Skip to content Skip to left sidebar Skip to footer

Смерць — цярпенне расстання

А. Чайкоўская WDC, І. Златкоўская WDC.

Час расстання.
Хрысціянскае перажыванне жалобы.

Смерць — цярпенне расстання

Смерць — гэта вельмі пакутлівае цярпенне, якое не абмінае ніводнага чалавека. Гэта рэчаіснасць, якая датычыць кожнага, бо кожны з нас раней ці пазней з ёю сутыкнецца. Смерць, адыход таго, хто яшчэ зусім нядаўна быў побач з намі, з кім мы маглі дзяліць сваё жыццё, радасць і смутак, шчасце і няшчасце… Чалавек адышоў… Засталася пустка і звязаныя з ёю непазбежны смутак, унутраны боль, можа, цемра і нават адзінота.

Чаму? Гэтае пытанне найчасцей вырываецца з нашага сэрца, якое спазнала няшчасце. Чаму ён памёр так рана, у гэты момант, чаму пакінуў мяне менавіта цяпер, чаму ўсё адбылося такім чынам, чаму?! Чаму смерць, боль і прамінанне існуюць у нашым жыцці?

Смерць прысутнічае ў прыродзе, у нашым жыцці. Гэтак жа натуральна і непазбежна яна выклікае ў нас супраціўленне і бунт. У Евангеллі — Добрай Навіне, якую прынёс Езус, мы можам пачуць: «Калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, не памрэ, то застанецца адно, а калі памрэ, то прынясе багаты плён» (Ян 12, 24); «Хто хоча ўратаваць жыццё сваё, загубіць яго, а хто загубіць жыццё сваё дзеля Мяне, той знойдзе яго» (Мц 16, 25).

Хоць смерць і прысутнічае скрозь у нашым жыцці, яна з’яўляецца таямніцаю. Гэта таямніца над таямніцамі, бо вельмі цяжка зразумець, якім жа чынам яна можа стаць штуршком да духоўнага росту і больш поўнага жыцця, калі, напрыклад, гэта была трагічная смерць.

Смерць блізкай асобы заўсёды стварае незваротную сітуацыю. Чалавек, пагружаны ў жалобу, балюча перажывае ўзніклую пустку, яго раніць прысутнасць людзей, месцы і прадметы, якія нагадваюць пра таго, хто адышоў. Памерлы ўжо ў руках Бога. А таго, хто застаўся, мучыць джала жалобы, і яно тым больш калючае, чым цяжэйшаю была сама смерць. Факт натуральнай смерці цяжка перажывае кожны чалавек, таму што Бог стварыў нас для несмяротнасці. Аднак раптоўная і неспадзяваная смерць — надзвычай складанае выпрабаванне. Часам чалавеку даводзіцца або самому стаць перад яго абліччам, або перажыць гэта ў сувязі са стратаю бліжняга, якога ён любіць.

Чалавечая псіхіка скаланаецца ад неспадзяваных і цяжкіх цярпенняў. Мы  не хочам думаць пра крайнія сітуацыі нашага жыцця. Чаму так адбываецца? Чаму чалавек баіцца падступіцца тых межаў, якія спазнае ў сабе, у іншых і ў навакольным свеце?

Адрыяна фон Спейр у кнізе «Смерць» піша, што чалавек пасля грэхападзення пачаў спазнаваць смерць як жорсткі і раптоўны канец, бо страціў спантанную повязь любові з Богам і ўсведамленне таго, што ягонае жыццё належыць Створцу. У свеце, які створаны Богам як добры, чалавек пачынае будаваць свой уласны маленькі свет і да гэтага фармату дастасоўвае ўласнае мысленне і ўласныя імкненні. Часам яму здаецца лішнім пытанне «Што потым?» Ён лічыць нявартым выходзіць па-за тое, што даступна яго зроку і пачуццям. Часта яму таксама здаецца, што не трэба лічыцца з Божым словам, Божым планам і запаведзямі. Чалавеку становіцца вельмі цяжка сваімі думкамі і планамі сягаць па-за межамі смерці. І той факт, што Бог мае адносна чалавека далейшыя намеры, здаецца ідэяй, нібы пазбаўленай рэальнага сэнсу. Затое чалавек з вялікаю прадбачлівасцю імкнецца пашыраць межы свайго зямнога існавання, абшар сваёй улады і пазнаваўчыя магчымасці. Ён надае велізарнае значэнне ўсяму зямному, каб задаволіць прагненне велічы, да якой кожнага з нас і стварыў Пан Бог.

Цалкам нармальна тое, што чалавек любіць сваё жыццё і ўздрыгвае перад смерцю. Таму, калі ў нашае жыццё нечакана ўрываецца хвароба, бяда, няшчасны выпадак ці смерць, вельмі часта чалавек пачынае змагацца з Богам, з іншымі або з самім сабою. У гэтым мучэнні, здаецца, немагчыма пачуць і зразумець Божы голас. Чалавек не можа ўсвядоміць, што разбураецца той свет, які ён сам спрабаваў збудаваць, і што Бог дае яму шанец знайсці сябе і сваё жыццё ў большым — Божым — свеце.

Такі цяжкі досвед, перажыты з вераю, — гэта жывая і непасрэдная інтэрвенцыя Бога ў чалавечае жыццё. Рука Бога пачала выкоўваць нашую душу. Гэты нечаканы Божы дотык, што дашчэнты разбурыў пабудову толькі нашых уласных рук, па сваёй сутнасці вядзе да спазнання Божага Провіду. Сам Бог пасылае спрыяльны час, каб са смерці нашых уласных планаў, уласных меркаванняў і ўяўленняў дзякуючы ачышчэнню веры мы маглі разглядзець Яго самыя таемныя планы адносна нас і нашага жыцця. Калі мы ў гэты момант уцякаем ад сустрэчы з Богам, гэта заўсёды азначае ўцёкі ад уласных межаў,  ад крохкасці і прамінальнасці нашага чалавечага існавання. А калі замыкаемся ў сабе — марнуем шанец на сапраўдную сустрэчу з Богам, з самім сабою і з іншым чалавекам.

Адэкватнае перажыванне крайніх сітуацый — гэта шанец на сустрэчу з паўнатою ўцелаўлёнай Божай любові — з Езусам Хрыстом, які ўзяў на сябе нашыя слабасці і ў ранах якога мы знойдзем сваё аздараўленне. Тады страта і смерць не будуць толькі ценем і попелам, якім пакрываецца кожная хвіліна нашага жыцця. Тады мы будзем здольныя даверыць сябе і памерлых Богу — жывому Богу, бо Ён — Бог жывых.

Тады і культ памерлых не будзе павярхоўнаю традыцыяй у форме пастаўленага помніка, запаленых знічаў, кветак і слёз жалю. Цярпенне пасля страты любімага чалавека стане шанцам на ўмацаванне ў нас веры ў тое, што далоні Бога заўсёды адкрытыя для нас у Яго Сыне, які памёр за нас на крыжы. Цярпенне — гэта асаблівая нагода для ўмацавання ў нас надзеі на тое, што там, дзе смерць заканчвае час зямнога вандравання чалавека, мы не ўпадаем у пустку, а трапляем у рукі Бога, які даў нам жыццё і зноў прымае нас да сябе; надзеі на тое, што ў кожнай смерці людская прамінальнасць адкрываецца на вечнасць Бога.

Таму, прымаючы ўдзел у пахаванні, у цырымоніі апускання цела ў зямлю, памятайма, што нашыя памерлыя блізкія прабываюць не ў магілах. Іх там няма, і нас таксама там не будзе. У магілах спачываюць толькі зямныя парэшткі чалавека, якія мы атуляем належнаю пашанаю. Гэта месца, куды мы можам прыйсці з кветкамі ці са знічам, дзе нам, мажліва, лягчэй маліцца за памерлых, але не тут знаходзіцца мэта нашага зямнога пілігрымавання. Святой памяці ксёндз Юзаф Тышнер у адной са сваіх кніг назваў могілкі «зямлёю адмовы», бо могілкі нібы кажуць: «Не тут, не тут знаходзіцца твой крэс». Для тых, хто верыць у Хрыста, могілкі з’яўляюцца таксама «зямлёю ўспаміну» пра абяцанне, якое нам даў Езус: «У доме Айца Майго шмат святліц. А калі б так не было, ці сказаў бы вам, што іду падрыхтаваць месца для вас. І калі пайду і падрыхтую вам месца, прыйду зноў і забяру вас да сябе, каб і вы былі там, дзе Я» (Ян 14, 2–3). Трымаймася за гэтыя словы, як за выратавальны круг, каб пасля страты кагосьці любімага не патануць у бяздонні болю.

Пераклала з польскай мовы Ганна Шаўчэнка.