Skip to content Skip to left sidebar Skip to footer

Уводзіны

Ці можа чалавек пазбегнуць кары за свае грахі? Не. Аднак ён можа прайсці праз ачышчэнне падчас зямнога жыцця, а не толькі пасля смерці. Ачышчэнне неабходнае, бо тое, што прызначана для Бога, павінна быць дасканалым[1]. Што ж робіць нас недасканалымі? У Катэхізісе Каталіцкага Касцёла напісана:

Кожны грэх, нават лёгкі, выклікае неўпарадкаваную прывязанасць да стварэнняў, што патрабуе ачышчэння на зямлі або пасля смерці ў стане, які называецца чыстцам. Такое ачышчэнне вызваляе ад таго, што мы называем часоваю караю за грэх. <…> Навяртанне, якое вынікае з гарачай любові, можа давесці грэшніка да поўнага ачышчэння, так што не застанецца ўжо ніводнай кары, якую ён павінен будзе панесці[2].

Ачышчэнне ад караў, перажыванне гэтага працэсу падчас жыцця — іншымі словамі, чысцец на зямлі, — азначае ўстаноўку чалавека на навяртанне згодна з заклікам Езуса: «Кайцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае»[3], азначае таксама сталенне, якое дазваляе любіць Бога чыстым сэрцам, і пацвярджэнне гэтага ўчынкамі ўжо тут, на зямлі[4].

Евангелле вучыць, што наш Збаўца, заклікаючы да перамены жыцця, адразу гаворыць пра ўзнагароду, якую для нас падрыхтаваў. Ёю з’яўляецца неба — дасягенне поўнага, шчаслівага яднання з Богам у Яго Валадарстве[5]. Гэта мэта нашага жыцця і воля Божая адносна кожнага чалавека. Аднак навяртанне — гэта не нейкая знешняя дасканаласць у паводзінах, гэта хутчэй працэс унутранай перамены, скіраваны на тое, каб чалавек адкрыўся Богу ў Хрысце і праз Хрыста, які праз муку, смерць і ўваскрасенне адкупіў свет. Такім чынам, каб пачалося ачышчэнне сэрца, чалавек павінен скіравацца за Асобаю — за Збаўцам — па Яго шляху, шляху любові, ахвяры і цярпення[6]. Адна з сучасных містычак апісала гэта наступным чынам:

Божая воля ў тым, каб людзі ішлі не ў чысцец, а адразу ў неба. Чысцец існуе дзякуючы Божай міласэрнасці з прычыны людской слабасці. Я зразумела, што буду шмат цярпець на зямлі, каб споўніць Божую волю і адразу пасля смерці пайсці ў неба[7].

Зямное жыццё дадзена нам менавіта для таго, каб мы падчас яго апрануліся ў новага чалавека[8] — навучыліся любіць Бога і бліжняга — і пасля смерці сталі жыць у доме Айца разам з анёламі і святымі.

Гэтая кніга не з’яўляецца ні зборам правілаў, ні тым больш гатоваю інструкцыяй да таго, як дасягнуць вечнага жыцця, абмінуўшы адначасова  чысцец пасля смерці. Гэта толькі спроба паказаць праўду пра тое, што хрысціяніну, які стараецца ачысціцца ад граху і яго наступстваў, а таксама асвячае сябе з дапамогаю Божай ласкі, дадзена вялікае багацце духоўных сродкаў, якія дапамагаюць дасягнуць гэтай мэты. Таму дадзеную кнігу можна ўспрымаць толькі як запрашэнне адкрыцца на бязмерныя дары Божай любові і дабрыні, што мы можам выкарыстоўваць дзякуючы Езусу Хрысту, які прысутнічае і дзейнічае ў Касцёле і праз Касцёл.


[1] Пар. Czesław Bartnik. Myśl eschatologiczna. — Lublin, 2002. — S. 201.

[2] Пар. ККК, 1472.

[3] Мц 4, 17.

[4] Пар. Іс 40, 3–5; Лк 3,10–14.

[5] Пар. Ян 14, 2–3.

[6] Пар. Ян 14, 6; Лк 9, 23–24.

[7] S. Roberta Babiak. W oceanie miłości i miłosierdzia Trójcy Przenajświętszej. Autobiografia i Dziennik duchowy. — Stara Wieś, 2005. — № 114.

[8] Пар. Эф 4, 24.