10 спосабаў падрыхтоўкі да cвятой cмерці
Найважнейшы момант у нашым жыцці — гэта менавіта момант смерці. Ён вызначае наш лёс на ўсю вечнасць: мы будзем з Богам на працягу ўсёй вечнасці, або будзем страчаныя для вечнасці.
Лепшы спосаб для нас усіх атрымаць святую смерць — гэта ўжо зараз, з гэтага моманту і да таго моманту, пакуль не перакрочым парог зямнога жыцця, рыхтавацца да святой і шчаслівай смерці. Спадзяемся, што гэтыя кароткія, але карысныя парады, дапамогуць нам прыняць правільныя рашэнні, і тады ў момант нашай смерці Пан Езус будзе не Суддзёю, а нашым Збаўцам і будзе чакаць, каб адкрыць для вас вечныя брамы неба!
- Пражывайце кожны дзень свайго жыцця так, быццам гэта ваш апошні дзень. І ён можа быць такім. Езус папярэджвае нас, што «Ён прыйдзе, як злодзей уначы». Будзьце гатовыя!
- Не — граху, так – Богу! Грэх прыводзіць да смутку, роспачы, няволі і смерці. Адрачомся ж ад граху любой цаной, і звернемся да Бога, які дае жыццё, бо Езус сказаў: «Я — дарога, праўда і жыццё».
- Годна рабіце тое, што вы робіце. Гэта ключавое паняцце святасці. Гэта значыць пражываць таемнасць гэтага моманту і заўсёды імкнуцца выконваць свае абавязкі і абяцанні з лепшымі намерамі — дзеля перапрашэння Найсвяцейшай Тройцы і на хвалу Божую!
- Упалі? Падымайцеся зноў! Калі вы трапілі ў грэх, які будзе паўтарацца, таму што ўсе мы грэшнікі, — устаньце адразу. Ніколі не адкладвайце пераменаў на заўтра; хутчэй пачынайце мяняцца адразу — перш, чым сонца зойдзе!
- Любоў. Заўсёды прагніце найвялікшай з усіх цнотаў — любові! Езус ясна кажа нам, што з’яўляецца самай вялікай з усіх запаведзяў, і гэта падвойная запаведзь: любіць Бога свайго ўсім сэрцам сваім, і ўсёю душою сваёю, і ўсім розумам сваім, і ўсёю моцаю сваёю! А другая частка гэтай запаведзі заклікае любіць бліжняга свайго, як самога сябе. Гаворачы пра святую смерць, святы Ян ад Крыжа вучыць нас: «У канцы жыцця будзем асуджаны паводле меры нашай любові». Пане, адары нас штодзённым прагненнем трывалай і гарачай любові! Падобна Панне Марыі, дай нам памерці з любові!
- Прывядзі іншых на Нябёсы. Арцыбіскуп Фултан Шын дае нам вялікую параду, як трапіць да Неба. «Калі вы хочаце патрапіць на Нябёсы — вазьміце туды кагосьці з сабой», гэта азначае быць сведкам веры для іншых. Езус кажа: «Па іхніх пладах пазнаеце іх». Нашым жаданнем павінна быць любоў да таго, што Бог любіць, а Бог любіць выратаванне несмяротнай душы. Няхай гэта будзе нашым палымяным і нястомным жаданнем!
- Думайце пра Неба! Вялікае значэнне на шляху да святасці і шчаслівай смерці з’яўляецца не толькі пастаянная думка пра дасягненне Неба, але і разважанні, чым на самай справе з’яўляюцца Нябёсы! Святы Павел дае нам толькі праменьчык з гэтымі натхнёнымі словамі, калі кажа, што не бачыла таго вока і не чула вуха, і не ўзыходзіла тое ў сэрца чалавека, што Бог падрыхтаваў тым, хто любіць Яго. Зрабіце гэта! Падумайце пра самыя шчаслівыя дзве гадзіны вашага жыцця, памножце іх на мільён, а потым дадайце вечнасць — гэта значыць на вякі вечныя. Такая будучыня чакае нас!
- Скажыце Езусу, чаго вы хочаце! У глыбіні свайго сэрца пагаварыце з Езусам і выкажыце Яму вялікае жаданне вашага сэрца, а менавіта: што вы хочаце ўсё больш ўзрастаць у любові да Яго не толькі кожны дзень, але вы таксама хочаце любіць Яго на Нябёсах на вякі вечныя. Кажыце пра гэта Езусу кожны дзень. Прасіце вашага Анёла Ахоўніка, каб прыйшоў да вас на дапамогу!
- Чысцец і пакуты. Чаму б не папрасіць Пана Езуса, каб даў вам чысцец тут, яшчэ на зямлі? Праўду кажуць: «Заплаці або зараз, або пазней!» На самай справе значна лепш заплаціць яшчэ тут, на зямлі, чым потым, у агні чыстца пасля смерці. Як гэта можа стаць рэальнасцю? Проста і цяжка адначасова! Мы ўсе павінны пакутаваць, і рознымі спосабамі: фізічна, эмацыйна, эканамічна (многія з нас), сацыяльна і духоўна. Чаму б не ахвяраваць гэтыя пакуты за навяртанне грэшнікаў, ачышчэнне душ у чыстцы? Акрамя таго, гэтыя пакуты на зямлі з’яўляюцца нашым зямным чыстцам, каб дазволіць нам хутка трапіць на Нябёсы! Шмат хто з нас ніколі не задумваўся пра гэта, але Бог не хоча, каб мы пайшлі ў чысцец. Хутчэй за ўсё, Ён хоча, каб мы ішлі прама на Неба, без прыпынкаў! Будзем сумленнымі, Неба закрыта не з-за такой волі Бога, але праз нашыя ўласныя грахі — ганарыстасць, эгаізм, пыху, ляноту, а таксама супраціўленне Божай ласцы. Чаму б нам пастаянна не прасіць Пана, каб мы адпавядалі Божым ласкам і прынялі жыццёвыя нягоды, беды, цярпенні і пакуты так, каб быць з Богам адразу ж пасля смерці, што азначае жыццё вечнае!
- Марыя, Каралева святых і анёлаў. Усе святыя згодныя з гэтай духоўнай думкай: «Марыя — гэта самы хуткі, бяспечны і найбольш эфектыўны шлях да Езуса і да Нябёсаў». Чаму б нам адразу цяпер не звярнуцца да Марыі і не папрасіць ласкі патрапіць на Нябёсы? Спытайце Марыю ў малітве, што з’яўляецца асноўнай перашкодай у вашым жыцці, перашкодай, якая блакуе ваш вольны доступ да Езуса і Нябёсаў. І трэба прасіць нашую міласэрную Пані аб ласцы перамянення, каб пераадолець гэтую перашкоду і зрабіць «духоўны аб’езд» на шляху да Неба.
Паводле манаха а. Э. Брума OMV