Хто можа належаць да руху Апостальства дапамогі душам чыстцовым
Да руху Апостальства дапамогі душам чыстцовым можа належаць кожны практыкуючы католік (незалежна ад становішча і ўзросту), які прагне несці дапамогу душам чыстцовым. Шматтысячны апостальскі рух утвараюць пераважна свецкія асобы, але сярод сяброў АДДЧ ёсць таксама святары, клерыкі, сёстры законныя і законнікі з розных іншых супольнасцяў. Гэтая разнароднасць абумоўлена тым, што рэчаіснасць смерці датычыць кожнага чалавека. Кожны з нас памрэ, нягледзячы на тое, па якім шляху паклікання крочыць. З бачанняў чыстца, пра якія распавядаецца ў духоўных дзённіках святых нашага часу (напрыклад, св. айца Піо ці св. Фаўстыны Кавальскай) мы даведваемся, што ў стане ачышчэння пасля смерці знаходзяцца і душы свецкіх людзей, і душы святароў ды кансэкраваных асобаў. Таму ў кожным стане патрэбная малітва за памерлых — за тых, хто тут, на зямлі, не да канца ўдасканаліўся ў любові да Бога і бліжняга, хто не цалкам адказаў на Божую волю ў зямным жыцці.