Skip to content Skip to left sidebar Skip to footer

Па старонках лістападаўскага нумара часопіса «Ave Maria»

У лістападзе, калі навакольны свет няспынна развітваецца з прыгажосцю і пышнасцю фарбаў, са шчодрым сонечным святлом, а покрыва вогненна-яркай шалясцістай лістоты пад нагамі паліваецца халоднымі дажджамі, немагчыма не думаць таксама пра крэс і пра вынік чалавечага жыцця, якое з’яўляецца неад’емнаю часткаю прыроды.

Таму лістападаўскі нумар часопіса «Ave Maria» мы прысвяцілі тэме, якая моцна звязаная з праблематыкай вечнасці, чыстца, пакарання за грахі, а менавіта тэме адпустаў.

  • Распачынаецца нумар разважаннем святога Яна Паўла ІІ «Урачыстасць Усіх Святых» (у перакладзе рэдактара часопіса Крыстыны Лялько) і яго катэхезаю «Дар адпусту» (у перакладзе Ганны Шаўчэнка).
  • У рубрыцы «Святар адказвае на пытанне» ксёндз Андрэй Рылка прапануе матэрыял «Чым адрозніваецца частковы адпуст ад поўнага?», дзе тлумачыць сутнасць і ўмовы адпустаў, а айцец Віктар Бохан CSsR у гутарцы з Тэрэзай Клімовіч («Выпраўляючы свае грахі…») засцерагае нас, вернікаў, ад небяспекі «спаўзання ў гандаль» з Богам і ад страчвання ўсведамлення каштоўнасці гэтага дару. У часопісе таксама друкуецца ўрывак з кнігі сястры Анны Чайкоўскай WDС «Адпусты. Скарб Касцёла» («Про Хрысто», 2023, у перакладзе з польскай мовы на беларускую), прысвечаны адной з умоваў адпусту — свабодзе ад прывязанасці да любога граху, нават лёгкага.  Гісторыю вучэння пра пасмяротнае ачышчэнне чалавечай душы сцісла апісвае ксёндз Юрый Дрозд ў сваім матэрыяле «Чысцец у Традыцыі і навучанні Касцёла».

  • Айцец Юрый Кулай OCD у артыкуле «Перад таямніцаю могілак» заклікае чытачоў да рэфлексіі над крохкасцю зямнога жыцця і над тым, як навучыцца ўлічваць гэтую праўду ў штодзённасці жыцці. Быццам у працяг гэтай тэмы Галіна Калевіч падрыхтавала для часопіса вытрымкі з дзённіка сучаснай польскай містычкі Аліцыі Лянчэўскай «Сведчанне» (артыкул «Звышнатуральны свет не дзесьці далёка…»), дзе раскрываецца праўда пра сэнс чалавечых цярпенняў, пра важнасць нашай малітвы за памерлых і пра тое, што іх прысутнасць і дапамога нават больш рэальныя, чым бачны свет…
  • Ксёндз Алег Півавар, ксёндз Артур Ляшнеўскі, Віктар Ведзень цікава распавядаюць пра апошнія падзеі з жыцця Касцёла ў Беларусі. Данута Бічэль прапануе чытачам шчымлівы верш «Да Вастрабрамскай Панны Марыі, Маці Міласэрнасці», а сястра Паўла Бобер MSF у рубрыцы «Старонка псіхолага» ўздымае складаную тэму прабачэння.

На апошняй старонцы вокладкі чытачоў чакаюць тэксты малітваў, за якія можна атрымаць частковы адпуст.

Прыемнага чытання!

Ганна Шаўчэнка