Skip to content Skip to left sidebar Skip to footer

Анёлы і чысцец

с. Анна Чайкоўская WDC

Анёлы і чысцец

«Які анёл найважнейшы для нас і для душаў чыстцовых?
Святы арханёл Міхал. Ён наймацнейшы перад абліччам усялякага зла,
і мы павінны часта прасіць яго аб абароне не толькі для сябе, але таксама і для душаў чыстцовых.
Мы павінны штодзённа прасіць яго,
каб ён аберагаў нас і нашыя сем’і — і жывых, і памерлых.
Яны будуць вельмі ўдзячныя!»

(Марыя Сімма і Нікі Эльц «Вызваліце нас адсюль», с. 72)

У апісанні аднаго з містычных бачанняў святой Хільдэгарды Бінгенскай напісана, што «ўсемагутны і неспасцігальны Бог <…> прызначыў шчаслівых анёльскіх духаў для збаўлення людзей і для хвалы свайго імені. Якім чынам? Ён стварыў анёлаў такім чынам, што адны з іх прыходзяць з дапамогаю да людзей у пэўнай патрэбе, іншыя абвяшчаюць людзям Яго таямнічыя замыслы» («Scivias, VI, 1»). З многіх такіх і падобных сведчанняў святых людзей і праведных містыкаў мы даведваемся, што Пан Бог рэалізуе сваю волю ў адносінах да людзей у тым ліку праз анёлаў. Яны — Божыя пасланнікі — паслухмяныя Яго волі, атуляюць нас апекаю пры жыцці і пасля смерці, падтрымліваюць сваім заступніцтвам у цяжкасцях і нягодах зямнога жыцця, а таксама ў хвіліну канання, на Божым судзе і ў ачышчэнні сэрца пасля смерці (пар. св. Фаўстына Кавальская «Дзённік», Алессіа Парэнтэ OFM Cap «Айцец Піо. Прышлі да мяне свайго Анёла Ахоўніка», св. Брыгіта Шведская «Прароцтвы і аб’яўленні», св. Гертруда Хельфцкая «Вястун Божай любові», св. Хільдэгарда Бінгенская «Scivias», св. Матыльда Магдэбургская «Струмень святла Боскасці»).

Чаму я ў першую чаргу згадваю пра сведчанні? Таму што іх людзі чытаюць часцей за ўсё. У эпоху інтэрнэту мы маем да іх вельмі шырокі доступ. Акрамя таго, змест сведчанняў лягчэй засвойваецца, чым саборныя і папскія пастановы ці тэалагічныя трактаты. Трэба ўсведамляць, што, на жаль, многія людзі толькі ў сведчаннях шукаюць духоўны спажытак. Несумненна, лепш было б знаёміцца з творамі святых па кніжных выданнях, якія суправаджаюцца тэалагічным каментарыем, што дае адпаведную і неабходную інфармацыю для належнага разумення зместу. Але гэта ідэал, да якога імнецца ўсё менш людзей — з-за нежадання чытаць або з-за глыбока разважаць над тэкстам.

Хільдэгарда Бінгенская, выказванне якой працытавана вышэй і якую папа Бэнэдыкт XVI у 2012 г. далучыў да ліку святых дактароў Касцёла, шмат распавяла не толькі пра анёлаў і арханёлаў. Варта зазірнуць у яе творы. Аднак аповед святой, як і іншых містыкаў, заўсёды трэба супастаўляць з вучэннем Касцёла.

Праўда веры

Існаванне анёлаў — гэта праўда веры каталіцкага Касцёла, угрунтаваная перш за ўсё на Святым Пісанні і Традыцыі, таму яна мае вельмі моцны фундамент. Анёлы — асабовыя, несмяротныя духоўныя істоты, створаныя Богам. Яны адораныя розумам і вольнаю воляю, таму ў іх ёсць імкненне да дабра, любоў і здольнасць уступаць у адносіны з Богам, чалавекам і ўсім створаным светам. Іх натура больш дасканалая за натуру іншых стварэнняў, таму сваёю дасканаласцю яны пераўзыходзяць таксама людзей. Анёлы няспынна праслаўляюць Бога і выконваюць Яго даручэнні для дабра ўсяго чалавецтва. Цэнтрам анёльскага свету з’яўляецца Хрыстус, бо праз Яго, у Ім і для Яго яны былі пакліканыя да існавання (пар. ККК 329–331). Толькі такім ў такім ключы належыць разглядаць быццё і дзейнасць анёлаў, бо яны з’яўляюцца слугамі збаўчых намераў Бога. Такім чынам, культ анёлаў заўсёды павінен быць скіраваны на Божую хвалу — у тым ліку тады, калі звязаны з іх дапамогаю памерлым, якія церпяць у чыстцы.

Вучэнне пра анёлаў, змешчанае ў катэхізісе, вельмі сціслае і канкрэтнае. Яно ўказвае на тое, што анёлы прысутнічаюць у гісторыі свету з моманту яго стварэння і на працягу ўсёй гісторыі стварэння. Яны спадарожнічалі Божаму Сыну з хвіліны Яго ўцелаўлення ажно да ўнебаўшэсця і будуць прысутнічаць у той час, калі Ён паўторна прыйдзе на зямлю, каб судзіць жывых і памерлых. Паколькі Касцёл — Містычнае цела Хрыста, анёлы служаць яму і падтрымліваюць таксама нас, бо мы з’яўляемся часткаю Касцёла, больш за тое, «святыняю Духа Святога» (1 Кар 6, 19). Анёлы ўдзельнічаюць таксама ў літургіі Касцёла, яднаючыся з вернікамі ў праслаўленні Бога. Акрамя таго, яны апякуюцца паасобнымі народамі, мясцовымі Касцёламі, а таксама кожным чалавекам — з’яўляюцца нашымі Анёламі Ахоўнікамі (пар. ККК 332–336). Анёлалогія, або навука пра анёлаў, — гэта адзін з раздзелаў дагматычнай тэалогіі (гл. Czesław Bartnik «Dogmatyka katolicka», Lublin, 2009; Wincenty Granat «Ku człowiekowi i Bogu w Chrystusie. Zarys dogmatyki katolickiej», Lublin, 2013).

Варта згадаць, што Касцёл таксама спалучыў магчымасць атрымання частковых адпустаў з малітваю да Анёла Ахоўніка. У актуальным «Пераліку адпустаў» напісана, што «частковы адпуст удзяляецца верніку, які пабожна звернецца да свайго Анёла Ахоўніка ў зацверджанай малітве, напрыклад: «Анёле Божы, дружа мой, ты заўсёды будзь са мной. Рана, ўвечар і ўначы будзь ласкаў мне памагчы змагаць духа злога, верна служыць Богу. Душу, цела сцеражы, да жыцця вечнага давядзі. Амэн» («Wykaz odpustów. Normy i nadania», Katowice, 2014, s. 69). Пра ролю, якую анёлам прыпісвае Касцёл, сведчаць таксама літургічныя тэксты ў пахавальных абрадах. Вернікі моляцца, каб анёлы завялі душу ў рай («Obrzędy pogrzebu», Katowice, 2017). У той жа час у трыдэнцкай пахавальнай святой Імшы арханёла Міхала як князя анёлаў заклікаюць у малітве ахвяравання, каб ён правёў памерлага да Божага святла (пар. «Mszał Rzymski», Poznań, 1963, s. 1297).

Апека ў вечнасці

Анёлы няспынна апякуюцца намі, хоць звычайна іх умяшанне ў нашае жыццё скрытае перад намі, таму мы рэдка яго ўсведамляем. Тое, што Пан Бог учыніў для нашага дабра праз сваіх пасланнікаў, мы найчасцей прыпісваем самім сабе, радуючыся сваёй знаходлівасці. Але ёсць такі момант, у якой апека анёлаў пачынае быць больш заўважнаю і набывае асаблівае значэнне, — гэта хвіліна, калі чалавек пераступае парог смерці. Вось як пра гэта піша св. Хільдэгарда: «Калі чалавечая душа пакідае сваё жытло, анёльскія духі — і добрыя, і здрадлівыя, — прыбываюць паводле справядлівай і слушнай Божай пастановы. Гэтыя духі назіралі за ўчынкамі душы, якія яна рабіла, знаходзячыся ў целе, каб як толькі душа вызваліцца, павесці яе за сабою. Духі чакаюць справядлівага прысуду Суддзі адносна гэтай душы ў той момант, калі яна вызваліцца з цела, каб павесці яе туды, куды загадае Найвыэйшы Суддзя, улічваючы вартасць яе ўчынкаў» («Scivias», IV, 29).

Анёл Ахоўнік — найбліжэйшы абаронца паміраючага чалавека, якога ў гэты час дэманы нярэдка спакушаюць на сумненні ў Божай дабрыні і любові. Чым больш блізкая сувязь яднала нас з Анёлам Ахоўнікам падчас зямнога жыцця, тым больш эфектыўным будзе яго дзеянне для нашага пачуцця бяспекі ў момант адыходу ў вечнасць.

Спадарожнічаць нам у хвіліну смерці можа таксама святы арханёл Міхал. «Святы Міхал, — напісана ў «Рукапісе з чыстца», — прысутнічае ў той момант, калі душа пакідае цела. У гэты час яго бачылі і я, і кожная душа, якая адыходзіць у вечнасць. Ён з’яўляецца сведкам і выканаўцам Божай справядлівасці. <…> Святы Міхал заносіць душу ў чысцец» («Rękopis z czyśćca», s. 61). У гэтым выданні ёсць таксама вельмі цікавая інфармацыя пра тое, што «найлепшы спосаб ушанаваць святога арханёла Міхала ў небе і на зямлі — настойліва распаўсюджваць набажэнства да душаў чыстцовых і пашыраць звесткі пра найвялікшую місію, якую выконвае святы Міхал для душаў, церпячых у чыстцы. Менавіта яму Бог даверыў праводзіць душы да месца пакаяння, а пасля вызвалення з чыстца — уводзіць іх у вечны дом. Кожны раз, калі якая-небудзь душа далучаецца да кола выбраных, Бог праслаўляецца праз яе, і Яго хвала сыходзіць таксама ў пэўнай ступені на гэтага слаўнага нябеснага слугу. Для арханёла Міхала гэта гонар — ставіць перад Панам душы, якія хочуць апяваць Яго міласэрнасць, яднаючыся ва ўдзячнасці з абранымі на ўсю вечнасць. Не магу табе апісаць той вялікай любові, якою палае гэты нябесны арханёл адносна Боскага Настаўніка, а таксама той, якою Бог адорвае яго ўзаемна, урэшце, любові і вялікай літасці, якую гэты святы арханёл мае адносна нас (памерлых. — А. Ч.). Менавіта ён дадае нам адвагі ў цярпенні, гаворачы нам пра неба. Скажы айцу (духоўнаму. — А. Ч.), што калі ён хоча падабацца святому Міхалу, няхай настойліва даручае набажэнства да душаў чыстцовых. У свеце пра гэта зусім не думаюць <…> Калі добры Бог дазваляе, мы можам кантактаваць з арханёлам непасрэдна, гэтак жа як духі і душы кантактуюць паміж сабою <…>. У дзень свайго свята арханёл Міхал прыбыў у чысцец і вярнуўся ў неба з многімі душамі, асабліва з тымі, якія на зямлі практыкавалі набажэнства да яго» («Rękopis z czyśćca», s. 51–52).

Знакава таксама тое, што анёлы былі спадарожнікамі многіх святых у іх містычных вандроўках у іншы свет (напрыклад, св. Фаўстыны, св. Людвіны, св. Магдалены дэ Паццы, св. Марыі Крэсцэнцыі Хёс, фацімскіх дзяцей або бл. Анны Кацярыны Эмэрых). Як добрыя спадарожнікі яны дбалі пра сваіх падапечных, каб тыя былі ў стане знесці тое, што ўбачылі. Святая Фаўстына напісала, што Анёл Ахоўнік ні на хвіліну не адступаў ад яе і менавіта ён вырашаў, ці можа яна ўступіць у дыялог з душамі чыстцовымі або са святымі ў небе («Дзённік», 20, 683, 741). А сучаснай містычцы Натуццы Эвола, Анёлам Ахоўнікам якой з’яўляецца сам арханёл Міхал, менавіта анёлы паведамлялі звесткі адносна лёсу памерлых, пра якіх у яе пыталіся. Яна толькі паўтарала словы анёлаў (пар. Luciano Regolo «Stygmatyczka», s. 91–92). Першы біёграф Натуццы напісаў: «Яна бачыць анёлаў у чалавечым целе, ззяючым і прыгожым, з крыламі і доўгімі светлымі валасамі. Анёлы з’яўляюцца там, дзе Бог пажадае, каб яны сталі бачнымі для людзей. Калі Бог дазваляе, Натуццы бачыць Анёла Ахоўніка, які стаіць з правага боку кожнага з нас у залатым, блакітным ці белым адзенні. Гэты анёл, маючы заданне дапамагчы нам пераадолець спакусы і суцешыць нас у карах чыстцовых, спадарожнічае нам ажно да таго часу, калі мы будзем прынятыя ў рай, або пакідае нас у хвіліну смерці ў выпадку асуджэння, і потым атрымлівае новую душу пад сваю апеку» («Stygmatyczka», s. 93).

Гэта важная інфармацыя для ўсіх, хто жыве на зямлі, бо мы можам смела прасіць Анёлаў Ахоўнікаў і арханёлаў, каб яны разам з намі маліліся і «сыходзілі» ў чысцец з духоўным плёнам малітвы і добрых учынкаў, дапамагалі нам глыбей разумець патрэбы церпячых душаў, каб мы змаглі адэкватна адказаць на іх. Арханёлы і анёлы вельмі шчаслівыя, калі  памерлыя пакідаюць чысцец, бо тады павялічваецца Божая хвала і радуецца ўсё неба, а значыць, і яны самі.

Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.