У Дакументах Другога Ватыканскага Сабору згадваецца пра тое, што «ўсе хрысціяне любога стану і прафесіі пакліканы да паўнаты хрысціянскага жыцця і дасканалай любові» (LG 40), г. зн. да святасці. Падчас сакрамэнту святога хросту мы былі «прышчэпленыя» да Хрыста, атрымалі годнасць дзяцей Божых і задатак святасці як дар і заданне. Сваё пакліканне да святасці мы павінны рэалізоўваць ва ўсім сваім жыцці, згодна са словамі святога Паўла: «…Воля Божая — гэта асвячэнне вашае» (1 Тэс 4, 3). Таму імкненне да святасці не з’яўляецца чымсьці надзвычайным — гэта нармальны шлях для ўсіх вызнаўцаў Хрыста.
Даўцам святасці з’яўляецца сам Бог, які сваёй ласкаю няспынна падтрымлівае нас, каб мы былі здольныя выконваць Яго святую волю. Мы ж са свайго боку павінны ўвесь час прыкладаць намаганні да таго, каб адказваць на гэты Божы дар. Адна з асноўных умоваў узрастання на шляху да святасці — знаходжанне ў стане асвячальнай ласкі, дзякуючы якой мы яднаемся з Хрыстом, а таксама заўсёдны клопат пра развіццё нашага ўнутранага жыцця.
Памятаючы пра гэта, сябры АДДЧ павінны карыстацца дапамогаю, якую ахвяруе Касцёл:
- рэгулярна прыступаць да святых сакрамэнтаў, асабліва да сакрамэнту пакаяння і паяднання, у якім мы спазнаём прабачальную любоў міласэрнага Езуса, а таксама да сакрамэнту Эўхарыстыі, які з’яўляецца крыніцаю асвячэння;
- чытаць Святое Пісанне і разважаць над ім, каб такім чынам жывіцца Божым словам;
- весці малітоўнае жыццё;
- праяўляць дзейную любоў да бліжняга;
- карыстацца іншымі даступнымі сродкамі, якія дапамагаюць трываць у ласцы Божай і развіваць духоўнае жыццё.