажучы: «Ойча, калі Ты жадаеш, адхілі ад Мяне гэты келіх. Але не Мая воля, а Твая няхай станецца». З’явіўся Яму анёл з неба, суцяшаючы Яго. І, моцна пакутуючы, Ён маліўся яшчэ больш. А пот Ягоны быў, быццам кроплі крыві, што падалі на зямлю.
***
Езу, у хвіліны духоўнага страху, унутранай цемры і адзіноты, дай нам сілы паўтараць разам з Табою: «Няхай станецца воля Твая».
У гэтай таямніцы будзем перапрашаць Беззаганнае Сэрца Марыі за ўсе грахі і блюзнерствы, якія сталі прычынаю агоніі Хрыста.
Пасля кожнай малітвы Вітай, Марыя чытаецца просьба:
Захавай і памнож у нас веру ў Тваё Беззаганнае Зачацце.
Ойча наш…, Вітай, Марыя… (10 разоў), Хвала Айцу…
Паўтараем пасля кожнай таямніцы:
Няхай будзе праслаўлёны Найсвяцейшы Сакрамэнт, праўдзівае Цела і Кроў Пана нашага Езуса Хрыста.
О мой Езу, прабач нам грахі нашыя, захавай нас ад агню пякельнага, правядзі ўсе душы на неба і дапамажы асабліва тым, каму найбольш патрэбна Твая міласэрнасць.
О Марыя, без граху першароднага зачатая, маліся за нас, хто ў Цябе паратунку шукае, і за тых грэшных, хто Табою пагарджае, асабліва за ворагаў Касцёла і даручаных Табе.
Найсвяцейшае Сэрца Езуса, прыйдзі Валадарства Тваё праз Беззаганнае Сэрца Марыі.
II. Бічаванне Езуса.
З Евангелля паводле св. Мацвея і св. Яна (Мц 27, 22. 24-25; Ян 19, 1)
Пілат сказаў ім: «А што мне рабіць з Езусам, якога завуць Хрыстом?» Усе закрычэлі: «Няхай будзе ўкрыжаваны!» (…) І ўвесь народ адказаў: «Кроў Яго на нас і на дзецях нашых». Тады Пілат узяў Езуса і аддаў на бічаванне.
***
Езу, Ты цярпеў невыносны боль падчас бічавання, навучы нас цярпліва зносіць боль ад пакутаў і хваробаў, ахвяруючы іх за грэшнікаў.
У гэтай таямніцы будзем перапрашаць Беззаганнае Сэрца Марыі за недахоп аскезы, а таксама за распусту і пакланенне целу, так распаўсюджаныя ў сучасным свеце.
Пасля кожнай малітвы Вітай, Марыя чытаецца просьба:
Захавай і памнож у нас веру ў Тваё непарушнае Дзявоцтва.
Ойча наш…, Вітай, Марыя… (10 разоў), Хвала Айцу…
III. Укаранаванне Езуса цернем.
З Евангелля паводле св. Мацвея (Мц 27, 27-30)
А жаўнеры намесніка, завёўшы Езуса ў прэторыю, сабралі каля Яго цэлую кагорту. І, распрануўшы Яго, надзелі на Яго пурпуровы плашч. І сплёўшы вянок з церняў, усклалі Яму на галаву і далі Яму ў правую руку трысціну. Становячыся перад Ім на калені, насміхаліся з Яго, кажучы: «Вітай, кароль юдэйскі!» І плявалі на Яго, бралі трысціну і білі Яго па галаве.
***
Езу, ціхі і пакорны сэрцам, вызвалі нас ад пыхі, ад зайздарсці і хцівасці, а таксама ад жадання заўсёды быць вышэй за іншых. Учыні маё сэрца да Твайго падобным.
У гэтай таямніцы будзем перапрашаць Беззаганнае Сэрца Марыі за грахі, якія вынікаюць з крывадушнасці людскіх сэрцаў, што кіруюцца зайздрасцю, хцівасцю ці страхам.
Пасля кожнай малітвы Вітай, Марыя чытаецца просьба:
Захавай і памнож у нас веру ў Тваю годнасць сапраўднай Божай Маці.
Ойча наш…, Вітай, Марыя… (10 разоў), Хвала Айцу…
IV. Езус нясе крыж на гару Кальварыйскую.
З Евангелля паводле св. Мацвея і св. Лукі (Лк 23, 26-28)
Калі павялі Яго [на ўкрыжаванне], схапілі нейкага Сымона Кірэнэйца, які вяртаўся з поля, і ўсклалі на яго крыж, каб нёс за Езусам. Ішло за Ім вялікае мноства людзей і жанчын, якія плакалі і галасілі па Ім. А Езус абярнуўся да іх і сказаў: «Дочкі ерузалемскія, не плачце па Мне, а плачце па сабе і па дзецях вашых».
***
Пане Езу, дапамажы нам з пакораю прымаць свой штодзённы крыж, а таксама ўмацуй нашу надзею, што кожнае цярпенне набліжае да Твайго Валадарства.
У гэтай таямніцы будзем перапрашаць Беззаганнае Сэрца Марыі за грахі людзей, якія адкідваюць крыж і ў сваім штодзённым жыцці адносяцца да бліжніх з абыякавасцю ці нават нянавісцю.
Пасля кожнай малітвы Вітай, Марыя чытаецца просьба:
Захавай і памнож у нас шанаванне і любоў да Тваіх абразоў.
Ойча наш…, Вітай, Марыя… (10 разоў), Хвала Айцу…
V. Укрыжаванне і смерць Езуса.
З Евангелля паводле св. Лукі (Лк 23, 33-34. 44. 46)
Калі прыйшлі на месца, званае Чэрап, укрыжавалі там Яго і злачынцаў, аднаго з правага, другога з левага боку. А Езус сказаў: «Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць». Было ўжо каля шостай гадзіны, і цемра настала па ўсёй зямлі аж да гадзіны дзявятай. <…> А Езус закрычаў моцным голасам: «Ойча, у рукі Твае аддаю дух Мой». І, сказаўшы гэта, сканаў.
***
Маці Божая, Ты стаіш пад крыжам, зраненая цярпеннямі і кананнем свайго Сына, але, нягледзячы на балесны меч у Тваім Сэрцы, застаешся вернай кожнаму чалавеку, які праз смерць Хрыста нарадзіўся да новага жыцця з Богам.
У гэтай таямніцы будзем перапрашаць Беззаганнае Сэрца Марыі за грахі людзей, якія пазбягаюць цярпенняў і крыжа, а шукаюць толькі выгады і задавальнення, адкідваюць дух аскезы, ахвяры і пакаяння.
Пасля кожнай малітвы Вітай, Марыя чытаецца просьба:
Распалі ва ўсіх сэрцах прагу набажэнства і любоў да Цябе.
Ойча наш…, Вітай, Марыя… (10 разоў), Хвала Айцу…
Малітва на заканчэнне Ружанца
Каралева Ружанца Святога, наша Фацімская Пані! Дзякуем Табе за дапамогу, якую Ты нам аказала. Тваё Фацімскае пасланне – гэта праява Мацярынскай любові. Ты прагнеш усіх уратаваць і кожнага хочаш правесці на Неба.
Хвала і праслаўленне Айцу і Сыну, і Духу Святому за гэтую поўную велічы Каралеву Неба, за Яе Фацімскае пасланне і за выслухоўванне нашых просьбаў. Амэн.
Разважанне (медытацыя) над таямніцай Ружанца (15 хвілін)
Малітва перад медытацыяй
Маці Найсвяцейшая, Беззаганная Марыя! У першыя суботы месца Ты адкрываеш сваё Беззаганнае Сэрца для ўсіх, хто прагне прыняць у сваё сэрца гэтыя найважнейшыя знакі, якія Бог паказаў нам у Фаціме. Просім, адкрый перад намі сваё Сэрца. Асмельваемся прасіць аб гэтым з цалкавітай пакорай, а таксама з дзіцячаю адвагаю, таму што хочам наследаваць Цябе у вернасці Богу, таму што хочам жыць любоўю да Твайго Сына, таму што прагнем заўсёды трываць у стане ласкі, і нарэшце, таму, што прагнем ўсё, што толькі можам, ахвяраваць у духу ўміласціўлення за грахі тых людзей, якія зневажаюць і абражаюць Цябе. Дапамажы, каб сэрцы нашыя станавіліся ўсё больш любымі Табе, больш блізкімі Табе, больш падобнымі да Твайго Беззаганнага Сэрца. Амэн.
Разважанне над балеснаю таямніцаю Ружанца
«Укрыжаванне і смерць Езуса»
Евангелле паводле Лукі вельмі сцісла апавядае нам пра кананне Езуса:
«Было ўжо каля шостай гадзіны, і цемра настала па ўсёй зямлі аж да гадзіны дзявятай. Сонца зацьмілася, і заслона ў святыні разарвалася пасярэдзіне. А Езус закрычаў моцным голасам: «Ойча, у рукі Твае аддаю дух Мой». І, сказаўшы гэта, сканаў. Сотнік, убачыўшы, што сталася, славіў Бога і казаў: “Праўдзіва, чалавек гэты быў справядлівы”. І ўсе людзі, што сабраліся на гэтае відовішча, калі ўбачылі, што сталася, вярталіся, б’ючы сябе ў грудзі. А здалёк стаялі ўсе, хто ведаў Яго, і жанчыны, якія прыйшлі з Ім з Галілеі, і глядзелі на гэта» (Лк 23, 44-49).
Марыя, сёння мы знаходзімся каля падножжа Твайго цудадзейнага абраза (для тых, хто прыехаў у Будслаў) або: (Марыя, сёння мы знаходзімся каля Твайго падножжа ). У цішыні і малітве шчырым сэрцам перапрашаем Тваё Беззаганнае балеснае Сэрца. Шмат гадоў прайшло з таго дня, як Анёл Габрыэль абвясціў Табе пра нараджэнне Езуса, і Ты, паслухмяная Богу, вымавіла сваё «fiat» – «няхай мне станецца». Тады Ты, напэўна, не ўсведамляла, што гэтае «няхай мне станецца» азначала таксама згоду на Крыжовы шлях Езуса і Твой удзел у ім. Аднак, выказаўшы свой давер і падпарадкаванне Божай волі адзін раз, Ты не змяніла свайго рашэння і выбару, нават калі Тваё жыццё станавілася ўсё больш складаным і выпрабоўвала Цябе вялікім цярпеннем.
Пра гэтую таямніцу Тваёй вернасці папа Бэнэдыкт XVI разважаў падчас Крыжовага шляху ў Калізеі: «На Крыжовым шляху Езуса мы знаходзім таксама Марыю, Яго Маці. Падчас Яго публічнага жыцця Марыя павінна была адысці ўбок, каб стварыць прастору для нараджэння новай сям’і Езуса – сям’і Яго вучняў. Яна таксама павінна была выслухаць словы: «Хто маці Мая і хто браты Мае? <…> Бо хто выконвае волю Айца Майго, які ў нябёсах, той Мне брат, і сястра, і маці» (Мц 12, 48-50). Цяпер мы бачым Яе як Маці Езуса не толькі фізічна, але і ў Яе сэрцы. Яшчэ да таго, як Яна зачала Яго ў сваім целе, праз сваю паслухмянасць, Яна зачала Яго ў сваім Сэрцы. Марыі было сказана: «Вось, Ты зачнеш ва ўлонні сваім і народзіш Сына, і дасі Яму імя Езус. Ён будзе вялікі і будзе названы Сынам Найвышэйшага, і дасць Яму Пан Бог трон Давіда, бацькі Ягонага» (Лк 1, 31-32). Яна таксама пачула з вуснаў старца Сімяона: «А праз тваю душу пройдзе меч» (Лк 2, 35). Марыя ўспомніла словы прарокаў, якія прадказвалі катаванні Яе Сына (Іс 53, 7). Цяпер усё гэта адбывалася рэальна. У сваім Сэрцы Маці Божая захоўвала словы анёла: «Не бойся, Марыя» (Лк 1, 30). Вучні ўцяклі, але Марыя засталася пад Крыжам з матчынаю адвагаю, з матчынаю вернасцю, з матчынаю дабрынёю і вераю, якая не пахіснулася ў гадзіну цемры: «Шчаслівая тая, якая паверыла» (Лк 1, 45). «Аднак Сын Чалавечы, прыйшоўшы, ці знойдзе веру на зямлі?» (Лк 18, 8). Так, у той момант Езус ведаў: Ён знойдзе веру. У гэтую гадзіну прысутнасць Маці было для Яго вялікім суцяшэннем. (Некалькі хвілінаў цішыні.)
Святая Марыя, Маці Пана і Збаўцы, Ты засталася верна, калі Яго вучні паўцякалі. Гэтак жа, як Ты паверыла незвычайнаму пасланню анёла, што станеш Маці Найвышэйшага, так Ты таксама верыла і падчас самага вялікага прыніжэння свайго Сына. Такім чынам, у гадзіну Крыжа, у гадзіну самай цёмнай ночы свету, Ты стала Маці ўсіх вернікаў, Маці Касцёла. Просім Цябе: навучы нас верыць і ўчыні, каб наша вера прынесла плён у адважным служэнні і была знакам любові, якая заўсёды гатовая раздзяляць цярпенні і спяшацца з дапамогаю» (Бэнэдыкт XVI. Крыжовы шлях у Калізеі, 25 сакавіка 2005 года).
Маці Балесная, Ты стаяла пад Крыжам, на якім канаў Твой Сын. Ці магчыма ўявіць, што адбывалася ў Тваім Сэрцы ў той момант? Беззаганная Маці, Ты пакорліва акунула ўсе свае балесныя перажыванні ў акіян любові. Ты ведала, што гэта павінна адбыцца, што будзе прынесена Ахвяра. Але адно – ведаць Божы план, а зусім іншае – прыняць яго з пакораю і любоўю. Кожны з нас усведамляе, што часам мы сутыкаемся з выклікамі і цяжкасцямі, з якімі трэба проста згадзіцца і прыняць іх, хоць гэта заўсёды спалучана з ахвярнасцю і адрачэннем, з вялікімі духоўнымі намаганнямі. Ці магчыма ўявіць, што адбывалася ў Тваім Беззаганным Сэрцы ў той момант, калі Твой Сын пакутаваў на Крыжы і канаў як Ахвяра за збаўленне свету? (Некалькі хвілінаў цішыні.)
«У момант агоніі Езуса Найсвяцейшая Маці нібы закамянела ў невымоўным цярпенні. Яе рукі здранцвелі, у вачах пацямнела, Яна зрабілася смяротна бледнай, перастала чуць, Яна пахіснулася і, працятая болем, закрыўшы твар, упала на зямлю, – так апісвае благаслаўлёная Кацярына Эмэрых містычную візію смерці Хрыста. – Калі нарэшце самая любячая і самая засмучаная Маці з дапамогаю іншых жанчын устала і ўзняла вочы на Крыж, Яна ўбачыла цела свайго закатаванага Сына… <…> Хто можа змерыць, хто можа зразумець боль Маці Езуса, Каралевы ўсіх мучанікаў?»
Святы айцец Піо, містык, штодзённа адаруючы Укрыжаванага Езуса, бачыў Яго агонію і з болем у сэрцы гаварыў: «Пазбаўлены адзення, бязлітасна распяты на крыжы, узняты паміж небам і зямлёю… Ён бездапаможна вісіць, прыбіты цвікамі, невымоўна пакутуючы. Божа мой! Якая доўгая гэтая агонія, што працягвалася ажно тры гадзіны пад крыкі натоўпу, раз’юшанага ад злосці! Хрыстус бачыць, як сотнік з дзідаю набліжаецца да Яго, каб праткнуць Яму Сэрца. І вось адбылося наймацнейшае прыніжэнне цела і душы, якія разучыліся. <…> Каб жа я мог хоць крыху Табе дапамагчы, мой Езу, хоць крыху прынесці Табе палёгку! Але на самай справе, не могучы нічога іншага зрабіць, я толькі плачу каля Цябе…» (Некалькі хвілінаў цішыні.)
Марыя, Ты – Багародзіца, Маці нашага ўкрыжаванага Збаўцы. Маці для свайго дзіцяці заўсёды застаецца матуляй на працягу ўсяго яго жыцця, у кожны момант. Праз сваё «fiat», Марыя, Ты прыняла ў сваё Сэрца Сына Божага, Адкупіцеля, прадказанага прарокамі, як Ахвяру, прыемную Богу. Твой Сын, о Найчысцейшая Дзева, паміраючы на Крыжы, прамовіў: «Божа мой, Божа мой, чаму Ты Мяне пакінуў?» (Мц 27, 46). У гэтых словах крыецца таямніца спрадвечнай любові Бога да свайго стварэння. Гэтая любоў ліецца праз Сэрца Сына Божага, дзеля нас прабітае і зраненае, і праз Тваё Беззаганнае Сэрца, наша Пані і Маці. Калі Дзіця на Крыжы ўсклікае: «Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?», Маці не пакідае Дзіця, Яна «перавязвае» раны цярпення любоўю з келіха суцяшэння, які дае Дзіцяці анёл, пасланы ад Айца. Дзіця мае права ўсклікаць у цярпеннях: «Божа мой, Божа мой, чаму Ты Мяне пакінуў?», але тады Айцец паказвае на Маці, бо Ён ніколі не пакідае Дзіця ў пакутах. Маці Божая з’яўляецца келіхам суцяшэння ў цярпенні для кожнага дзіцяці. О Марыя, нашая Маці, а хто суцешыць Цябе? О Маці, таямніца Айца, хто здольны зразумець Твае цярпенні і Тваю любоў? (Некалькі хвілінаў цішыні.)
Айцец Пелегрыно Эрнэці, экзарцыст з Венецыі, пакінуў нататкі пра свой досвед экзарцызмаў, падчас якіх злыя духі гаварылі пра тое, што адбывалася, калі Езус канаў на Крыжы: «Мы таксама стаялі пад крыжам, – казалі злыя духі. – Мы падбухторвалі некаторых супраць Яго, каб яны абражалі, зневажалі, крычалі на Яго. Мы спакушалі людзей, змушаючы іх сумнявацца ў Ім. Мы пераконвалі іх, што гэта не можа быць сапраўдны Месія. <…> Мы прагналі адтуль вельмі шмат людзей. Яны перасталі верыць у Яго, спалохаліся, бачачы, як Ён памірае. Засталося толькі некалькі чалавек. Пасля Яго смерці яны пераканаліся, што ўсё гэта няпраўда, бо калі Ён памёр, то ўсё скончылася. Цяпер ужо нічога нельга зрабіць. Калі здымалі цела з крыжа, мы спакушалі нават Яна. Мы пераконвалі яго: “Глядзі, як скончыў гэты твой Месія”. Мы спакушалі нават Яго Маці. Яе Сэрца было разарванае. Але ў той жа час у гэтым Сэрцы панаваў незвычайны спакой. Яна ўсё прабачала. Яна любіла і пакутавала. Яе прабачэнне было цалкавітым. Яе любоў была цалкавітаю. Яе ахвяра была цалкавітаю. І гэта перамагло нас! Мы спрабавалі падарваць Яе веру, але дарэмна. Яна ніколі не пераставала маліцца. Толькі Яна верыла ў Яго ўваскрасенне. Яе Сэрца ўжо ведала ўсё».
Марыя, наша міласэрная Матуля, у найцяжэйшую гадзіну свайго зямнога жыцця Езус знайшоў у Табе веру і любоў. Просім Цябе, Марыя, навучы нас так жыць, так любіць і так зносіць цярпенні, каб у кожны момант нашага жыцця, у кожнай сітуацыі і выпрабаваннях Езус заўсёды знаходзіў у нас веру і любоў. Мы ведаем, наша наймілейшая Заступніца, што часам, калі прыходзяць цярпенні, людзі страчваюць веру. Яны пытаюцца: дзе ж наш Бог? Ці любіць Ён нас, калі мы так моцна пакутуем? Дзе Бог, калі працягваюцца войны, калі паміраюць і пакутуюць добрыя людзі, калі пакутуюць і паміраюць дзеці? Часам людзі з-за цярпенняў адмаўляюцца ад Бога, ад Езуса, быццам Ён вінаваты ў гэтых пакутах.
Але Бог не вінаваты ў тым, што на зямлі ёсць цярпенні і смерць. Гэта не віна Бога, а віна сатаны і нас, людзей, бо замест таго, каб слухаць Бога, мы часта паддаемся нашэптванням злога духа, верым яго падступнай хлусні і дазваляем быць падманутымі. Мы забываем пра тое, што кожны грэх прыносіць у свет зло, цярпенні, разлад і іншыя балючыя наступствы. Ты, Марыя, ніколі не слухала нашэптванняў злога, не паддалася яго спакусам і ніколі не ўчыніла ніякага граху, бо менавіта з-за Тваёй пакоры і адданасці Найвышэйшаму Бог выбраў Цябе для свайго плану. І таму Ён даў Табе ласку веры, цярплівасці і даверу Божаму Провіду.
Ты, Найсвяцейшая Панна, ведала, што Езус пакутуе бязвінна, але ведала таксама, што толькі цярпенні Нявіннага, чыстага Ягняці, які ахвяруе сябе з любові да Бога і да людзей, прынясуць свету вызваленне і збаўленне. І хоць Тваё Сэрца, о наймілейшая наша Маці, крывавіла ад невыноснага болю, Ты верна заставалася пры Езусе і згаджалася на ўсё, на што Ён згаджаўся.
Маці Балесная, выпрасі нам у Твайго Сына ласку яснага распазнавання Хрыстовай праўды і вучэння, каб мы ўмелі адрозніваць словы і волю Бога ад хлуслівых нашэптванняў злога духа. Мы прагнем, Марыя, шчырым сэрцам ісці за Езусам усюды, куды Ён ідзе, прагнем, калі на гэта воля Божая, ісці таксама па шляху Крыжа і цярпенняў, якія хочам ахвяраваць Богу дзеля нашага вечнага дабра і дзеля навяртання ўсіх бедных грэшнікаў, як Ты прасіла падчас аб’яўленняў у Фаціме.
Няхай словы святой маці Тэрэзы з Калькуты падбадзёраць нас на шляху да праведнасці: «Калі Езус на Крыжы сказаў „Прагну“, Ён гаварыў не пра смагу, а пра моцнае прагненне любові. Бог, Стварыцель сусвету, прасіў любові ў тых, хто з’яўляецца Яго стварэннем. Ён прагне нашай любові. Ці гучыць рэха гэтых словаў у нашых душах? <…> Паглядзі на крыж – і ўбачыш аблічча Езуса, Ён схіліў галаву, каб цябе пацалаваць; Ён распасцёр свае рукі, каб цябе абняць; Ён адкрыў сваё Сэрца, каб цябе прыняць, каб прытуліць цябе ў сваёй любові. Паколькі мы ведаем, што крыж – гэта знак найбольшай любові Хрыста да цябе і да мяне, прымем гэты крыж разам з усім тым, што Езус захоча нам даць, і аддадзім Яму з радасцю ўсё, што Ён пажадае забраць. Калі мы будзем так паступаць, свет пазнае, што мы – Яго вучні, што мы належым Езусу, а ўчынкі, якія мы здзяйсняем, <…> –не што іншае, як наша любоў, увасобленая ў жыцці».
Табе, Марыя, мы даручаем усіх, хто сёння ідзе сваім крыжовым шляхам. Мы даручаем Табе цярпенні ўсіх маці, якія нясуць крыж заўчаснай смерці сваіх дзяцей; даручаем цярпенні бацькоў, мужоў, жонак, пажылых і хворых людзей, дзяцей і моладзі. Мы даручаем Табе, Марыя, усе цярпенні людзей – духоўныя, псіхічныя і фізічныя – пакуты з-за войнаў, голаду, хваробаў і калецтва, сіроцтва, адзіноты, выгнання, убогасці і няшчасця, даручаем Табе ўсіх, хто пакутуе ад розных залежнасцяў, а таксама закаранелых грэшнікаў. Даручаем Твайму заступніцтву, Маці Божай Міласэрнасці, душы, церпячыя ў чыстцы, а таксама невылечна хворых і канаючых. Марыя, вазьмі нашыя цярпенні ў сваё Сэрца і разам са сваім цярпеннем ахвяруй іх Міласэрнаму Богу дзеля знішчэння граху, дзеля збаўлення душаў і дзеля бясконцай хвалы Бога.
Наша міласэрная і чулая Маці, дзякуем Табе за веру, за прыклад любові і пакоры, за тое, што паказваеш нам шлях і вядзеш да Твайго Сына. Дапамажы нам заўсёды заставацца вернымі волі Божай і Крыжу нашага Пана і Збаўцы. Амэн.
Паводле: інтэрнэт-старонка Фацімскага сакратарыяту ў Закапанэ (Польшча): https://sekretariatfatimski.pl