Вяночак
да Мукі Пана 
за памерлых

Найласкавейшы Езу, глянь літасціва на душы памерлых вернікаў, якія церпяць у чыстцы, за якіх Ты аддаў самога сябе ў Ахвяры Крыжа і праліў сваю Найсвяцейшую Кроў.

 

  1. Найласкавейшы Езу, праз Твой крывавы пот, праліты ў садзе Аліўным,

— будзь міласэрны да душаў, якія церпяць у чыстцы.

Ойча наш…

 

  1. Найласкавейшы Езу, праз знявагі, якія Ты цярпеў, калі Цябе білі па твары,

— будзь міласэрны да душаў, якія церпяць у чыстцы.

Ойча наш…

 

  1. Найласкавейшы Езу, праз Твой боль падчас бязлітаснага бічавання

— будзь міласэрны да душаў, якія церпяць у чыстцы.

Ойча наш…

 

  1. Найласкавейшы Езу, праз Тваё ўкаранаванне цернем

— будзь міласэрны да душаў, якія церпяць у чыстцы.

Ойча наш…

 

  1. Найласкавейшы Езу, праз усе прыні­жэнні, якія Ты зведаў на несправядлівым судзе,

— будзь міласэрны да душаў, якія церпяць у чыстцы.

Ойча наш…

 

  1. Найласкавейшы Езу, праз Твае па­дзенні пад цяжарам крыжа

— будзь міласэрны да душаў, якія церпяць у чыстцы.

Ойча наш…

 

  1. Найласкавейшы Езу, праз балесныя цярпенні, калі з Цябе здзіралі адзенне,

— будзь міласэрны да душаў, якія церпяць у чыстцы.

Ойча наш…

 

  1. Найласкавейшы Езу, праз ахвяраванне Твайго Цела на дрэве крыжа

— будзь міласэрны да душаў, якія церпяць у чыстцы.

Ойча наш…

 

  1. Найласкавейшы Езу, праз Тваё кананне на крыжы ў вялікім болю і адзіноце

— будзь міласэрны да душаў, якія церпяць у чыстцы.

Ойча наш…

 

  1. Найласкавейшы Езу, праз балеснае прабіццё Твайго боку дзідаю

— будзь міласэрны да душаў, якія церпяць у чыстцы.

Ойча наш…

 

На заканчэнне:

Які за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над душамі, якія церпяць у чыст­цы (3 разы).

 

Малітва да Божай міласэрнасці
за памерлых

Ойча міласэрнасці і ўсялякага суцяшэння! Узглянь на душы памерлых, якія расплачваюцца паводле Тваёй Божай справядлівасці, і ачысці іх ад наступстваў усіх учыненых грахоў. Для Тваёй магутнасці і міласэрнасці ўсё магчыма. Калі Ты, Пане Божа, будзеш зважаць на нашыя беззаконні, ніхто не апраўдаецца перад Табою.

Валадар спакою, шчасця і прабачэння, у Цябе ёсць прабачэнне і шчодрае збаўленне. Ты сам, Адзіны Божа, сваёю ласкаю ўсіх збаўляеш, бо Ты — крыніца міласэрнасці! Адвярні Аблічча сваё ад іхніх грахоў, аблегчы ім цярпенні і вызвалі іх, Божа ўсемагутны.

О добры Езу! Праз Тваю Кроў, шчодра пралітую, праз Твае Найсвяцейшыя Раны, праз заслугі Тваёй Беззаганнай Маці і ўсіх святых, прабач памерлым усе іхнія правіны і ўвядзі ў вечную радасць, каб яны праслаўлялі Тваю бязмежную міласэр­насць на векі вечныя. Амэн.

 

Малітва
да Найсвяцейшага Сэрца Езуса
за памерлых

О Сэрца Езуса, невычэрпная крыніца суцяшэння! Збаўца душаў, праяві сваю мі­ласэрнасць да памерлых, якія церпяць у чыстцы, май ласку вызваліць гэтыя душы ад усялякіх караў, якіх яны заслужылі, і прымі іх да вечнага святла. О Найсвяцейшае Сэрца Езуса, забудзь пра іхнія правіны і грахі; няхай міласэрнасць Твая вызва­ліць іх ад пакарання, якое вызначыла ім Твая справядлівасць. О Сэрца Езуса, пры­мі гэтыя душы ў краіну вечнага адпачынку і шчасця. Выслухай маю пакорную і шчы­рую малітву, якую я да Цябе ўзношу, і адары сваім прабачэннем асабліва тыя душы, за якія сэрца маё найбольш павінна маліць Цябе, о Найсвяцейшае Сэрца Езуса.

Малюся за тых, чые правіны абцяжарваюць маё сумленне; за тых, для каго я стаў прычынаю граху, альбо не дапамог вярнуцца на добры шлях ні сваёй падтрымкай, ні ўласным прыкладам. Асабліва за гэтыя душы прашу Цябе, Найсвяцейшае Сэрца Езуса, праз усе Твае заслугі і праз заступніцтва Беззаганнага Сэрца Найсвяцейшай Маці. Выратуй таксама тыя душы, якія толькі cвяты Касцёл памятае ў сваіх малітвах, тых, хто загінуў на вайне і падчас розных стыхійных бедстваў, аварый, у няшчасных выпадках. Нам жа, каго Ты яшчэ захоўваеш пры жыцці, дай ласку шчырага пакаяння, каб усе мы дасягнулі збаўлення і маглі радавацца Тваёй хвале ў Нябесным Валадарстве. Амэн.

 

Малітва праз заступніцтва
святога арханёла Міхала
за памерлых

Пане Езу Хрыстэ, Валадару хвалы, захавай душы ўсіх памерлых вернікаў ад пякельных мукаў і ад глыбокай адхлані. Уберажы іх ад пашчы жорсткага льва. Няхай не паглыне іх бездань, няхай не ўпадуць яны ў цемру. Няхай святы арханёл Міхал, харунжы збаўлення, прывядзе іх да благаслаўлёнага святла, якое Ты абяцаў калісьці Абрагаму і яго патомству. Амэн.

Паводле малітоўнікаў:
«Вечны адпачынак дай ім, Пане…» (Мінск, «Про Хрысто», 2007),
«Хто ж як Бог!» (Мінск, «Про Хрысто», 2018).