Skip to content Skip to left sidebar Skip to right sidebar Skip to footer

Святы Пасад: адпусты для памерлых вернікаў можна атрымаць на працягу ўсяго лістапада

28 кастрычніка Апостальская Пэнітэнцыярыя абнародавала дэкрэт, якім у сувязі з пандэміяй была ўстаноўлена магчымасць атрымання на працягу ўсяго лістапада поўнага адпусту для памерлых.

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, рашэнне было прынята з увагі да просьбаў многіх пастыраў Касцёла і сітуацыі, звязанай з пандэміяй. Згодна з ім, сёлета, як і ў 2020 годзе, атрымаць адпуст для памерлых можна будзе не толькі на працягу актавы ўсіх памерлых вернікаў, але ўсяго лістапада.

Гэтыя дні, якія вернікі дабравольна для сябе выбяруць, могуць быць таксама не паслядоўнымі адзін за адным.

Поўны адпуст 2 лістапада, устаноўлены з нагоды ўспаміну Усіх памерлых вернікаў для тых, хто пабожна наведае касцёл ці капліцу і там памоліцца «Ойча наш» і «Веру», можа быць перанесены не толькі на папярэднюю або наступную нядзелю ці на ўрачыстасць Усіх Святых, але таксама на іншы дзень лістапада, паводле свабоднага выбару паасобных вернікаў.

Пажылыя, хворыя і ўсе тыя, хто па сур’ёзных прычынах не можа выходзіць з дома, напрыклад з-за ўведзеных кампетэнтнымі ўладамі абмежаванняў на час пандэміі, каб пазбегнуць вялікага скаплення вернікаў у святынях, могуць атрымаць поўны адпуст, духоўна яднаючыся з ўсімі іншымі вернікамі і не маючы ніякай прывязанасці да граху, а таксама з намерам як мага хутчэй выканаць тры звычайныя ўмовы (сакрамэнтальную споведзь, прыняцце святой Камуніі і малітву ў інтэнцыях Святога Айца).

Для гэтага ім неабходна памаліцца перад абразом Езуса ці Найсвяцейшай Панны Марыі за памерлых, напрыклад, прамовіць Ютрань і Нешпары з Літургіі гадзінаў за памерлых, Ружанец, Вяночак да Божай Міласэрнасці ці іншыя малітвы за памерлых, блізкія вернікам, або пэўны час чытаць і разважаць над евангельскім урыўкам, прапанаваным на літургію за памерлых, або зрабіць нейкі ўчынак міласэрнасці, ахвяруючы Богу боль і цяжкасці свайго жыцця.