Вялікая субота — асаблівы дзень цішыні і малітваў за душы, церпячыя ў чыстцы
У Вялікую суботу мы асаблівым чынам заглыбляемся ў таямніцу зыходу Хрыста да памерлых. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла сцвярджае, што Езус перажыў смерць, як і ўсе людзі, і яго душа далучылася да іх у краіне памерлых. Аднак Езус зышоў туды як Збаўца, абвяшчаючы добрую вестку зняволеным духам (1 Пятра 3,18-19). Зыходжанне ў адхлань — гэта цалкавітае выкананне евангельскага абвяшчэння збаўлення. Гэта заключны этап месіянскай місіі Езуса (ККК 632, 634).
Апостал Пётр напісаў пра гэта коратка: Нават «мёртвым было абвешчана Евангелле» (1 Пятра 4, 6). З таго часу мінула старазапаветная адхлань, з якой ніхто не мог выйсці — незалежна ад таго, праведны ён ці няправедны. Хрыстус стаў праходам да Айца для ўсіх тых, хто адышоў з гэтага свету са знакам веры ў Бога. Тыя ж, хто, адкінуўшы Бога, не распазналі голасу Збаўцы, засталіся зняволенымі ў цемры ўласных грахоў — гэта значыць у пекле.
Таму кожная субота, і асабліва Вялікая субота, з’яўляецца напамінам пра гэтую падзею — Хрыстус зышоў да памерлых, каб вызваліць іх ад немагчымасці бачыць аблічча Бога. Ці не павінны мы рабіць тое ж самае, бо мы пакліканы наследаваць нашага Пана? Калі кожная пятніца нагадвае нам пра муку і смерць Хрыста, а кожная нядзеля — пра Яго ўваскрасенне, то кожная субота павінна быць напамінам пра Яго зыходжанне да памерлых.