А. Чайкоўская WDC, І. Златкоўская WDC.

Час расстання. Хрысціянскае перажыванне жалобы.

Працяг. Гл. пачатак:

Цярпенне. Цярпенне ў святле Божага слова.
Сэнс цярпення. Плён цярпення.
Смерць — цярпенне расстання.
Малітвы расстання.

 

Любоў мацнейшая за смерць…

Кожны з нас калісьці павінен будзе стаць перад жорсткаю праўдаю аб прамінальнасці чалавечага жыцця. Акрамя Пана Бога, ніхто і нішто — у тым ліку і чалавечае зямное жыццё — не вечнае. Мы нібы ведаем гэта і прызнаем, успрымаючы прамінальнасць як натуральны парадак у свеце. Адны нараджаюцца, іншыя паміраюць — так і павінна быць. Але калі гэтая праўда закране якога-небудзь канкрэтнага чалавека, калі яна пачне датычыцца нас саміх, калі смерць забярэ кагосьці з нашых блізкіх, няпроста паўтарыць услед за Ёвам: «Пан даў, і Пан забраў. Няхай будзе благаслаўлёнае імя Пана» (Ёв 1, 21b).

Несумненна, кожны, хто сутыкнуўся са смерцю любімага чалавека, спазнае вельмі моцнае цярпенне, і ўсё тое, што дагэтуль было крыніцаю радасці, яно напаўняе нясцерпнаю горыччу. Як з гэтым жыць? Як знайсці апору ў свеце, дзе ўжо няма нічога пэўнага?

Думаю, што ў такія моманты лёгка зразумець смутак св. Аўгустына, які ён спазнаў пасля смерці дарагога сябра і апісаў у сваім самым асабістым творы — у «Споведзі»: «Якім жа болем было азмрочана маё сэрца! І на што б я ні паглядзеў, паўсюль была смерць. Родны горад стаў для мяне месцам мукі, а бацькоўскі дом незразумелым чынам напоўніўся няшчасцем. Усё, што яднала мяне з сябрам, без яго станавілася невыноснаю пакутаю. Вочы мае паўсюль шукалі яго, але яго не было; я зненавідзеў усё, што было без яго, і нішто не магло ўжо выглядаць гэтак жа, як было тады, калі з’яўляўся ён.  Я сам для сябе стаў вялікаю загадкаю. <…> Мне здаецца, што чым больш я любіў свайго сябра, тым больш ненавідзеў лютую смерць як ворага, бо яна забрала яго ў мяне, і я баяўся: а раптам яна паглыне ўсіх людзей, калі і яго здолела паглынуць».

Смерць прыносіць нам гэтае асаблівае мучэнне, бо вельмі выразна выяўляе крохкасць нашага зямнога існавання і зямной любові. Яна таксама паказвае тое, як мала мы можам зрабіць для іншых, а перш за ўсё тое, наколькі жыццё іншага чалавека не залежыць ад нас, якой бы гарачай ні была наша любоў да яго. Боль узмацняецца, тым больш што дзесьці там, у глыбіні душы, штосьці не дазваляе нам згадзіцца з прамінальнасцю любові, і мы нібы зусім насуперак логіцы моцна верым, што «любіць чалавека — гэта значыць казаць: „Ты не памрэш“», як гаварыў Габрыэль Марсэль. Цяжка знайсці прыгажэйшае сведчанне сапраўдных пачуццяў, бо хіба мог бы любіць па-сапраўднаму той, хто ў самую аснову любові закладвае думку пра тое, што яна неўзабаве можа скончыцца? Наўрад… Любоў прагне прысутнасці любімага чалавека, блізкасці, вечнасці… Ды так і павінна быць, бо яна вечная…

Улічваючы ўсё гэта, што рабіць са смерцю? Нічога… бо мы ўсё роўна не маем над ёю ўлады, калісьці яна ўсё роўна прыйдзе. Нічога… бо ў адносінах да любові яна не азначае ніякага завяршэння, ніякага канца, але як ніводная іншая рэальнасць раскрывае яе паўнату, бо смерць знішчае ўсё знешняе, пазначанае зямною недасканаласцю, усе супярэчнасці, якія аслаблялі любоў, напрыклад, недахопы характару, слабасці…

Акрамя таго, смерць паказвае іншую важную для любові ўласцівасць: незаменнасць. Ніхто ніколі не заменіць нам любові канкрэтнага чалавека, бо тое, што мы называем любоўю паміж людзьмі, датычыць не каго-небудзь, а «мяне і цябе». Таму, напрыклад, калі б удава, перажыўшы жалобу, палюбіла якога-небудзь іншага мужчыну і той стаў бы яе другім мужам, то ўсё роўна тут не дзейнічаў бы прынцып замены. Мы можам па-сапраўднаму любіць многіх людзей, але кожны раз у гэтых адносінах будзем незаменныя адно для аднаго…

Любоў не памірае разам з целам чалавека, якога мы любім, а толькі пераходзіць у іншае вымярэнне ўзаемнасці. Кожны з нас, калі жадае захаваць любоў, павінен пастарацца знайсці новыя спосабы яе выражэння. Для адных гэта будзе малітва за памерлага, для іншых — клопат пра яго памяць або далейшая рэалізацыя яго жыццёвых планаў ці справаў.

Любоў сама па сабе несмяротная, мацнейшая за цялесную смерць, але ці застанецца яна ў нашых сэрцах? Гэта ўжо залежыць ад нас саміх…

Этапы жалобы

Як доўга сэрца напаўняе боль і смутак расстання? Як доўга працягваецца жалоба пасля адыходу ў вечнасць блізкага чалавека? Гэта ў вялікай ступені залежыць ад таго, якую частку саміх сябе, колькі любові мы ўклалі ў гэтага чалавека. Кім ён быў для нас — бацькам, мужам, жонкаю, дзіцем, сябрам?.. Якім было расстанне — доўгая хвароба, няшчасны выпадак, самагубства?.. Як было прынята перажыванне жалобы ў коле сям’і, у найбліжэйшым асяроддзі?.. І яшчэ ад шматлікіх іншых фактараў, якіх немагчыма тут пералічыць, таму што кожны індывідуальна перажывае жалобу, або цярпенне, звязанае са смерцю кагосьці блізкага.

У перажыванні жалобы агульнапрынята вылучаць восем этапаў, якія часта накладаюцца адзін на адзін, аднак могуць быць своеасаблівымі кропкамі суаднясення для кожнага чалавека.

Пасля смерці кагосьці блізкага нельга проста сказаць: «Не плач», «Чаго ты маркоцішся? Ён ужо напэўна шчаслівы», «Лепш займіся чым-небудзь, каб ужо не думаць пра гэта». Аднак час жалобы патрэбны, неабходны для таго, каб не «замарозіць» у сабе роспачы пасля страты, каб прынятае і перажытае цярпенне магло стаць пачаткам новага жыцця. Сапраўды, час суцішвае боль расстання, але ў развіцці дапамагае толькі тады, калі ён адпаведным чынам перажыты.

 

Шок

Звычайна пасля смерці кагосьці блізкага мы адразу спазнаем шок. Гэта настолькі вялікае цярпенне і цяжар для чалавека, што сам арганізм, баронячыся ад роспачы, як бы блакуе ўспрыманне рэчаіснасці. Хтосьці параўнаў гэты досвед з сітуацыяй перагрузкі электрасеткі. Калі ўзнікае рызыка, што перагараць правады, тады выбіваюцца пробкі.

Падобным чынам рэагуе арганізм у моманты вялікай роспачы і трагедыі. Тады эмацыйнае жыццё нібы «замарожваецца», чалавек страчвае ўражлівасць на ўсялякія імпульсы, а цела становіцца як бы застылым, акасцянелым. Такім чынам, чалавек у шоку застаецца знешне неадчувальным да трагедыі; пачуццё своеасаблівага ўнутранага паралічу і холаду часам можа суправаджацца некантраляваным выбухам смеху або гулам у вушах, нібы чалавек не хоча пачуць дрэннай навіны. На працягу пэўнага часу гэты стан дазваляе супраціўляцца цяжкай рэчаіснасці, аднак калі ён працягваецца занадта доўга, то можа прывесці да сур’ёзных наступстваў у жыцці чалавека і сам па сабе прынясе дадатковую страту.

 

Адмаўленне

Да паралізуючых вынікаў шоку звычайна дадаецца чарговы досвед — адмаўленне. Чалавек часта кажа: «Гэтага не можа быць», «Я перажываю нейкі кашмар», «Я не смею чапаць нават пакінутыя ім (ёю) рэчы». Калі адмаўленне працягваецца занадта доўга, то яно не дазваляе па-сапраўднаму распачаць жалобу па памерлым. Каб абараніцца ад цярпення, мы часта ўваходзім у стан дэпрэсіі. Не дазваляючы болю з усёю вастрынёю ўвайсці ў нашую свядомасць, мы ў пэўнай ступені блакуем у сабе жыццёвы рух. Часам адмаўленне набывае формы, якія цяжка распазнаць. Чалавек можа цалкам аддацца нейкаму занятку, шукаць вінаватага ў смерці, падтрымліваць пачуццё прысутнасці таго, хто адышоў, захоўваючы некранутымі пакінутыя ім прадметы і месцы, у якіх ён жыў; чалавек таксама можа пачаць злоўжываць лекамі і алкаголем або хутка завязаць новыя адносіны, каб суцешыцца.

 

Выражэнне пачуццяў і эмоцый

Для таго, каб чалавек сапраўды ўвайшоў у стан перажывання жалобы пасля шоку і адмаўлення, ён павінен прайсці праз яшчэ адно вельмі цяжкае і трагічнае выпрабаванне — выражэнне пачуццяў і эмоцый. Многія людзі, асабліва пакінутыя сам-насам, не адважваюцца прайсці праз гэты этап і тым больш перажыць яго ва ўсёй вастрыні, бо тут узнікаюць шматлікія супярэчлівыя пачуцці: любоў і гнеў, пачуццё віны і вызвалення — ажно да моцнага болю ад поўнага ўсведамлення таго, што ўсё скончылася. Нашае няўменне выказваць гэтыя пачуцці прыводзіць да таго, што псіхічна мы не можаць адпусціць любімага чалавека, які ўжо адышоў. Таму патрэбны і неабходны наш бунт і лямант, скіраваны нават да Бога: «Як Ты мог такое дапусціць?» Неабходна ўвайсці ў «цёмны тунэль» гэтага выпрабавання, каб паволі выйсці да святла новага жыцця.

 

Пераадоленне ізаляцыі ад свету і людзей

Толькі перажыванне папярэдняга этапа дазваляе прайсці праз чарговы досвед — пераадолець ізаляцыю ад свету і людзей. Гэта час на тое, каб завяршыць справы, звязаныя са страчаным чалавекам: выканаць яго абяцанні, раздаць пакінутае адзенне, паставіць помнік… Такія на першы погляд празаічныя справы ўсё ж вельмі важныя для хуткага завяршэння жалобы.

 

Пазнанне сэнсу страты

Гэты этап, перажыты адпаведным чынам, таксама дазваляе прыйсці ў сябе пасля таго, што здарылася, і паступова раскрыць сэнс спазнанай страты. Сэнс страты блізкага чалавека, як і сэнс самой смерці, з’яўляецца вялікаю таямніцаю, і раскрыць мы яго можам толькі з вялікімі намаганнямі. У гэтым могуць дапамагчы наступныя пытанні: «Чаму навучыла цябе гэтая трагедыя? Што новага яна дазволіла табе адкрыць у самім сабе? Якім чынам наблізіла цябе да Бога? Ці хочаш ты ўзрастаць далей пасля перажытай трагедыі і як жадаеш гэта рабіць?..»

Мы не адразу знойдзем адказы на ўсе пытанні, якія з’яўляюцца на гэтым этапе, аднак паступова нашыя адказы ўсё больш выразна будуць складвацца ў адно цэлае і дапамогуць адкрыць новы сэнс жыцця… Магчыма, менавіта так, як гэта сталася ў жыцці дзяўчыны, у якой памерла любімая бабуля. Мажэна піша ў сваім сведчанні: «Я хацела б падзяліцца досведам смерці блізкага мне чалавека — маёй бабулі. Падзяліцца тым, які сэнс яе смерць мела для мяне асабіста, што важнага я тады адкрыла.

Бабуля была для мяне калісьці самым блізкім чалавекам, бо адорвала мяне безумоўнаю любоўю і прыняццем, можа, нават коштам іншых членаў сям’і… Ведаю толькі тое, што я была для яе вельмі важнаю.

Перад смерцю яна захварэла і апошнія гады свайго жыцця правяла ў ложку. На жаль, я рэдка яе наведвала. Падчас апошняй сустрэчы, за два гады да яе смерці, на развітанне яна сказала мне, каб я ніколі пра яе не забывала. Я паабяцала. І забылася… Так моцна занятая ў той час сваімі праблемамі, я не наведвала яе. Адгаворкаю было тое, што бабуля жыве далёка. На самай справе я баялася ўбачыць яе цярпенне. З бадзёрай і жыццярадаснай бабулькі яна раптам ператварылася ў бездапаможнага і бяссільнага чалавека. Цяпер я ведаю, што яна не чакала ад мяне нейкай канкрэтнай знешняй дапамогі. Дастаткова было толькі пабыць побач, выслухаць яе, сказаць добрае слова… А я яе пакінула… Пасля бабулінай яе смерці я зразумела штосьці вельмі важнае. У маёй галаве моцна гучалі словы з верша кс. Яна Твардоўскага: «Спяшаймася любіць людзей, яны так хутка адыходзяць…» Тады я зразумела, наколькі важная для мяне мая сям’я — бацькі, браты і сёстры. Усе гэтыя звады, спрэчкі, сваркі… Усё гэта такое неістотнае. Да таго часу я была занадта абыякавая і нячулая да сваёй сям’і. Напэўна, калі б здарылася нейкая крытычная сітуацыя, то мы, хутчэй за ўсё, маглі б разлічваць адзін на аднаго, але будні, звыклая штодзённая праца… Менавіта ў ёй трэба цаніць чалавека, паказваць яму, што ён для нас важны. Гэта нялёгка, але варта старацца. Я не хацела б калісьці зноў сказаць пра сябе: «Падвяла». Пасля смерці бабулі ў мяне былі вельмі моцныя згрызоты сумлення. Па гэтай прычыне і па некаторых іншых я пачала кожны дзень хадзіць у касцёл на святую Імшу. І працягваю рабіць гэта далей…»

 

Прабачэнне

Такім чынам этап адкрыцця сэнсу спазнанай страты вядзе нас перш за ўсё да ўнутранага паяднання, да досведу прабачэння — самому сабе і памерламу чалавеку. Гэта чарговы важны крок на шляху перажывання жалобы. У выніку цяжкай страты мы больш выразна бачым моц любові да памерлага чалавека і адначасова тое, як нікчэмна мы выяўлялі свае пачуцці да гэтага часу. Важна не толькі прабачыць сабе, але і перапрасіць памерлага за тое, што мы рэдка гаварылі яму «люблю», што часта аказваліся не на вышыні, што прыкладалі недастаткова намаганняў, каб прадухіліць хваробу ці смерць… У кожнага будзе свой уласны спіс просьбаў аб прабачэнні. Толькі калі мы атрымаем прабачэнне і самі сабе прабачым, у нашай душы распачнецца новае жыццё, а гэта ў сваю чаргу дазваляе прабачыць чалавеку, які ад нас адышоў. Вельмі важна пазбыцца рэшткаў унутранага гневу з прычыны цяжкасцяў, перад якімі паставіў нас любімы чалавек з-за свайго адыходу. Калі мы прабачым яму за свой унутраны ўдар, за адзіноту, якую ён пакінуў пасля сябе, за ўсе клопаты, якія мы павінны былі ўзяць на сябе пасля яго смерці, і за іншыя падобныя рэчы, тады знікне душэўная горыч і ўкрытая глыбока ў сэрцы крыўда на памерлага чалавека.

 

Успадкаванне

У той момант, калі здаецца, нібы рана ўжо неяк загаілася, многія людзі заўважаюць, што перыяд жалобы завяршаецца. Аднак для таго, каб сапраўды распачаць «новае жыццё», павінен быць зроблены яшчэ адзін крок: неабходна нанова прыняць чалавека, які ад нас адышоў, з усёй яго «спадчынаю». Этап успадкавання — гэта перажыванне радасці ад новай, крыху іншай, прысутнасці ў нашым жыцці чалавека, якога мы адорвалі любоўю. Ён, уступіўшы пасля смерці ў вечнае жыццё, праз веру і любоў заўсёды знаходзіцца побач з намі і тым больш прагне нашага шчасця. Таму можна — і нават трэба — пытацца ў Бога на малітве пра тое, чаго гэты чалавек цяпер ад нас чакае, што яго суцешыла б… Але перш за ўсё трэба даручаць яго ў гэтай малітве Богу, каб ён мог цешыцца радасці прабывання ў небе.

 

Годнае завяршэнне жалобы

Апошні этап перажывання жалобы — гэта яе годнае завяршэнне. Важна, каб быў які-небудзь знешні знак канца нашага развітання. Калісьці гэта была змена колеру адзення, якое чалавек насіў. Сёння, калі гэтаму знаку надаецца менш увагі, асабліва важна знешне паказаць завяршэнне часу жалобы. Гэта неабходна дзеля нашага далейшага функцыянавання сярод людзей. Цяжка тут прапаноўваць нейкія канкрэтныя знакі выяўлення гэтага моманту, бо кожны павінен знайсці свой спосаб выхаду з жалобы — такі, які падкажа яму ўласнае сэрца.

Колькі часу патрэбна для таго, каб перажыць расстанне з блізкім чалавем, які адышоў ад нас? Агульнапрынята, што яно працягваецца прынамсі дзевяць месяцаў — столькі, колькі доўжыцца перыяд ад зачацця да нараджэння. Глыбокая жалоба пасля неспадзяванай страты любімага чалавека звычайна працягваецца каля двух гадоў. Аднак важная не столькі працягласць часу, прысвечанага жалобе, колькі тое, як мы здолеем перажыць гэты час. Досвед цярпення, якім суправаджаецца гэты працэс, хоць сам па сабе балючы, аднак можа прывесці да больш поўнай духоўнай сталасці чалавека. Калі толькі мы не будзем старацца любым коштам забыць пра яго, калі не «замарозім» сваіх пачуццяў і не зробім сваё сэрца каменным, тады мы адкрыем у сабе глыбейшую здольнасць любіць і паўнейшае вымярэнне чалавечага жыцця, тады мы ў пэўнай меры ўбачым духоўнае багацце, звязанае з таямніцаю ўваскрасення…

Пераклала з польскай мовы Ганна Шаўчэнка.
Працяг будзе.