Skip to content Skip to left sidebar Skip to footer

Чысцец у зямным жыцці

С. Анна Чайкоўская WDC

Чысцец у зямным жыцці

Чысцец — гэта працэс перамены, непазбежны па прычыне ўнутранай неабходнасці,
працэс, у якім чалавек набывае здольнасць яднацца з Хрыстом, з Богам,
а праз гэта — і з усёй супольнасцю святых.

Ёзаф Ратцынгер (Бэнэдыкт XVI)

Я атрымала для разважання такія словы: «Будзь для мяне не Суддзёю, а Збаўцам». Я зразумела, якую вялікую хвалу мае Пан Езус, калі душа, супрацоўнічаючы з Божаю ласкаю, рупіцца пра сваё асвячэнне настолькі, што імкнецца пазбегнуць чыстца (пасля смерці). Тады Езус становіцца для яе Збаўцам ва ўсёй паўнаце, і адсюль вынікае вялікая хвала Яго мукі.

Слуга Божая с. Рабэрта Бабяк

Усё зямное жыццё — гэта шлях вяртання ў Дом Айца — шлях ачышчэння і аздараўлення ад атруты першароднага граху. Як шмат патрэбна падзенняў, як шмат патрэбна немачы, каб усё больш пазнаваць праўду пра сябе! Каб адрачыся ад усяго, што забруджвае душу, і прагнуць толькі Бога.

Словы Пана Езуса да Аліцыі Лянчэўскай

Уводзіны

Ці можа чалавек пазбегнуць кары за свае грахі? Не. Аднак ён можа прайсці праз ачышчэнне падчас зямнога жыцця, а не толькі пасля смерці. Ачышчэнне неабходнае, бо тое, што прызначана для Бога, павінна быць дасканалым [1]. Што ж робіць нас недасканалымі? У Катэхізісе Каталіцкага Касцёла напісана:

Кожны грэх, нават лёгкі, выклікае неўпарадкаваную прывязанасць да стварэнняў, што патрабуе ачышчэння на зямлі або пасля смерці ў стане, які называецца чыстцам. Такое ачышчэнне вызваляе ад таго, што мы называем часоваю караю за грэх. <…> Навяртанне, якое вынікае з гарачай любові, можа давесці грэшніка да поўнага ачышчэння, так што не застанецца ўжо ніводнай кары, якую ён павінен будзе панесці [2].

Ачышчэнне ад караў, перажыванне гэтага працэсу падчас жыцця — іншымі словамі, чысцец на зямлі, — азначае ўстаноўку чалавека на навяртанне згодна з заклікам Езуса: «Кайцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае» [3], азначае таксама сталенне, якое дазваляе любіць Бога чыстым сэрцам, і пацвярджэнне гэтага ўчынкамі ўжо тут, на зямлі [4].

Евангелле вучыць, што наш Збаўца, заклікаючы да перамены жыцця, адразу гаворыць пра ўзнагароду, якую для нас падрыхтаваў. Ёю з’яўляецца неба — дасягненне поўнага, шчаслівага яднання з Богам у Яго Валадарстве [5]. Гэта мэта нашага жыцця і воля Божая адносна кожнага чалавека. Аднак навяртанне — гэта не нейкая знешняя дасканаласць у паводзінах, гэта хутчэй працэс унутранай перамены, скіраваны на тое, каб чалавек адкрыўся Богу ў Хрысце і праз Хрыста, які праз муку, смерць і ўваскрасенне адкупіў свет. Такім чынам, каб пачалося ачышчэнне сэрца, чалавек павінен скіравацца за Асобаю — за Збаўцам — па Яго шляху, шляху любові, ахвяры і цярпення [6]. Адна з сучасных містычак апісала гэта наступным чынам:

Божая воля ў тым, каб людзі ішлі не ў чысцец, а адразу на неба. Чысцец існуе дзякуючы Божай міласэрнасці з прычыны людской слабасці. Я зразумела, што буду шмат цярпець на зямлі, каб споўніць Божую волю і адразу пасля смерці пайсці на неба [7].

Зямное жыццё дадзена нам менавіта для таго, каб мы падчас яго апрануліся ў новага чалавека [8] — навучыліся любіць Бога і бліжняга — і пасля смерці сталі жыць у доме Айца разам з анёламі і святымі.

Гэтая кніга не з’яўляецца ні зборам правілаў, ні тым больш гатоваю інструкцыяй да таго, як дасягнуць вечнага жыцця, абмінуўшы  чысцец пасля смерці. Гэта толькі спроба паказаць праўду пра тое, што хрысціяніну, які стараецца ачысціцца ад граху і яго наступстваў, а таксама асвячае сябе з дапамогаю Божай ласкі, дадзена вялікае багацце духоўных сродкаў, якія дапамагаюць дасягнуць гэтай мэты. Таму дадзеную кнігу можна ўспрымаць толькі як запрашэнне адкрыцца на бязмерныя дары Божай любові і дабрыні, што мы можам выкарыстоўваць дзякуючы Езусу Хрысту, які прысутнічае і дзейнічае ў Касцёле і праз Касцёл.

І

ШЛЯХ АЧЫШЧЭННЯ СЭРЦА

Імкнуцца да святасці

Для сузірання Бога чалавечае сэрца — гэта значыць, увесь чалавек — павінна быць чыстае, унутрана адкрытае і свабоднае.

Ёзаф Ратцынгер (Бэнэдыкт XVI)

Як моцна Я прагну збаўлення душаў. Мая наймілейшая сакратарка, напішы, што Я прагну пераліваць сваё Боскае жыццё ў людскія душы і асвячаць іх, каб яны толькі захацелі прыняць Маю ласку. Найбольшыя грэшнікі дасягнулі б вялікай святасці, каб толькі даверыліся Маёй міласэрнасці. Мая душа перапоўненая міласэрнасцю, якая ахоплівае ўсё, што Я стварыў. Для Мяне асалода — дзейнічаць у чалавечай душы, напаўняць яе сваёю міласэрнасцю і апраўдваць яе. Маё валадарства на зямлі — гэта Маё жыццё ў чалавечай душы.

Словы Пана Езуса да святой Фаўстыны

(Тут і далей пераклад з «Дзённіка» св. Фаўстыны падаецца паводле выдання: Кавальская, Ф. Дзённік: Божая Міласэрнасць у маёй душы / Св. Сястра Фаўстына Кавальская ZMBM; пер. з пол. Крыстыны Лялько. — Мінск: Про Хрысто, 2014. — Заўв. перакл.)

Лепш прадухіляць тое, што ўчыняе боль, чым змагацца з гэтым. Таму варта задумацца, як дасягнуць неба непасрэдна пасля смерці. Хто можа пайсці ў неба? У Катэхізісе Каталіцкага Касцёла напісана, што «тыя, хто памірае ў ласцы і сяброўстве з Богам і цалкам ачышчаны» [9]. Стан ласкі і сяброўства з Богам, а таксама поўнае ачышчэнне — гэта плён найвышэйшай якасці духоўнага жыцця чалавека тут, на зямлі. Кожнаму з нас Бог дае дастаткова ласкі, каб мы маглі звярнуцца да таго, што нас ачышчае і асвячае, таму мы не абавязкова павінны праходзіць праз чысцец пасля смерці. Мы можам на зямлі падрыхтаваць сэрца да неба. Трэба толькі хацець падпарадкавацца Божаму кіраўніцтву і адкрыцца на ўсё, што служыць нашаму духоўнаму развіццю, або нашаму асвячэнню.

Касцёл вучыць, што неба — гэта вечнае прабыванне з Хрыстом, сузіранне Бога такім, якім Ён ёсць, — тварам у твар [10]. А сучасны тэолаг Крыстаф Шонбарн, спасылаючыся на св. Мікалая Кавасілу, падкрэслівае, што калі жыццё ў Богу не будзе мець свайго пачатку на зямлі, то не дасягне паўнаты ў Ім таксама і пасля смерці [11]. Іншымі словамі, мы павінны выпрацаваць у сваім сэрцы духоўныя пачуцці, дзякуючы якім падчас зямнога жыцця ўбачым Бога, пачуем Яго, адчуем, дакранемся да Яго, зведаем слодыч Яго блізкасці. Трэба навучыцца распазнаваць Бога, які няспынна пранікае ў нашую штодзённасць, які ўваходзіць у яе сваёю любоўю, кіруе ёю, прамаўляе і дакранаецца да нас. Св. Мікалай Кавасіла сцвярджае:

[З Богам з’яднаюцца ў нябесным шчасці толькі тыя], хто ўжо цяпер з’яўляецца Яго сябрам <…>. Бо не там урэшце завязваецца сяброўства, адкрываецца вуха, рыхтуецца шлюбнае ўбранне і ўсё тое, што годнае гэтага Абранніка. Кузняю для ўсяго гэтага з’яўляецца цяперашняе жыццё. А хто не мае гэтага перад адыходам са свету, той не будзе мець удзелу ў тым жыцці [12].

Каб мець магчымасць узірацца ў Божае аблічча ў вечнасці, трэба найперш заўважаць Бога ў зямным жыцці, а гэта магчыма толькі тады, калі мы пачнем клапаціцца пра чысціню свайго сэрца. Бо толькі такое сэрца здольнае бачыць Бога, як вучыў Пан Езус у адным з благаслаўленняў: «Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць» [13]. Святы Аўгустын, каментуючы гэтае благаслаўленне, пісаў:

Вось мэта нашай любові, мэта, да якой мы імкнемся, але якую яшчэ не дасягаем <…>. Што б мы ні рабілі, што б добрага мы ні чынілі <…>, чаго б ні прагнулі нявінна, пра ўсё гэта мы ўжо не будзем больш клапаціцца, калі дойдзем да сузірання Бога. Чаго можа шукаць чалавек, які мае Бога перад вачыма? Ці ў стане штосьці задаволіць чалавека, якога не можа задаволіць Бог? Так, мы хочам сузіраць Бога. Хто ж не хоча? Мы заўзята клапоцімся пра тое, каб убачыць Бога. Ці не так? <…> Ці хацеў бы ты сузіраць узыход сонца загноенымі вачыма? Няхай вочы будуць здаровыя — і ты зможаш радавацца сузіранню святла. У супрацьлеглым выпадку святло будзе прыносіць боль. Калі тваё сэрца не будзе чыстае, ты не зможаш сузіраць таго, што можа бачыць толькі чыстае сэрца [14].

У сувязі з гэтым напрошваецца прынцыповае пытанне: як зрабіць сэрца відушчым, чуйным — здольным распазнаваць нябачнага Бога ў жыццёвай рэчаіснасці, дзе мы адчуваем так шмат знешніх імпульсаў, якія зусім не маюць духоўнай прыроды. Штодзённыя клопаты, знешняя мітусня, разнастайнасць словаў і вобразаў, мора інфармацыі, безліч ацэнак, меркаванняў, інтэрпрэтацый людскіх выказванняў і паводзінаў, блытаніна ў паняццях і надаванне каштоўнасці таму, што па сваёй сутнасці каштоўнасцю не з’яўляецца, распаўсюджанне граху і нячыстасці ў імя свабоды — усё гэта круціцца вакол нас і стварае своеасаблівы ўсеахопны, асляпляльны і аглушальны цывілізацыйны шум. Як жа абараніць сэрца ад гэтых вірусаў свету? Як справіцца з тым, што прасочваецца ў нас, забруджвае і робіць няздольнымі бачыць Бога?

Безумоўна, такім супрацьяддзем з’яўляецца перш за ўсё поўны любові зварот да Бога, якога ў святле Духа Святога — у Добрай Навіне, абвешчанай Божым Сынам, — мы пазнаем як Стварыцеля і міласэрнага Айца. Шляхам, што дапамагае даверліва адкрыць сэрцы на Любоў, з’яўляюцца ўстаноўленыя Хрыстом святыя сакрамэнты, якімі мы можам карыстацца праз пасрэдніцтва Касцёла, а таксама асабісты аскетызм і адобраныя Касцёлам ды ўкаранёныя ў Традыцыі прыватныя набажэнствы, напрыклад, пабожнае чытанне Божага слова і разважанне над ім, адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, разважанне над мукаю Пана, ружанцовая малітва ці іншыя пабожныя практыкі, якія звязаны з рознымі таямніцамі жыцця Езуса, Яго Найсвяцейшай Маці, а таксама якія вынікаюць з культу анёлаў і святых.


[1] Пар. Czesław Bartnik. Myśl eschatologiczna. — Lublin, 2002. — S. 201.

[2] Пар. ККК, 1472.

[3] Мц 4, 17.

[4] Пар. Іс 40, 3–5; Лк 3,10–14.

[5] Пар. Ян 14, 2–3.

[6] Пар. Ян 14, 6; Лк 9, 23–24.

[7] S. Roberta Babiak. W oceanie miłości i miłosierdzia Trójcy Przenajświętszej. Autobiografia i Dziennik duchowy. — Stara Wieś, 2005. — Nr 114.

[8] Пар. Эф 4, 24.

[9] Пар. ККК, 1023.

[10] Пар. Тамсама.

[11] Christoph Schӧnborn OP. Przebóstwienie, życie i śmierć. — Poznań, 2001. — S. 156.

[12] Тамсама, s. 157.

[13] Мц 5, 8.

[14] Św. Augustyn. Kazania 53, 6 // Ojcowie Kościoła komentują Biblię. Nowy Testament. — T. Ia. — Apostolicum, 2011. — S. 92–93.

Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.