Skip to content Skip to left sidebar Skip to footer

Малітвы расстання

А. Чайкоўская WDC, І. Златкоўская WDC.

Час расстання.
Хрысціянскае перажыванне жалобы.

Малітвы расстання

Усе мы ведаем, што расстанні з самымі блізкімі людзьмі — вельмі балючыя, але ж ніхто з нас не хацеў бы адмовіцца ад любові да людзей толькі для таго, каб потым не цярпець. Развітанні ўпісаныя ў чалавечае жыццё, і мы ў пэўным сэнсе мусім навучыцца перажываць іх так, каб адно расстанне не кінула глыбокага ценю на ўсе іншыя стасункі з людзьмі, якіх Пан Бог ставіць на нашым шляху.

Калі мы ўважліва прыглядзімся да свайго жыцця, то ўбачым, што ў ім няспынна адбываюцца развітанні — не толькі з людзьмі, але і з пачуццямі, з мясцінамі, з рэчамі, з чарговымі этапамі жыцця, з марамі аб будучыні, з любімымі жывёламі і г.д. Некаторыя з іх праходзяць спакойна, а некаторыя балюча раняць нашыя сэрцы, у залежнасці ад таго, наколькі блізкаю была для нас страчаная рэчаіснасць, колькі мы ўклалі ў яе саміх сябе, наколькі моцна атаясамлівалі з ёю сваё існаванне.

Аднак цяжэй за ўсё мы перажываем развітанне з любімымі людзьмі. Чым мацнейшымі былі нашыя повязі, тым больш болю прыносіць цярпенне. Нашыя сэрцы пагружаюцца ў глыбокую жалобу, таму што — і гэта трэба выразна падкрэсліць — разам з любімым чалавекам памірае нейкая частка нас саміх. Святы Аўгустын, які ў маладосці перажыў смерць сябра, напісаў у «Споведзі»: «Я не мог зразумець, як я, неадлучная частка яго асобы, быў у стане жыць, калі ён ужо не жыў». Затым ён спазнаў боль таксама ў сувязі са смерцю маці. Хоць сіла любові Аўгустына да гэтых найбольш дарагіх для яго двух людзей была аднолькава вялікаю і, несумненна, боль пасля іх страты быў вельмі пакутлівым, аднак смерць маці ён перажываў ужо як глыбока веруючы хрысціянін. Здавалася б, што ён, умацаваны вераю ва ўваскрасенне і вечнае жыццё, павінен быў спакойна прайсці праз гэтае выпрабаванне. На жаль, хоць св. Аўгустын вельмі стараўся і змагаўся з сабою, пасля пахавання, застаўшыся сам-насам, даў выхад свайму цярпенню: «Я думаў пра яе любоў і адданасць Табе [Божа], пра яе цярплівую чуласць да мяне, якой я раптам пазбавіўся. Суцяшэнне я спазнаў тады, калі заплакаў перад Табою аб ёй і над сабою, ахвяруючы Табе гэтыя слёзы ў яе і маёй інтэнцыі. Я ўжо не душыў у сабе плачу, дазволіў слязам пацячы струменямі. Нібы на мяккім ложы, спачыла маё сэрца на гэтых струменях, бо толькі Ты мяне чуў, і не чуў ніводзін чалавек, які мог быў з пагардаю паглядзець на мяне за тое, што я плачу».

Малітва слёз

Чым былі слёзы Аўгустына, калі не малітваю? Інакш яны не прынеслі б яму суцяшэння. Таму давайце не будзем саромецца слёз расстання. Гэта праява не нашай слабой веры, а сапраўднай любові. Бо Езус таксама, хоць і быў Сынам Божым, заплакаў каля магілы Лазара. Таму мы маем права на слёзы з прычыны страты. Нам даў іх сам Хрыстус. Аднак не ўсе могуць плакаць тады, калі трэба заняцца шматлікімі справамі, звязанымі са смерцю і пахаваннем. Часам трэба крыху пачакаць, перш чым мы зможам распачаць малітву слёз. Аднак важна, каб яна адбылася, каб мы далі сабе такую магчымасць і ўрэшце заплакалі, як Аўгустын, над памерлым чалавекам і над сваёю жалобаю.

Аднак калі слёзы становяцца празмернымі, плач перастае быць малітваю. Ён ужо не прыносіць суцяшэння, а ўсё больш уводзіць у стан прыгнечанасці нас саміх і тых людзей, якія знаходзяцца вакол нас. Таму давайце як людзі веры маліцца да Бога, каб Ён не дазволіў нам перайсці тую незаўважную мяжу, пасля якой слёзы становяцца цяжарам. Але ж як тут не плакаць, калі смерць была трагедыяй для ўсёй сям’і, калі хтосьці ўчыніў самагубства, калі кагосьці жорстка забілі, калі хтосьці адышоў ад нас так раптоўна — без слова развітання?..

У кнізе сучаснага тэолага а. Яцэка Салія ОР «Смерць, уваскрасенне, вечнае жыццё» было змешчана пытанне пра тое, як суцешыць маці пасля самагубства сына. Адказваючы на яго, аўтар прыводзіць народнае паданне пра  маці, якая, пагрузіўшыся ў роспач пасля страты дзіцяці, пайшла аднойчы ноччу да касцёла. Там яна стала сведкаю вялікай працэсіі душаў чыстцовых. Яе дзіця цягнулася ў самым канцы гэтай працэсіі, бо мусіла несці два цяжкія вядры матчыных слёз. Гэты аповед вельмі проста паказвае нам частку праўды пра еднасць святых. Смерць не разлучае нас цалкам з нашымі блізкімі. Таму для іх лёсу важна тое, як мы будзем паводзіць сябе пасля іх адыходу.

Далей айцец Салій тлумачыць, што калі ў перажыванні жалобы мы не будзем шукаць Божай волі і калі смерць блізкага чалавека становіцца прычынаю бясконцага духоўнага разлому, тады мы няздольныя да эфектыўнай дапамогі памерламу, якому яна вельмі патрэбная. Мы не павінны дазволіць, каб жалоба знішчыла нас, і гэта важна не толькі для нашага жыцця, але таксама і для памерлага чалавека, якому неабходна духоўная падтрымка. Тым больш, калі мы маем справу з самагубствам ці забойствам. Замест таго, каб упадаць у роспач з-за немагчымасці павярнуць час назад, трэба з усім запалам звярнуцца да Божай міласэрнасці.

Малітва бунту

Гэтай малітве нас вучыць Святое Пісанне, галоўным чынам псальмы. Калі мы зазірнем у гэтую кнігу, хутка заўважым там радкі, у якіх ёсць шмат болю, горычы і пачуцця пакінутасці — у той жа час яны напісаныя рукою натхнёнага аўтара і дадзеныя нам як прыклад малітвы, якую Бог жадае чуць:

Як доўга яшчэ, Пане,
будзеш вечна забываць пра мяне?
Як доўга яшчэ будзеш
адварочваць ад мяне сваё аблічча?
Як доўга мне яшчэ насіць
змаганні ў душы сваёй?
Смутак у сэрцы сваім дзень за днём?
<…>
Паглядзі, адкажы мне, Пане Божа мой,
асвятлі мае вочы, каб не заснуў я
сном смяротным.
(Пс 13 [12], 2–3а. 5)
* * *
Ты нас адкінуў і зламаў нас, Божа,
разгневаўся Ты, але вярніся да нас.
Ты ўскалануў зямлю, разбіў яе,
вылечы разломы яе, бо яна хістаецца.
Ты даў народу свайму ўбачыць цяжкае,
напаіў віном галавакружэння.
(Пс 60 [59], 3–5)
Узгадваю пра Бога і енчу,
разважаю, — і дух мой знемагае.
Ты трымаеш павекі маіх вачэй,
я непакоюся і не магу гаварыць.
Разважаю пра даўнія дні,
пра мінулыя гады.
Успамінаю ноччу свае песні,
разважаю ў сэрцы маім, і дух мой дапытваецца:
хіба адкінуў Пан навекі
і не будзе больш спагадаць?
Хіба назаўсёды скончылася Ягоная міласэрнасць,
няўжо скончылася Ягонае слова
з пакалення ў пакаленне?
Няўжо Бог забыў пра літасць
і ў гневе затрымаў сваю міласэрнасць.
І сказаў я: «Балюча мне,
што змянілася правіца Найвышэйшага».
(Пс 77 [76], 4–11)

Несумненна, многія людзі, якія перажываюць жалобу, падпісаліся б пад гэтымі поўнымі болю дакорамі, звернутымі да Пана Бога. І добра, калі б так і было. Заўважым, што псальміст, наракаючы, абвінавачваючы ў адпрэчванні, асуджаючы за недахоп любові ці зацікаўленасці чалавечымі лёсамі, увесь час звяртаецца да Бога, а значыць моліцца! Для Пана Бога важна, каб мы станавіліся на малітву ва ўсёй праўдзе свайго сэрца. Калі ў дадзены момант жыцця я адчуваю раздзіраючы боль і пачуццё пакінутасці, то было б проста фарысействам рабіць выгляд, што гэта не так. Бог і так ведае праўду пра нас, таму хоча, каб на малітве мы былі праўдзівымі — і перад Ім, і перад самімі сабою.

У жалобе, асабліва на яе пачатковым этапе, мы можам быць не ў стане карыстацца вывучанымі дагэтуль малітоўнымі формуламі, можа, нам будзе цяжка нават узяць у рукі ружанец. Пачуццё ўнутранай пусткі і балючага разлому можа рабіць уражанне, што мы не здольныя да якой-небудзь малітвы ўвогуле. Не трэба дакараць сябе з гэтай прычыны. Бог не чакае, што ў такі момант мы будзем «ветлівыя» з Ім, баючыся абразіць Яго крыкам збалелага сэрца. Пан Бог хоча пачуць наш гнеў, бунт і плач.

Малітва супольнасці Касцёла

Вялікаю мудрасцю Касцёла з’яўляюцца пахавальныя цырымоніі. Гэта адзін з найважнейшых спосабаў разважання над расстаннем з памерлым, такога, каб у сэрцы было пасеяна чаканне сустрэчы, якая адбудзецца ўжо ў паўнаце радасці — у Доме Айца. У некаторых рэгіёнах нашага краю практыкуецца звычай збірацца каля труны з целам памерлага, каб маліцца ў супольнасці людзей, якіх у рознай ступені закрануў боль расстання. Таму нават калі факт смерці нібы замкне кагосьці ў цярпенні і будзе перашкаджаць непасрэдна звяртацца да Бога ўласнымі словамі, гэты чалавек можа проста быць побач з тымі, хто моліцца, і далучацца да малітваў цэлай супольнасці.

Малітва спадарожнічае памерламу таксама ў дарозе да касцёла і потым — да могілак. А яе кульмінацыйным момантам з’яўляецца Эўхарыстыя, цэлебраваная ў інтэнцыі памерлага. Святая Імша — гэта самы каштоўны дар для любімага чалавека, з якім мы развітваемся, а таксама для тых, хто застаецца ў жалобе. У ёй Хрыстус аддае самога сябе ў ахвяру, перамагае смерць і адорвае вечным жыццём.

Каб перажыць

Трэба вытрываць у пастанове маліцца для таго, каб жалоба, перажытая няправільна, не знішчыла нас і нашых адносінаў з людзьмі. Вытрываць хаця б у такой простай і кароткай малітве, як адзін уздых сэрца: «Божа, дадай мне сілаў», «Пане, змілуйся над намі», «Стань каля мяне, Пане, бо я прыгнечаны». Для пачатку гэтага хопіць. Потым трэба дазволіць сабе хвіліны задумення, разважання, услухоўвання ў тое, што Пан Бог хоча мне сказаць. Хвіліна чытання Божага слова, спалучаная з кароткаю рэфлексіяй, можа, і не адразу рассее змрок цярпення, можа, не палепшыць самаадчуванне, але паволі падрыхтуе нас да таго, каб з нашых вачэй спала заслона і дазволіла нам выйсці насустрач таму, чаго жадае Пан Бог. Дзякуючы гэтай малітве мы ўрэшце зможам паглядзець на ўсё вачыма веры і ў яе святле адкрыемся на далейшыя жыццёвыя выклікі.

Пераклала з польскай мовы Ганна Шаўчэнка.