Дзеля душаў чыстцовых…
12 красавіка 2025 г. у мінскай архікатэдры Імя Найсвяцейшай Панны Марыі адбыўся дзень засяроджанасці ўдзельнікаў малітоўнага руху Апостальства дапамогі душам чыстцовым. Гэтая сустрэча распачалася ўрачыстым уваходам у Юбілейную святыню. На пачатку працэсіі ксёндз канонік Ігар Лашук, адказны душпастыр Апостальства ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, прачытаў Юбілейную малітву, завяршыўшы яе просьбаю да Нябеснага Айца і праслаўленнем: «Няхай ласка Юбілею ажывіць у нас, пілігрымах надзеі, прагненне нябесных дабротаў і пралье на ўвесь свет радасць і спакой нашага Збаўцы. Табе, благаслаўлёны вечны Божа, хвала і пашана навекі!»
Пробашч архікатэдры ксёндз канонік Дзмітрый Пухальскі, вітаючы пілігрымаў, якія належаць да АДДЧ, сказаў: «Сёлетні Юбілейны год мы адзначаем як Год надзеі… Нам, хрысціянам, асабліва тым, хто пастаянна моліцца ў інтэнцыі душаў чыстцовых, добра вядома, наколькі важная сапраўдная хрысціянская надзея. Мы верым і спадзяёмся, што нашая малітва дапаможа тым, хто пераступіў парог вечнасці, хутчэй стаць перад Богам у Яго Валадарстве. <…> Вашая сустрэча ў гэтай Юбілейнай святыні адбываецца напярэдадні найважнейшага хрысціянскага свята — Пасхі. Праз некалькі дзён мы зноў будзем перажываць таямніцу мукі, смерці і ўваскрасення Езуса Хрыста. Таму няхай сённяшні дзень засяроджанасці дадасць вам неабходных сілаў і прынясе яшчэ большае разуменне вялікай Пасхальнай таямніцы».
Вернікі з асабліваю цікавасцю слухалі змястоўны даклад ксяндза каноніка Ігара Лашука, прысвечаны вучэнню Каталіцкага Касцёла пра чысцец і важнасці дару адпустаў. Ён нагадаў словы Папы Бэнэдыкта XVI, які адзначаў, што «чысцец — гэта працэс перамены, непазбежны па прычыне ўнутранай неабходнасці, працэс, у якім чалавек набывае здольнасць яднацца з Хрыстом, з Богам, а праз гэта — з усёй супольнасцю святых». Чалавек не можа пазбегнуць кары за свае грахі, але не варта чакаць смерці і стану чыстца, каб адпакутаваць за іх. Мы можам прайсці праз ачышчэнне падчас зямнога жыцця, а не толькі пасля смерці. Зямное жыццё дадзена нам менавіта для таго, каб мы падчас яго апрануліся ў новага чалавека — навучыліся любіць Бога і бліжняга, а пасля смерці сталі жыць у доме Айца разам з анёламі і святымі.
Падкрэсліваючы значэнне ў жыцці верніка адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, кс. Ігар распавёў слухачам пра асаблівую малітоўную практыку ў стаўбцоўскай парафіі св. Казіміра, пробашчам якой ён з’яўляецца: «У нашай парафіі мы пачалі праводзіць Святую гадзіну, якая адбываецца перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам у першы чацвер месяца. На Святую гадзіну прыходзіць шмат людзей, у Вялікім посце мы стараемся праводзіць яе кожны чацвер. Напрыклад, пазаўчора на адарацыю прыйшло каля 60-ці чалавек, нягледзячы на тое, што гэтае набажэнства адбываецца позна вечарам, з 23-й да 24-й гадзіны. <…>
Перад намі Вялікі чацвер, калі адбылося якраз тое, што тычыцца вось гэтай гадзіны адарацыі і прабывання перад Езусам у Найсвяцейшым Сакрамэнце. Карыстаймася вялікаю Божаю ласкаю, якая сплывае на нас праз адарацыю!»
Святую Імшу ў дзень засяроджанасці ўдзельнікаў руху АДДЧ узначаліў Яго Эксцэленцыя біскуп Юрый Касабуцкі. У ёй прынялі ўдзел таксама Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, кс. канонік Ігар Лашук і кс. Андрэй Сіповіч, пробашч мінскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа.
Звяртаючыся да ўдзельнікаў сустрэчы, Яго Эксцэленцыя сказаў: «Мы перажываем гэты год як пілігрымы надзеі. <…> Кожны дзень нашага жыцця — гэта пілігрымаванне, якое вядзе нас да брамы вечнасці. Той, хто на зямлі не змог прайсці гэтую пілігрымку так, каб адразу ўвайсці ў неба, пройдзе пэўны перыяд ачышчэння. І Апостальства дапамогі душам чыстцовым — адна з такіх яскравых формаў практычнай, рэальнай і дзейснай дапамогі тым людзям, якія праходзяць такое ачышчэнне. Каля 8000 чалавек толькі ў нашай краіне далучылася да гэтага руху. І кожная ваша малітва плённая. <…> Нібы маленькія ручайкі, такія малітвы сцякаюцца ў адну вялікую раку, што дае прахалоду душам у чыстцы. Карыстаючыся нагодаю, хачу падзякаваць вам за гэта».
Радасна тое, што на сустрэчу прыехалі не толькі ўдзельнікі Апостальства з мінскіх парафій, але і з Фаніпаля, Стоўбцаў, Смалявічаў, Бараўлянаў і нават з Барысава. Сустрэча завяршылася падзякаю Пану Богу і ўсім прысутным за ўдзел у дні засяроджанасці.
Ірына Галубовіч
Фота Яна Лысага





