Пра адпусты
Касцёл не толькі заахвочвае да дабрачыннасці і пакаяння, але жадае таксама дапамагчы хрысціяніну праз заслугі Езуса Хрыста і святых атрымаць ад міласэрнага Айца адпушчэнне часовай кары за грахі.
Хрысціянін, які ўчыніў грэх, пасля споведзі атрымлівае адпушчэнне грахоў і дараванне вечнай кары за гэтыя грахі. Аднак споведзь не вызваляе нас ад часовай кары за грахі. За іх наступствы мы павінны будзем уміласцівіць Пана Бога, і кампенсаваць за іх на зямлі або ў чыстцы. Касцёл па праву даручанай яму ўлады праз адпусты выбаўляе нас ад гэтай часовай кары за нашыя грахі. Дзякуючы адпустам вернікі могуць атрымаць выбаўленне ад часовай кары за грахі для сябе, а таксама для душаў, якія знаходзяцца ў чыстцы.
Кананічнае права Каталіцкага Касцёла вызначае адпуст як «дараванне перад Богам часовай кары за грахі, віна за якія ўжо прабачана. Вернік атрымлівае яго пры пэўных умовах для сябе самога або для памерлых праз паслугу Касцёла» (Катэхізіс Каталіцкага Касцёла. Кампендый, п. 312).
Што гэта азначае? Падчас споведзі святар адпускае чалавеку грахі, але наступствы граху застаюцца. Атрымаць адпуст — гэта значыць «ліквідаваць» наступствы граху.
Усталёўваць адпусты можа толькі найвышэйшая ўлада Касцёла — Папа Рымскі і тыя структуры, на якія Пантыфік ускладае гэтыя абавязкі. Часцей за ўсё гэта Апостальская Пэнітэнцыярыя — адмысловы трыбунал, які займаецца пытаннямі сакрамэнту пакаяння.
Першы адпуст быў удзелены ў 1019 годзе.
Поўны і частковы адпуст
Адпуст — частковы ці поўны — залежыць ад таго, у якой ступені ён вызваляе ад пакарання за грахі: часткова ці цалкам.
Поўны адпуст — гэта адпуст, калі чалавеку цалкам прабачаецца часовае пакаранне. Мы верым, што калі ахвяруем адпуст за памерлых, то душа памерлага поўнасцю ачышчаецца і ідзе ў неба.
Частковы адпуст — гэта, па сутнасці, кожная наша малітва, Ружанец ці Літанія. Ахвяруючы іх за памерлых, мы набліжаем іх збаўленне.
Адпуст можна атрымаць за саміх сябе або ахвяраваць яго за кагосьці з памерлых. Ахвяраваць адпуст за іншых жывых людзей немагчыма.
Прабачэнне грахоў удзяляецца падчас споведзі толькі жывым. Дараванне наступстваў граху можна ахвяраваць за памерлых. Менавіта за наступствы граху памерлыя і пакутуюць у чыстцы.
Нашыя малітвы і адпуст за памерлых ці за душы ў чыстцы ніколі не бываюць марнымі: нават калі мы не ахвяруем іх за кагосьці канкрэтна, Пан Езус «перанакіруе» іх у інтэнцыі тых, каму гэта неабходна.
Умовы атрымання адпусту
Поўнае або частковае адпушчэнне кары за грахі звязана з выкананнем пэўных умоваў.
Для атрымання адпусту трэба быць у стане ласкі, прыняць святую Камунію, быць вольным ад усялякай прывязанасці да якога-небудзь граху, нават лёгкага, прачытаць малітву ў інтэнцыях Святога Айца. Некаторыя з гэтых умоваў могуць быць выкананы за некалькі дзён да ўзгаданых вышэй чынаў, звязаных з адпустам, ці пасля іх. Аднак пажадана, каб святая Камунія і малітва ў інтэнцыях Святога Айца (інтэнцыях, у якіх моліцца Пантыфік) мелі месца ў гэты ж дзень (калі не ўсе ўмовы выкананыя, мы атрымліваем частковы адпуст).
Важнай перадумовай з’яўляецца тое, што вернік, які атрымлівае адпуст, павінен быць католікам і не павінен быць экскамунікаваны (не павінен мець касцёльных пакаранняў).
Таксама чалавек павінен мець намер атрымаць адпуст. Калі такога ўсведамлення няма, то адпуст удзелены не будзе.
Адпусты, якія можна атрымаць кожны дзень
Ёсць чатыры адпусты, якія можна атрымаць кожны дзень (адзін раз). Варта памятаць, што ў кожным з выпадкаў для атрымання адпусту трэба быць у стане ласкі (пасля споведзі), прыняць святую Камунію і памаліцца ў інтэнцыях Святога Айца.
1. Адпуст можна атрымаць пасля адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту. Калі чалавек на працягу паўгадзіны прымае ўдзел у адарацыі, ён атрымлівае поўны адпуст.
Такі адпуст можна атрымаць толькі адзін раз у дзень. Калі маліцца падчас адарацыі на працягу гадзіны, два адпусты чалавек не атрымае. Калі адарацыя трывае менш за паўгадзіны, то можна атрымаць частковы адпуст.
2. Адпуст за пабожнае чытанне Святога Пісання на працягу паўгадзіны «з належным стаўленнем пашаны да Божага слова як духоўнага чытання».
3. Адпуст за ўдзел у Крыжовым шляху — але пры умове, што вернік удзельнічае ў ім там, дзе знаходзіцца Крыжовы шлях са стацыямі (у касцёле, капліцы, Кальварыі і г.д.).
Падчас Крыжовага шляху вельмі важна разважаць над мукаю Пана Езуса. Варта таксама пераходзіць ад стацыі да стацыі, а не стаяць на месцы. Калі людзей шмат і для ўсіх магчымасці пераходзіць няма, то дастаткова, каб пераходзіў толькі той, хто вядзе Крыжовы шлях. Калі адна з гэтых умоваў не выкананая, то адпуст частковы.
Маліцца, разважаючы над Крыжовым шляхам, можна і дома, але за гэта не будзе адпусту.
4. Адпуст за прамаўленне адной часткі Ружанца (пяць таямніц) у касцёле, у капліцы, у сям’і, законнай супольнасці ці калі збіраецца адпаведная колькасць вернікаў.
Трэба прамовіць пяць дзясяткаў Ружанца без перапынку. Да малітвы трэба дадаваць разважанні. Таямніцы трэба называць поўнасцю, напрыклад: «Таямніца першая. Малітва Езуса ў садзе Аліўным».
За такое чытанне Ружанца ўдзяляецца поўны адпуст. Калі магчымасці прыняць святую Камунію няма, яе можна прыняць у бліжэйшы час.
Поўныя адпусты ў канкрэтныя дні
Ніжэй змешчаны пералік канкрэтных дзён літургічнага года, калі можна атрымаць поўны адпуст. Варта памятаць, што ў кожным з выпадкаў для атрымання адпусту трэба быць у стане асвячальнай ласкі (пасля споведзі), прыняць святую Камунію і памаліцца ў інтэнцыях Святога Айца.
1) 1 студзеня (Новы год), а таксама ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога — за пабожнае публічнае прамаўленне (або спяванне) гімну «Прыйдзі, Стварыцель Дух Святы» (с. ). Тэкст гімну павінен быць прачытаны поўнасцю;
2) у кожную пятніцу Вялікага посту пасля прачытання малітвы «Вось я…» (с. ) пасля прыняцця святой Камуніі перад выяваю Езуса Укрыжаванага;
3) у Вялікі чацвер і ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Пана нашага Езуса Хрыста — за пабожнае прамаўленне гімну «Праслаўляй, язык, нястомна» (с. ) (прынамсі два апошнія слупкі «Таямніцу Сакрамэнту»). У Вялікі чацвер гэта робіцца пасля перанясення Пана Езуса ў цямніцу, а ва ўрачыстасць Божага Цела – пасля заканчэння працэсіі;
4) у Вялікую пятніцу за пабожны ўдзел у Літургіі Мукі Пана і цалаванне крыжа пасля адарацыі;
5) у Пасхальную вігілію і ў гадавіну свайго хросту падчас паўтарэння абяцанняў, дадзеных пры хросце (можна паўтарыць іх прыватна);
6) ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса за публічнае прамаўленне Акту падзякі Найсвяцейшаму Сэрцу Пана Езуса (с. ). У іншыя дні за прамаўленне гэтай малітвы можна атрымаць часовы адпуст;
7) ва ўрачыстасць святых Апосталаў Пятра і Паўла за пабожнае цалаванне прадмету рэлігійнага культу: крыжыка, абразка, ружанца, медаліка, шкаплера, якія благаславіць Папа ці біскуп. Пры гэтым трэба таксама прамовіць Апостальскі сімвал веры (с. );
8) з 1 па 8 лістапада за пабожнае наведванне могілак і малітву за памерлых. Адпуст у гэты перыяд можна ахвяраваць толькі за памерлых. Прыняцце святой Камуніі дакладна ў гэты дзень для атрымання адпусту ў гэтым выпадку неабавязковае. Асобна поўны адпуст можна атрымаць 2 лістапада за наведванне касцёла ці капліцы і малітву за памерлых.
9) ва ўрачыстасць Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету за публічнае прамаўленне Прысвячэння роду людскога Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса («О Езу наймілейшы, Адкупіцель роду людскога», с. );
10) 31 снежня за публічнае прамаўленне гімну «Цябе, Бога, праслаўляем» (с. ) з падзякай Богу за атрыманыя на працягу года ласкі;
11) за прыняцце Першай святой Камуніі або за пабожны ўдзел у цырымоніі Першай святой Камуніі (для ўсіх вернікаў, якія прысутнічаюць на ўрачыстасці);
12) за удзел у святой Імшы, якую ўпершыню цэлебруе новапрэзбітэр. Адпуст можна атрымаць толькі падчас першай такой Імшы. Таксама новапрэзбітэр можа папрасіць у Апостальскай Пэнітэнцыярыі дазвол на некалькі першых Імшаў, падчас якіх можна атрымаць поўны адпуст;
13) за ўдзел у Эўхарыстычным набажэнстве, якое адбываецца на заканчэнне Эўхарыстычнага Кангрэсу;
14) за ўдзел у рэкалекцыях, якія працягваюцца прынамсі тры дні;
15) за пабожны ўдзел у некалькіх місійных навуках падчас урачыстага заканчэння парафіяльных місій;
16) за прыняцце папскага благаслаўлення Urbi et orbi (гораду і свету). Святы Айцец удзяляе яго ва ўрачыстасць Божага Нараджэння, ва ўрачыстасць Уваскрасення Пана або па сваім рашэнні. Гэтае благаслаўленне можна таксама прыняць «завочна»: падчас прамой тэлетрансляцыі, інтэрнэт-трансляцыі або радыётрансляцыі;
17) пры наведванні адной з чатырох рымскіх базылік ва ўрачыстасць апекуна адпаведнай базылікі, у кожнае абавязковае свята або раз у год, калі вернік наведвае гэтую святыню;
18) за ўдзел у набажэнствах у т.зв. «стацыйных касцёлах» у Рыме (у перыяд Вялікага посту Рымская дыяцэзія кожны дзень вызначае, якая святыня будзе стацыйнай);
19) падчас пастырскай візітацыі біскупа ў парафію за ўдзел у набажэнстве;
20) за наведванне парафіяльнага касцёла ў дзень тытулярнага свята (напрыклад, у мінскай архікатэдры — 12 верасня, у касцёлах пад тытулам святых Апосталаў Пятра і Паўла — 29 чэрвеня) або 2 жніўня (свята Маці Божай Анёльскай — т. зв. агульны адпуст).
21) за наведванне касцёла, у якім адбываецца Дыяцэзіяльны Сінод;
22) за пабожнае наведванне касцёла або ўшанаванне алтара ў дзень яго пасвячэння;
23) за пабожнае наведванне касцёла або манаскай капліцы ў свята заснавальніка манаскага ордэна ці кангрэгацыі.
Умовы атрымання частковых адпустаў
Існуюць тры асноўныя ўмовы для атрымання частковага адпусту:
1. Вернік атрымлівае частковы адпуст, калі падчас выканання сваіх абавязкаў і ў штодзённасці ўзносіць свае думкі да Бога, з пакорай і надзеяй, усклікаючы нават у думках пабожны заклік, напрыклад — Езус Хрыстэ, Сыне Бога жывога, змілуйся нада мной, грэшным.
2. Вернік, які кіруецца матывамі сваёй веры, калі прыходзіць на дапамогу патрабуючым, дапамагаючы ім асабіста або дзелячыся з імі сваімі дабротамі.
3. Калі вернік адмаўляецца ад чагосьці добрага і прыемнага для сябе, ахвяруючы гэта за душу памерлага або за сваю душу.
Таксама частковы адпуст звязаны з прамаўленнем многіх вядомых малітваў, літаній, пабожны знак крыжа і г. д.
Частковыя адпусты, у адрозненне ад поўных, можна атрымліваць шмат разоў у дзень.