Skip to content Skip to left sidebar Skip to footer

Першая дыяцэзіяльная сустрэча ўдзельнікаў Апостальства дапамогі душам чыстцовым прайшла ў Браславе (+ аўдыёзапісы канферэнцый)

Catholicnews.by

29 кастрычніка ў Браславе ў санктуарыі Маці Божай Валадаркі азёраў адбылося першае дыяцэзіяльнае спатканне ўдзельнікаў Апостальства дапамогі душам чыстцовым (АДДЧ). На сустрэчу прыбылі групы з Глыбокага, з Полацка, з Мёраў, з Паставаў, прысутнічалі і мясцовыя вернікі.

На пачатку ўсіх прысутных прывітаў ксёндз Славамір Самковіч, адказны за АДДЧ у Віцебскай дыяцэзіі. Затым аніматары парафіяльных групаў расказалі пра ўзнікненне і колькасць удзельнікаў руху, якіх у Мёрах – 240 чалавек, у Глыбокім – 62, у Полацку – 26, у Паставах –137, у Браславе – 60.

Вернікі супольна памаліліся Вяночак за памерлых і ружанец у інтэнцыі памерлых чальцоў АДДЧ і душаў, якія церпяць у чыстцы.

Канферэнцыю прамовіла Аліна Новікава – галоўны аніматар АДДЧ у Беларусі. Спадарыня Аліна пазнаёміла з гісторыяй заснавання Кангрэгацыі сясцёр памочніцаў душам чыстцовым і Апостальства дапамогі душам чыстцовым. Заснавальнік Кангрэгацыі – бласлаўлёны айцец капуцын Ганарат Казьмінскі. Супольнасць узнікла 10 лістапада 1889 года. Кіравала супольнасцю Ванда Алендская. Калі маці Ванда па стану здароўя ўжо не магла кіраваць Кангрэгацыяй, адказнасць за супольнасць а. Ганарат даверыў Наталлі Нітаслаўскай, якая паходзіла з мястэчка пад Оршай. Рух АДДЧ узнік у 1985 годзе па просьбах свецкіх людзей, якія жадалі маліцца за душы памерлых, каб несці ім палёгку. «Святая і збавенная думка маліцца за памерлых, каб яны былі вызваленыя ад грахоў» (пар.2 Мак 12, 45). Слуга Божы біскуп Лазінскі заахвочваў вернікаў маліцца за душы чыстцовыя і сам ахвяраваў сваё жыццё за душы, якія пакутуюць у чыстцу. Да АДДЧ акрамя свецкіх належаць і духоўныя асобы. Дакладчыца падкрэсліла, што важна маліцца таксама за канаючых, бо Бог спадзяецца на навяртанне да апошняга ўздыху чалавека.

Тэма канферэнцыі ксяндза-экзарцыста Мікалая Ціхановіча: «Малітва за памерлых – актыўны ўдзел у выратаванні душаў». Святар падзяліўся сваім досведам экзарцыста. Душы, церпячыя ў чыстцы, упэўненыя ў выратаванні, ведаюць, што іх мукі не вечныя, хутка закончацца. Але душа ў чыстцы дапамагчы сабе не можа. Душы моляцца малітвай праслаўлення Бога і ўзносяць просьбы за жывых. Таму так неабходна малітва жывых за душы памерлых. Душы ў чыстцы вельмі моцна пакутуюць, калі родныя не моляцца за іх, калі адыходзяць ад веры.

Святую Імшу ўзначаліў біскуп Алег Буткевіч. Падчас гаміліі іерарх сказаў, што малітва за душы ў чыстцы – справа нашай веры. Недахоп любові ў жыцці і як наступства – чысцец пасля смерці. Мы вярнуліся да практыкавання веры, але неабходна каб вера была жывая, а наша жыццё было падобным да жыцця Хрыста. Бог стварыў нас для вечнасці. Непавага да веры вядзе да войнаў. Грэх пачынаецца ў сэрцы чалавека, а з сэрца прамаўляюць вусны. Трэба не толькі маліцца за памерлых, але перамяняць сваё жыццё дзеля памерлых. У наш час чысцец вельмі хутка папаўняецца душамі, якія не былі падрыхтаваныя да пераходу ў вечнасць. Няхай малітва стане крыніцай жыцця. Няхай малітва за памерлых дапамагае нам быць сведкамі веры. Таксама біскуп Алег выказаў надзею, што колькасць удзельнікаў Апостальства дапамогі душам чыстцовым павялічыцца.

Перадкукавана паводле Catholicnews.by