Skip to content Skip to left sidebar Skip to footer

Стол Божага слова

Сёння разам з айцом дамініканінам Томашам Грабоўскім ОР мы разважаем пра тое, што такое смерць у хрысціянскім уяўленні.

Успамін Усіх памерлых вернікаў, год С (02.11.2025)

Калі Езус прыйшоў у шабат да дому аднаго з кіраўнікоў фарысейскіх з’есці хлеба, яны сачылі за Ім. І вось, стаў перад Ім чалавек, які хварэў на вадзянку. Адазваўшыся, Езус спытаўся ў кніжнікаў і фарысеяў: «Ці дазволена вылечыць у шабат ці не?» Яны ж маўчалі. І, дакрануўшыся, аздаравіў таго і адпусціў. А ім сказаў: «Калі ў каго-небудзь з вас сын або вол упадзе ў студню, ці ж не выцягне адразу яго ў дзень шабату?» І яны не змаглі запярэчыць Яму на гэта.

(Лк 14, 1–6)

Заселенае неба

Да Хрыста смерць была зыходам у змрочную адхлань, Хадэс або Тартар. Колькі ж назваў людзі далі краіне памерлых! Даванне назвы — бездапаможная спроба асвоіцца з гэтаю рэчаіснасцю. Нібы адхлань — гэта месца на карце, у якое можна выбрацца ў падарожжа, у якім можна наведаць сваякоў, вярнуцца да таго, што было раней. У кожнай міфалогіі быў свой Арфей, і самыя розныя, самыя незвычайныя героі, у тым ліку Саўл, рабілі спробы ўстанавіць кантакт з памерлымі. Хоць паводле вераванняў душы памерлых пагружаліся ў летаргію, забыццё і роспач, жывыя хацелі, каб гэта быў проста сон. Нібыта смерць — гэта сон, а не няўхільны канец. На жаль, імкненне ўплываць на рэчаіснасць не змяняе яе прыроды. Насуперак міфам, памерлым заставалася зрабіць апошні ўздых, а жывым — прымірыцца са стратаю.

Толькі смерць Сына Чалавечага ператварыла адхлань — «канечную станцыю» занадта кароткага жыцця — у шлях дадому. Хрыстус збудаваў для нас гэты дом, а памерлыя аздабляюць яго ў чаканні нашага прыбыцця. Пра гэта таленавіта і пранікліва сказаў Антанен Сертыянж ОР у сваёй медытацыі адносна смерці: «Праз смерць сям’я змяняецца, але не сыходзіць у нябыт, яе частка ўступае ў нябачную рэчаіснасць. Мы думаем, што смерць — гэта адсутнасць, аднак жа з ёю распачынаецца ціхая прысутнасць. Мы думаем, што смерць стварае бясконцую адлегласць, аднак жа яна знішчае ўсялякую дыстанцыю, вяртае духу свабоду, абмежаваную целам. Смерць… Колькі ж повязяў яна аднаўляе, колькі межаў пераадольвае, колькі яна крушыць муроў, колькі змроку раз’ясняе! Калі мы таго жадаем… Жыць — значыць часта быць у расстанні, памерці — значыць з’яднацца нанова. Тут няма парадоксу. Смерць  асвячае, а не карае тых, хто пазнаў глыбіню любові. Па сутнасці, ніхто не памірае, бо ніхто не здольны пакінуць Бога. Аўтар жыцця не перарваў раптоўна свой твор, толькі перавярнуў старонку. Чым больш людзей ужо пакінулі дом, тым больш нябесных повязяў маюць пакінутыя. Жыхарамі неба з’яўляюцца не толькі анёлы, вядомыя і невядомыя святыя, і не толькі таямнічы Бог. Неба становіцца раднейшым за родны дом. Можна сказаць, гэта найвышэйшы паверх гэтага дома. Зверху ўніз сыходзіць памяць пра нас, паратунак, адказы на ўзнесеныя просьбы. Няхай так станецца».

 Айцец Томаш Грабоўскі ОР.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле: «W drodze».