Skip to content Skip to left sidebar Skip to footer

Благаслаўленне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча

Благаслаўленне Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага
арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча
з нагоды адкрыцця сайта Апостальства дапамогі душам чыстцовым

Шчаслівыя міласэрныя…

Чалавек створаны Богам для таго, каб асягнуць вечнае шчасце. Ён выйшаў з рукі Божай і да дому Нябеснага Айца скіроўваецца. У Пасланні да габрэяў гаворыцца, што на зямлі чалавек не мае пастаяннага месца жыхарства (пар. Гбр 13, 14). Зямное жыццё — нібы стартавая пляцоўка ў вечнасць.

Якой яна будзе? Усё залежыць ад таго, як чалавек пражыве сваё зямное жыццё. Справядлівы заслужыць шчаслівую вечнасць. Аднак далёка не заўсёды душа чалавека адразу пасля цялеснай смерці можа сузіраць Бога тварам у твар. Вельмі часта ёй трэба яшчэ прайсці праз чысцец, каб адпакутаваць за кары часовыя. Такая душа ведае, што збаўлена, аднак яшчэ не можа ўвайсці ў вечную радасць, і гэта з’яўляецца для яе вялікім цярпеннем. Яна падобна да чалавека, які змёрз і стаіць пад дзвярыма цёплага дома, грукае, але ў адказ чуе, што яшчэ не прыйшоў яго час, што трэба яшчэ пачакаць. Такая душа ўжо не можа сама сабе дапамагчы. Толькі мы, жывыя, можам прыйсці ёй на дапамогу.

Таму Касцёл заклікае да малітвы ў інтэнцыі душаў чыстцовых. Гэта праява міласэрнасці з нашага боку, дзякуючы чаму мы таксама заслугоўваем міласэрнасць, бо можам апынуцца ў падобнай сітуацыі. Хрыстус кажа: «Шчаслівыя міласэрныя, бо яны міласэрнасць спазнаюць» (Мц 5, 7).

Дзейнасць Апостальства дапамогі душам чыстцовым — адказ на духоўную патрэбу Касцёла, на просьбы свецкіх вернікаў, якія прагнуць дапамагаць памерлым сваімі малітвамі, ахвяраю і добрымі ўчынкамі.

Усім, хто спрычыніўся да падрыхтоўкі сайта Апостальства дапамогі душам чыстцовым, выказваю шчырую ўдзячнасць. Спадзяюся, што матэрыялы гэтага сайта знойдуць шырокі водгук у сэрцах нашых вернікаў, спрычыняцца да больш плённай малітвы ў інтэнцыі душаў чыстцовых і гэтым самым паспрыяюць нашаму духоўнаму адраджэнню і росту перад небяспечнымі выклікамі сучаснасці.

Давяраючы ўсіх карыстальнікаў гэтага сайта Езусу Міласэрнаму, ад усяго сэрца благаслаўляю.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Мінск, 2 лютага 2016 г.,
свята Ахвяравання Пана