Skip to content Skip to left sidebar Skip to right sidebar Skip to footer

Кожная наша малітва можа дапамагчы памерлым

«Прыйдзіце на дапамогу тым бездапаможным душам, мукі якіх непараўнальна большыя за ўсё, што можна перажыць у гэтым зямным жыцці».

СвАўгустын

«У малітве за памерлых праяўляецца нашая вера ў вечнае збаўленнеда якога чалавек таксама праходзіць праз чысцецЧысцец азначае стан ачышчэннястану якім душыпадрыхтаваныя да збаўленняда вечнага шчасцяяшчэ павінны ачысціццакаб дасягнуць канчатковай сустрэчы з Богам…».

Ян Павел ІІ, 4 жніўня 1999 г.

Каранавірус у пэўнай ступені — больш ці менш балюча — закранае людзей з розных кантынентаў. Гэта ўсё больш адчуваем і мы самі, і іншыя людзі, якія жывуць побач з намі. Аднак наступствы гэтай хваробы ідуць значна далей: яны пранікаюць ажно ў вечнасць — у чысцец.

Заўважым, напрыклад, некаторыя наступствы закрыцця святыняў у многіх краінах ці абмежавання магчымасці ўдзелу ў святых Імшах. Як жа зменшылася нашая дапамога душам чыстцовым! Немагчымасць у іх інтэнцыі прыняць святую Камунію падчас Эўхарыстыі (а гэтага так чакаюць нашы памерлыя, якія церпяць у чыстцы); немагчымасць ахвяраваць за іх поўны адпуст (бо адной з яго ўмоваў з’яўляецца прыняцце Цела Хрыста, а духоўная Камунія не дае магчымасці атрымаць адпуст); немагчымасць замовіць імшальныя інтэнцыі. Гэта толькі некаторыя аспекты ўздзеяння пандэміі па-за межамі зямнога жыцця. А тым часам толькі сам каранавірус ужо мае на сваім рахунку тысячы смяротных ахвяраў, якія, верагодна, таксама праходзяць праз чысцец. Сярод іх ёсць людзі розных канфесій, няверуючыя, вераадступнікі і г.д. Ці думалі гэтыя людзі падчас хваробы аб тым, каб сакрамэнтальна паяднацца з Богам, каб ізаляцыю і пакуты перажываць як ачышчэнне свайго сэрца і пад­рыхтоўку да сустрэчы з Богам? А што з іншымі людзьмі, тысячы якіх кожны дзень адыходзяць з гэтага свету ў вечнасць?

У гэтай сітуацыі хацелася б нагадаць, што, знаходзячыся ў стане асвячальнай ласкі, мы заўсёды можам дапамагаць канаючым і памерлым. Трэба нястомна маліцца за канаючых, каб у хвіліну смерці яны звярнуліся да Божай міласэрнасці.

Духоўная Камунія хоць і не дазваляе атрымаць поўны адпуст, але, ахвяраваная за памерлых, можа палегчыць іх цярпенні. Трэба не забываць, што ёсць магчы­масць атрымаць частковыя адпусты. Цяпер трэба засяродзіцца на іх, бо для іх атрымання патрабуецца толькі скруха сэрца (пра адпусты гл. малітоўнік «Вечны адпачынак»; часопіс «Ave Maria», № 2-3 за 2015 г., на сайце catholic.by, на сайце «Радыё Марыя»). Ахвяруйма душам у чыстцы нашу тугу па Эўхарыстыі і па адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту. Кожная наша малітва можа дапамагчы памерлым, таму дадавайма інтэнцыі за душы чыстцовыя да тых малітваў, з якімі кожны дзень звяртаемся да Бога, а таксама ўсе намаганні і цярпенні, звязаныя з пандэміяй каранавіруса, усе справы міласэрнасці, для якіх у нас цяпер ёсць яшчэ больш магчымасцяў (напрыклад, пераадоленне страху дапамагчы адзінокім, хворым і церпячым). Не будзем забывацца пра ўзаемную дабрыню і павагу да людзей, працай якіх мы па-ранейшаму карыстаемся (у шпіталях, крамах, аптэках і г.д.). А ў каго ёсць матэрыяльныя рэсурсы — калі ласка, ахвяруйце святыя Імшы за памерлых ад пандэміі віруса і ўсіх душаў, якія церпяць у чыстцы. Ахвяраванне на Імшу за памерлых будзе нашай своеасаблівай міласцінай (дзяліцца тым, што нам самім патрэбна) і нашым дадатковым дарам для душаў у чыстцы.

Ахвяраванне гэтых духоўных дабротаў за памерлых, а таксама іншыя духоўныя практыкі зусім не азначае, што мы нешта губляем самі. Наадварот, дапамагаючы ім дасягнуць неба, мы больш поўна адкрываемся на Божае благаслаўленне і звязаныя з ім Божыя ласкі. Такім чынам у нас з’яўляецца больш сілаў для змагання з гэтай такой няпростай сітуацыяй у нашым штодзённым жыцці.

Сястра Анна Чайкоўская WDCz