Skip to content Skip to left sidebar Skip to footer

Другая дыяцэзіяльная сустрэча групаў Апостальства дапамогі душам чыстцовым адбылася ў Браславе

28 кастрычніка ў санктуарыі Маці Божай Валадаркі Азёраў у Браславе прайшла другая агульнадыяцэзіяльная сустрэча групаў Апостальства дапамогі душам чыстцовым Віцебскай дыяцэзіі. На сустрэчы прысутнічаў біскуп Алег Буткевіч.

Ксёндз Славамір Самковіч, душпастыр групаў Апостальства дапамогі душам чыстцовым Віцебскай дыяцэзіі, прывітаў удзельнікаў і сцісла падвёў вынікі дзейнасці Апостальства за апошні год. Святар адзначыў, што колькасць сяброў АДДЧ павялічылася, з’явіліся новыя парафіяльныя групы ў Відзах, Лынтупах, Пагошчы. Аб сваёй дзейнасці расказалі таксама аніматары новаўтвораных парафіяльных групаў.

Сустрэча працягнулася адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту. Вяночак за памерлых узначалілі аніматары парафіяльных групаў. Падчас паўтарагадзіннай адарацыі быў час не толькі на супольную малітву, але і на медытацыю, кантэмпляцыю ў цішыні перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Вернікі змаглі прыступіць да споведзі, каб з чыстым сэрцам прыняць удзел у Эўхарыстыі і атрымаць поўны адпуст для сябе або ахвяраваць яго за душы, якія церпяць у чыстцы.

Пасля адарацыі адбылася канферэнцыя «Пра чысцец і наступствы нявырашаных пры жыцці справаў», якую правёў пробашч парафіі ксёндз Станіслаў Мжыглуд SDS. Цытуючы Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, святар адзначыў, што тыя, хто памірае ў ласцы і сяброўстве з Богам, але яшчэ не ачышчаны цалкам, хоць ужо і ўпэўненыя ў сваім збаўленні, пасля смерці праходзяць ачышчэнне, каб дасягнуць святасці і ўвайсці ў нябеснае шчасце» (пар. ККК, 1030).

Некаторыя святыя, якія асабліва дапамагалі церпячым душам у чыстцы, неаднаразова казалі, што чысцец — гэта цудоўнае вынаходніцтва Бога, дзякуючы якому душы могуць вызваліцца ад усялякіх заганаў, схільнасцяў да граху і цалкам ачышчаныя прыйсці на сустрэчу з Панам Сусвету.

Прыводзячы разнастайныя сведчанні містыкаў і святых, якія мелі візіі і асаблівую сувязь з душамі, якія церпяць у чыстцы, святар заўважыў, што існуюць «тры залатыя ключы», якія адкрываюць неба, — гэта любоў, пакора і адданасць Богу. Моцнай зброяй для нашага збаўлення, а таксама збаўлення душаў, якія церпяць у чыстцы, з’яўляюцца разнастайныя выпрабаванні і пакуты, якія мы сустракаем на сваім жыццёвым шляху. Калі мы пераносім жыццёвыя выпрабаванні з глыбокім даверам да Пана Бога, яны будуць мець вялікі духоўны плён для нас, а таксама паспрыяюць вызваленню душаў, якія церпяць у чыстцы і за якіх мы молімся.

Пасля канферэнцыі адбылася святая Імша, якую ўзначаліў ардынарый Віцебскай дыяцэзіі біскуп Алег Буткевіч. У гаміліі Яго Эксцэленцыя працягнуў разважанне над тэмай канферэнцыі. Іерарх адзначыў, што мы часта наракаем на Бога: «Ойча, за што мне гэтае цярпенне?», бо разглядаем жыццёвыя праблемы, хваробы як пакаранне. Аднак варта ўспрымаць нашыя цяжкасці не як пакаранне, а як выпрабаванне. Многія святыя на працягу гісторыі малілі Пана Бога, каб прыняць пакуту як дар ачышчэння. Нават Езус Хрыстус прыйшоў у свет, каб аддаць сваё жыццё ў пакутнай смерці, хоць не меў ніводнага граху.  Яго ахвяра была складзена для таго, каб як мага больш людзей дасягнулі Нябеснага Валадарства.

Мы павінны імкнуцца зразумець, для чаго Пан Бог спасылае выпрабаванні на нашым жыццёвым шляху. Давер да Нябеснага Айца і малітва дапамогуць нам дасягнуць Божага Валадарства. Напрыканцы Эўхарыстыі ксёндз Славамір Самковіч выказаў словы ўдзячнасці тым, хто спрычыніўся да арганізацыі і правядзення сустрэчы, а таксама ўсім яго ўдзельнікам. Цёплыя словы ўдзячнасці прагучалі ў адрас спадарыні Іны Сапун за музычнае аздабленне сустрэчы.

Жанна Закрэўская

Паводле www.kascelmery.by