Skip to content Skip to left sidebar Skip to footer

Навэнна за памерлых з благаслаўлёным а. Ганаратам Казьмінскім

Уступная малітва

(гэтую малітву можна чытаць адзін раз на пачатку ўсёй навэнны або на пачатку кожнага дня навэнны.)

Божа, Ойча спрадвечны, які свайго слугу, благаслаўлёнага Ганарата Казьмінскага, шчодра надзяліў дарамі Духа Святога, а таксама ласкаю асаблівай чуласці да цярпенняў душаў чыстцовых і да неабходнасці дапамагаць ім. Праз яго заступніцтва пакорна просім Цябе: прымі гэтую навэнну як дар для памерлых, якія прабываюць у чыстцы, каб дзякуючы Тваёй бясконцай міласэрнасці яны маглі дапоўніць сваё ачышчэнне, чэрпаючы з крыніцаў Найдаражэйшай Крыві Твайго Сына Езуса Хрыста, нашага Пана і Адкупіцеля, і дасягнуць шчаслівага паяднання з Табою ў хвале неба, дзе разам з Найсвяцейшай Дзевай Марыяй, з анёламі і святымі яны будуць Цябе праслаўляць і благаслаўляць праз усе вякі вечныя. Амэн.


1 Першы дзень.
Касцёл шчыра верыць у чысцец

Са спадчыны благаслаўлёнага Ганарата:

«Каталіцкі Касцёл у пакоры духа шчыра верыць у існаванне чыстца, месца кампенсацыі за грахі; верыць, што з Найсвяцейшым Богам ён не можа абвяшчаць нічога памылковага; шчыра верыць у тое, што міласэрны Бог ніколі не адкіне таго, хто яшчэ можа быць ачышчаным».

Вяночак за канаючых і памерлых (чытаецца на ружанцы)

Напачатку:
Ойча наш… Вітай, Марыя… Веру ў Бога…

На вялікіх пацерках:
Божа мой! Ахвярую Табе ў інтэнцыі канаючых і памерлых усе акты любові, якімі Сэрца Езуса аддавала Табе хвалу на зямлі.

На маленькіх пацерках:
О мой Езу! Будзь міласэрны да нас, да канаючых і памерлых, якія церпяць у чыстцы (10 разоў).

На заканчэнне:
Пане, будзь міласэрны да ўсіх памерлых і дай ім вечны спачын (3 разы).


2 Другі дзень.
Чысцец — найбольшае праяўленне любові і міласэрнасці Бога

Са спадчыны благаслаўлёнага Ганарата:

«Вязні чыстца любяць Бога і цярпліва пераносяць сваю кару, яны ўжо так сцвердзіліся ў дабрыні, што ніводная з гэтых душаў не хацела б апынуцца перад Божым Абліччам са сваімі грахамі і недасканаласцямі, пакуль цалкам не ачысціцца».

Вяночак за канаючых і памерлых. 


3 Трэці дзень.
Патрэба ў людзях, якія б ратавалі церпячыя ў чыстцы душы

Са спадчыны благаслаўлёнага Ганарата:

«Прысвячэнне сябе дапамозе душам чыстцовым — гэта неадкладная справа, бо іншыя церпячыя людзі нават калі пачакаюць, то не такую ўжо вялікую шкоду ім гэта прынясе, а для душаў чыстцовых кожная хвіліна — невымоўная мука».

Вяночак за канаючых і памерлых. 


4 Чацвёрты дзень.
Малітваю, міласцінай і постам несці палёгку душам у чыстцовых цярпеннях

Са спадчыны благаслаўлёнага Ганарата:

«Матэрыялізм сённяшняга свету вядзе да таго, што людзі, забываючыся пра несмяротнасць душы і пра неабходнасць клапаціцца пра яе, усю любоў да сваіх памерлых праяўляюць праз шматлікія картэжы на пахаваннях, праз раскошныя помнікі, часта падобныя, аднак, на язычніцкія <…>, але наогул не думаюць пра душы сваіх дарагіх памерлых, пра падараванне ім палёгкі ў нясцерпных чыстцовых цярпеннях малітваю, міласцінай, постам і самаахвярнасцю». 

Вяночак за канаючых і памерлых.


5 Пяты дзень.
Душам памерлых патрэбныя наша малітва і ўчынкі

Са спадчыны благаслаўлёнага Ганарата:

«Чысцец павінен існаваць да канца свету, бо заўсёды будуць такія душы, якім патрэбна поўнае ачышчэнне. Гэтыя душы церпяць страшэнна, яны любяць Бога ўсёю моцаю любові, сумуюць па Ім невыказнаю і неймавернаю тугою. Бог хоча для іх вечнага шчасця, але нішто забруджанае не можа ўвайсці ў нябесную святыню».

Вяночак за канаючых і памерлых.


6 Шосты дзень.
Кожная гадзіна палёгкі — гэта ласка для душаў, пра якую яны ніколі не забудуцца

Са спадчыны благаслаўлёнага Ганарата:

«Людзі, губляючы дарагіх сэрцу лю­дзей, часта не звяртаюць увагі на тое, што Бог, забіраючы іх з гэтай зямлі, найчасцей затрымлівае іх і нібыта расцягвае дарогу да неба для нясплачаных даўгоў справядлівасці, і што яны без дапамогі жывых не змогуць туды дацягнуцца».

Вяночак за канаючых і памерлых. 


7 Сёмы дзень.
Кожную, нават самую дробную справу, мы можам ахвяраваць для душаў памерлых

Са спадчыны благаслаўлёнага Ганарата:

«Кожная паслуга для хворага чалавека, кожная міласціна для беднага, кожнае слова суцяшэння для няшчаснага, кожная шчырая малітва, кожная святая Імша, святая Камунія, ахвяраванне — гэта вялікая палёгка для душаў памерлых людзей, бо многія з іх, як той спаралізаваны, што больш за трыццаць гадоў чакаў, і не было таго, хто б дапамог яму, апусціўшы яго ў купальню, доўгія гады церпяць у чыстцы, і нікога няма, хто прынёс бы ім палёгку». 

Вяночак за канаючых і памерлых. 


8 Восьмы дзень.
Марыя выводзіць церпячых з чыстца і праводзіць іх да неба

Са спадчыны благаслаўлёнага Ганарата:

«Шчаслівы той, хто прысвячае сябе Марыі, бо Яна падтрымлівае сваіх слугаў не толькі на зямлі, але нават у чыстцы. Божая Маці адкрыла гэта св. Брыгіце, кажучы: „Я Маці ўсіх душаў чыстцовых, бо ўсе цярпенні, якія яны пераносяць за свае грахі, кожную хвіліну па маёй просьбе змяншаюцца“».

Вяночак за канаючых і памерлых.


9 Дзявяты дзень.
Кожным нашым малітоўным уздыхам мы дапамагаем ім увайсці ў неба

Са спадчыны благаслаўлёнага Ганарата:

«Для ўзрастання Тваёй хвалы, мой Божа, трыадзіны ў сваёй сутнасці і ў Асобах, для больш блізкага наследавання найдаражэйшага Езуса Хрыста, майго Збаўцы, і для шчырага служэння маёй Маці міласэрнасці, Найсвяцейшай Панне, <…> бяру пастанову супрацоўнічаць у адкупленні і вызваленні гэтых зняволеных душаў, якія яшчэ не сплацілі Божай справядлівасці належных караў за грахі <…>. Абяцаю гэта Табе, мой Божа, з добрага жадання сэрца і ахвярую Табе сваё дабравольнае абяцанне, якім хачу вызваліць з чыстца ўсе душы, якія Найсвяцейшая Панна Марыя вызваліць хоча».

Вяночак за канаючых і памерлых.


Малітва на заканчэнне

Пане Езу, наш Бог і Адкупіцель! З вялікім даверам да Тваёй міласэрнасці мы асмельваемся прасіць, каб Ты прыняў і паблагаславіў гэты наш малітоўны дар для памерлых, церпячых у чыстцы, які складаем Табе праз рукі Беззаганнай Дзевы Марыі, Маці Міласэрнасці, і праз заступніцтва благаслаўлёнага Ганарата, верачы, што любоў і заслугі Тваёй Найсвяцейшай Маці, а таксама ахвяра жыцця Твайго вернага слугі нададуць яму высакароднасці і ўпрыгожаць яго, каб ён стаў дзейсным уміласціўленнем за неадпакутаваныя грахі душаў чыстцовых.

Няхай жа душы верных памерлых назаўсёды з’яднаюцца ў вечным шчасці з Табою, Пане Езу Хрыстэ, які жывеш і валадарыш з Богам Айцом, у еднасці з Духам Святым, Бог праз усе вякі вечныя. Амэн.

Паводле: S. Anna Czajkowska WDC,
«Z pomocą cierpiącym w czyśćcu», 2014.