Што дае далучэнне да Апостальства дапамогі душам чыстцовым
Перш за ўсё гэта дазваляе адкрыцца на духоўныя даброты, звязаныя з харызмаю дапамогі памерлым, — на ўдзячнасць ад Бога, Найсвяцейшай Панны Марыі, удзячнасць ад сясцёр кангрэгацыі і ад саміх душаў чыстцовых. Гэта таксама дапамагае адкрыцца на малітвы сяброў апостальства.
Бл. Ганарат Казьміньскі сцвярджаў, што дапамога памерлым — гэта «найпрасцейшае, бо амаль нічога нам не каштуе, бо амаль кожную справу, нават найменшую і выкананую з абавязку, мы можам ахвяраваць за гэтыя душы з вялікаю карысцю для іх». Цяжка з гэтым не пагадзіцца. Сапраўды невялікія намаганні, якія мы прыкладаем для таго, каб палегчыць цярпенні душам чыстцовым, вяртаюцца да нас, памножаныя міласэрнаю любоўю і ўдзячнасцю з Сэрца самога Бога і Найсвяцейшай Панны Марыі. Благаслаўлёны Ганарат запэўніваў, што дапамога памерлым перш за ўсё «мілая Богу, бо гэтыя чыстцовыя душы — дзеці Божыя, якія любяць Яго і любімыя Ім». Благаслаўлёны Ганарат дадае, што нават «сам Пан Бог лічыць сябе нашым даўжніком у збаўленні Яго дзяцей і любімых душаў, і будзе нам аказваць міласэрнасць паводле свайго абяцання: «Шчаслівыя міласэрныя, бо яны спазнаюць міласэрнасць».
Клопат пра неба для памерлых «вельмі прыемны таксама Божай Маці, — пісаў бл. Ганарат, — бо кожная маці лічыць вялікаю ласкаю, калі хтосьці вызваліць яе дзяцей з няволі, а тым больш гэтая Найсвяцейшая Маці… Яна выводзіць гэтыя душы з чыстца і ў Яе распараджэнні застаюцца тыя скарбы заслугаў, якія мы збіраем для памерлых і для сябе».
Малітоўная ўдзячнасць да людзей, якія ўступаюць у АДДЧ, сыходзіць таксама з сэрцаў сясцёр памочніцаў душам чыстцовым. Нашая кангрэгацыя з самага пачатку існавання ў Касцёле не адносіцца да вялікіх сем’яў манаскага жыцця. Можна сказаць, што для апостальскіх заданняў, якія вынікаюць з нашай харызмы, гэта вельмі маленькі статак. І толькі словы Пана Езуса (пар. Лк 12, 32–34) сцерагуць яго перад страхам не справіцца з задачамі свайго паклікання. Дзякуючы Божаму Провіду і існаванню больш чым дваццацітысячнай супольнасці Апостальства дапамогі душам чыстцовым нават такая невялікая колькасць сясцёр у стане плённа пашыраць любоў да Хрыста Адкупіцеля і душаў, адкупленых Яго крывёю. Сястра кангрэгацыі не можа трапіць у кожнае асяроддзе, каб асабіста распавесці людзям пра патрэбу і формы дапамогі душам чыстцовым. Наша харызма ўвесь час пашыраецца сярод вернікаў галоўным чынам дзякуючы вялікаму ўдзелу сяброў нашай духоўнай сям’і, згуртаванай у АДДЧ. Таму нічога дзіўнага, што мы памятаем пра пастаянную малітоўную ўдзячнасць у Пану.
Больш за тое, з лістоў галоўнага апекуна АДДЧ мы даведваемся, што дапамога душам чыстцовым — «вельмі ўдзячная справа, бо гэтыя душы, збаўленыя з нашаю падтрымкаю, будуць вечна ўдзячныя нам за гэтую паслугу і будуць падтрымліваць нас пры жыцці і падчас смерці» (Ustawy WDC 4, 15). Зрэшты, не толькі айцец Ганарат падкрэсліваў, наколькі душы чыстцовыя могуць быць шчодрыя да жывых людзей у выпрошванні для іх ласкаў у Пана Бога. Напрыклад, св. Ян Марыя Віянэй пісаў: «Несумненна, у нашых руках ёсць усё, што неабходна для дапамогі гэтым няшчасным душам, — малітвы, пакаянне, міласціна, а перш за ўсё — святыя Імшы. Урэшце, нельга сумнявацца, што гэтыя душы, поўныя любові, адплацяць нам узаемнасцю і выпрасяць для нас у тысячу разоў больш, чым мы ім даём. Калі мы будзем у чыстцы, то гэтыя душы паспяшаюць выпрасіць у Богу для нас такую самую ласку, як мы выпрасілі для іх, бо яны добра ведаюць, наколькі гэтыя цярпенні страшныя, наколькі жахлівая аддзеленасць ад Бога. <…> Так, дарагія браты, кожны раз, калі нам трэба будзе прасіць аб чымсьці, давайце з даверам звяртацца да гэтых святых душаў, і будзем упэўненыя, што яны заступаюцца за нас перад Богам. Якое ж гэта шчасце для нас, што ў малітвах, якія мы ўзносім за чыстцовыя душы, мы маем такі цудоўны сродак, каб забяспечыць сабе неба!» («Пра цярпенні ў чыстцы і спосабы ратавання церпячых душаў»).
Больш за тое, далучэнне да АДДЧ дапамагае нам усвядоміць, што місія дапамогі памерлым датычыць жыцця кожнага чалавека. Кожны з нас калісьці пройдзе праз браму смерці, а перад гэтым, магчыма, перажыве адыход сваіх блізкіх з гэтай зямлі. Вельмі верагодна, што наш і іх шлях да неба будзе пралягаць праз чысцец. Жыццёвасць харызмы дапамогі памерлым, якія церпяць у чыстцы, дазваляе спадзявацца, што ніхто з нас не будзе вымушаны скардзіцца Пану Езусу ў адсутнасці чалавека, які дапамог бы яму акунуцца ў крыніцу міласэрнай любові Айца. Малітоўная дапамога, несумненна, будзе сыходзіць ад кангрэгацыі сясцёр, ад сяброў апостальства, а таксама ўсіх тых, хто дасягнуў неба дзякуючы нашаму ўдзелу ў Апостальстве дапамогі душам чыстцовым.