Skip to content Skip to left sidebar Skip to right sidebar Skip to footer

Ванда Марыя Алендзкая

Ванда Алендзкая нарадзілася каля 1863 г. ў італьянскім горадзе Мерано. Яе жыццё з самага дзяцінства было пазначана крыжам. У хуткім часе пасля нараджэння яна страціла маці і першыя гады жыцця правяла ў французскім пансіёне ў Вроцлаве.

Напрыканцы 1867 г. яна была прынята ў пансіён, якім апекаваліся сёстры візітанткі (Кангрэгацыя адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі) ў Кракаве, і пражыла там каля 15 гадоў, атрымаўшы адпаведную адукацыю і грунтоўнае рэлігійнае выхаванне. Верагодна, у гэты час памёр яе бацька, а пасля на працягу аднаго года адышлі да Пана яшчэ два чалавекі з яе сям’і: дзядзька кс. Юльян Алендзкі і цётка Марыя Алендзкая-Эльцэнбэрг.

Супольнасць сясцёр візітантак у Кракаве распаўсюджвала культ Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса і набажэнства за душы чыстцовыя. Магчыма, ужо тады ў Вандзе зарадзілася моцнае жаданне аказваць дапамогу памерлым, якія церпяць у чыстцы, і, безумоўна, гэтае прагненне было ўзмоцнена асабістым досведам страты блізкіх. Сваё пакліканне яна хацела рэалізаваць, уступіўшы ў Кангрэгацыю сясцёр успамогі душам чыстцовым у Францыі. Каб больш поўна распазнаць Божую волю, яна звярнулася па параду да вядомага ў той час спаведніка айца Ганарата Казьміньскага. Ён прапанаваў ёй застацца на радзіме і заснаваць падобную супольнасць у Польшчы. Такім чынам 10 лістапада 1889 г. у Закрочыме ўзнікла бесхабітовая Кангрэгацыя сясцёр успамогі душам чыстцовым, галоўнай задачай якой было аказанне дапамогі памерлым.

Першыя сёстры кангрэгацыі на чале з Вандаю прысвяцілі сябе служэнню хворым і бедным, а звязаныя з гэтым клопаты і цяжкасці ахвяравалі за памерлых, якія церпяць у чыстцы. Апякуючыся хворымі падчас эпідэміі тыфу, маці Ванда сама заразілася ім. У выніку перанесенай хваробы яна не магла далей кіраваць супольнасцю, і сям’я забрала яе ў Люблін. Там яна і памерла 23 студзеня 1915 года.