Skip to content Skip to left sidebar Skip to footer

Што азначае прывязанасць да граху?

Дарагія чытачы! Прапануем вам урывак з кнігі сястры памочніцы душам чыстцовым Анны Чайкоўскай WDC «Адпусты. Скарб Касцёла», якая выйшла ў выдавецтве «Про Хрысто» ў перакладзе з польскай мовы на беларускую. Гэты ўрывак прысвечаны адной з важных умоваў адпусту — свабодзе ад прывязанасці да граху.

Пад «прывязанасцю» мы маем на ўвазе моцную сувязь з чымсьці або кімсьці, трывалую эмацыйную повязь, пэўную несвабоду ў духоўным сэнсе. Калі мы падзелім слова «пры-вязанасць» на часткі, то лягчэй заўважым, што тут ідзе гутарка пра сувязь, якая абмяжоўвае. У гэтым сэнсе мы можам быць прывязаныя да граху, і гэтая сувязь можа захоўвацца, нават калі мы не грашым. Як гэта магчыма?

Трэба ўсведамляць, што ачышчэнне сэрца ад грахоў у сакрамэнце паяднання не раўназначнае вызваленню ад прывязанасці да іх. Напрыклад, хтосьці зграшыў нявернасцю ў адносінах да сужэнца, шкадуе за свой учынак, прыступае да споведзі і атрымлівае Божае прабачэнне праз паслугу святара. Чалавек ужо не вяртаецца да гэтага зла і не хоча зноў яго ўчыняць, але яму прыносіць задавальненне ўспамін пра час, праведзены з тым, хто таксама ўдзельнічаў у граху. Несумненна, гэта сведчыць пра яго прывязанасць. Не адбылося поўнага разрыву сувязі з грахом у сферы думак і эмоцый. <…>

Можна быць прывязаным да свайго грэшнага мыслення, паводзінаў у адносінах да людзей. Напрыклад, нейкі чалавек злосна ставіцца да блізкіх ці знаёмых. Ён хоць і спавядаецца са сваіх недахопаў, але ў глыбіні душы лічыць, што гэтая з’едлівасць у адносінах да іншых — праява вялікай дасціпнасці. Ён вельмі цэніць гэта ў сабе, не ўлічвае, што раніць іншых людзей і робіць ім прыкрасць. У дадзеным выпадку чалавек прывязаны да такога вобразу самога сябе.

Як бачым, усё, што аслабляе нашае імкненне захоўваць дасканалую чыстасць сэрца, недахопы, ад якіх мы не жадаем вызваліцца, несумненна, сведчаць аб прывязанасці да граху.

Пра гэтую прывязанасць піша святы Францішак Сальскі ў сваёй кнізе «Філатэя, або шлях да пабожнага жыцця»: «Усе ізраэльцяне выйшлі з егіпецкай зямлі, але не ўсе пакінулі сваю прывязанасць да яе. І таму многія з іх уздыхалі ў пустыні з-за таго, што не маюць егіпецкага мяса і цыбулі. Гэтак жа адбываецца з людзьмі, якія каюцца. Ёсць тыя, хто хоць і пакідае грэх, аднак застаецца прывязаным да яго; гэта значыць, што яны, хоць і абяцаюць не грашыць, аднак гэтае іх абяцанне не сыходзіць з глыбіні сэрца, бо ім не хочацца пакідаць любімых, але злашчасных грэшных задавальненняў. Іх сэрца адракаецца ад граху і пакідае яго, але не перастае азірацца назад, як жонка Лота, якая азіралася на Садом! <…> Паколькі ты хочаш, Філатэя, распачаць пабожнае жыццё, трэба, каб ты не толькі адмовілася ад граху, але таксама ачысціла сэрца ад усяго, што мае нейкія адносіны да зла, бо прывязанасць да граху, апрача таго, што падвергне цябе новым падзенням, будзе няспынна аслабляць твой дух і ўчыніць яго такім вялым, што ён не зможа рабіць добрыя ўчынкі <…>. Найлепшы спосаб дайсці да гэтага другога ачышчэння [ад прывязанасцяў] грунтуецца на жывым і пільным адчуванні таго, якое вялікае зло вядзе за сабою грэх, бо гэта нараджае ў глыбіні душы жывы і глыбокі жаль. І гэтак, як жаль, нават невялікі — галоўнае, каб ён быў шчыры, асабліва спалучаны з моцаю сакрамэнтаў, — дастаткова ачышчае нас ад грахоў, гэтаксама жаль — калі ён шчыры і глыбокі — ачышчае нас ад усіх прывязанасцяў да граху».

Для таго, каб вернік мог атрымаць поўны адпуст,  яго сэрца павінна быць вольнае ад грэшных успамінаў, прагненняў, эмоцый і думак, якія звязаныя не толькі са смяротнымі грахамі, але і з лёгкімі, а гэта патрабуе ад нас духоўнай чуйнасці. Трэба таксама пазбягаць усялякіх нагодаў ці імпульсаў (напрыклад, рэчаў, месцаў, людзей), якія маглі б ажывіць гэтыя ўспаміны ці жаданні. Але перш за ўсё трэба прасіць Пана Езуса аб ласцы захавання гэтай свабоды сэрца Божаю моцаю — моцаю Духа Святога.

Свабода ад прывязанасцяў — гэта не бязгрэшнасць

У штодзённым чалавечым жыцці лёгкія грахі здараюцца часта. Немагчыма поўнасцю іх пазбегнуць. Аднак, дзякуючы Божай ласцы, мы можам пазбавіцца ад прывязанасці да іх. Напрыклад, раз-другі можа здарыцца, што мы схлусім у якой-небудзь малаважнай справе — хаця б для жарту. Але калі адначасова мы не маем у сэрцы схільнасці да хлусні, то застаемся ўнутрана вольнымі ад яе. Адна справа — забыцца пра штосьці, «зарапартавацца», забегацца ці загледзецца на нешта, і зусім іншая — прыняць гэтую слабасць за норму ў паводзінах. Калі мы не дазволім лёгкім грахам запанаваць у нашым сэрцы, яно застанецца адкрытым на Божыя ласкі, у тым ліку на ласку адпусту.

Святы Францішак Сальскі, разважаючы над гэтаю праблемаю, згадвае словы з Кнігі Эклезіяста пра тое, што мёртвая муха псуе сасуд духмянага алею (гл. Экл 10, 1). Святы Францішак тлумачыць, што насякомае, якое проста пралятае міма і злёгку зачэпіць гэты бальзам, не сапсуе яго — яно толькі крыху зачэрпне яго і забярэ з сабою. Гэта невялікая страта, бо астатні алей захаваецца. Аднак, калі муха ўпадзе ў бальзам і патоне ў ім, яна знішчыць яго вартасць і змарнуе яго. Аўтар дадае: «Гэтак жа і лёгкія грахі, якія здараюцца ў пабожнай душы, але не застаюцца ў ёй, няшмат ёй шкоды наносяць, аднак калі гэтыя самыя грахі, упадабаныя душою, паселяцца ў ёй, то, несумненна, прывядуць душу да страты <…> святой пабожнасці».

Прывязанасць ці спакуса?

Важна ўмець адрозніць прывязанасць ад спакусы. Трэба ўлічваць, што чалавек, ачышчаны ад граху, становіцца найбольш жаданаю мэтаю злога духа, які не так лёгка пагаджаецца з паразаю. Асоба, якая адмовілася ад граху і прагне поўнай свабоды сэрца, каб быць як мага бліжэй да Бога, з’яўляецца своеасаблівым полем бітвы. Д’ябал не пакідае так лёгка страчанай «тэрыторыі» і змагаецца за яе вяртанне. Ён хоча зноў увайсці ў сэрца, звернутае да Бога, увесці ў яго сем іншых злых духаў, як мы чытаем пра гэта ў Евангеллі (гл. Лк 24–26), і давесці яго да яшчэ горшага стану.

У змаганні за перамогу злы дух выкарыстоўвае нашыя пачуцці, памяць і ўяўленне. Ён стараецца абуджаць іх, каб да нас вярталіся пэўныя ўспаміны, імкнецца скіраваць нашыя пачуцці да таго, што ажывіць нейкі досвед. Часам дастаткова аднаго позірку на фотаздымак або атрыманага ад кагосьці падарунка, каб у чалавека ў сэрцы «закіпела», а ў пачуццях і ў целе ўзнялася бура. Калі гэтыя адчуванні непрыемныя для нас, калі мы не хочам іх перажываць, то знаходзімся пад уплывам спакусы. Аднак, калі мы самі шукаем нагоды для таго, каб ажывіць даўнія падзеі і знаходзім у гэтым задавальненне ці нават нейкае ўпадабанне, то, на жаль, маем справу з прывязанасцю.

Неабходна пастаянна чуваць, каб супрацьстаяць спакусе і не паддацца слабасцям, якія зноў скуюць нас грэшнымі думкамі ці нават падштурхнуць вярнуцца да былых звычак. Варта таксама прыгледзецца да таго, якім чынам злы дух спрабуе адвесці нас ад дабра, чым ён карыстаецца. Калі гэта нейкія рэчы, лісты, памяткі, фотаздымкі, то трэба пазбавіцца ад іх. Калі спакуса прыходзіць праз людзей, з якімі мы былі звязаныя справамі зла, то варта падумаць, ці не разарваць з імі адносіны, калі такое мачыма (часам гэта могуць быць людзі, з якімі мы працуем, і тады ўнікаць кантактаў праблематычна). Што мы дакладна можам зрабіць, дык гэта не адказваць на настойлівыя званкі, ігнараваць СМС-кі, заблакаваць нумар і не аднаўляць адносінаў пры кожнай нагодзе. Гэтыя «аказіі», праз якія спакуса можа зноў прывесці нас да грэшнага ўчынка ці аднавіць у нас прывязанасць да смяротнага ці лёгкага граху, часам пакрытыя вельмі тонкаю «вуалькаю» нібыта добрага выхавання: «трэба выслаць віншаванні, бо набліжаюцца святы», «гэта толькі адно паведамленне», «гэта выключна кароткая сустрэча на каву, нічога большага». Аднак выяўляецца, што з гэтай тонкай, нібы шаўковай ніткі — калі мы своечасова не перарвем яе — спакуса паступова можа звіць моцны шнур, які зноў скуе нашыя сэрцы.

Цяжка, але магчыма

Цяжкасць у пазбаўленні ад прывязанасці да якога-небудзь граху можна параўнаць з цяжкасцю ў абуджэнні дасканалага жалю ў сваёй душы.

Як абуджэнне дасканалага жалю, так і вызваленне ад прывязанасцяў цалкам магчымыя, аднак трэба як мага паўней адкрывацца на дзеянне Бога ў сваім штодзённым жыцці. Толькі моцаю Божай міласэрнасці мы можам навяртацца і кампенсаваць за грахі. Глыбокае і шчырае прагненне атрымаць адпуст, адданне сябе Божай ласцы і выкананне з поўным удзелам волі і сэрца ўсіх умоваў, звязаных з адпустам, несумненна, можа стварыць у нас шчырую гатоўнасць адкрыцца на дар поўнага адпусту. Аднак тое, ці сапраўды мы яго атрымалі, застаецца невядомым. Ніхто з нас не можа з упэўненасцю сцвердзіць, што атрымаў ласку адпусту і ўжо вызвалены ад усялякага бязладдзя, выкліканага грахамі. Па гэтай прычыне мы ўсё жыццё павінны імкнуцца да навяртання.

Анна Чайкоўска WDC
Пераклала з польскай мовы Ганна Шаўчэнка