Skip to content Skip to left sidebar Skip to footer

Пра чысцец і малітву за памерлых. Катэхеза біскупа Яшэўскага

Паводле Catholic.by
2.11.2022

Старшыня Камісіі па справах каталіцкай адукацыі і катэхезы пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Аляксандр Яшэўскi SDB прапануе даступны катэхетычны выклад каталіцкага вучэння пра чысцец і значэнне малітвы з памерлых у Касцёле.

Касцёл мае звычай асаблівым чынам спалучаць малітву за душы ў чыстцы з урачыстасцю Усіх Святых. Сапраўды, з сённяшняга вечара Касцёл просіць нас маліцца за душы ў чыстцы, а ўвесь заўтрашні дзень прысвечаны ім.

Святары заўтра могуць цэлебраваць тры Імшы, каб прасіць Пана аб вызваленні душаў з чыстца.

Вось чаму я хацеў бы звярнуць нашую ўвагу і запрасіць нас паразважаць над рэчаіснасцю чыстца і над тым, якую пабожнасць мы павінны мець у адносінах да душаў, якія пакутуюць у гэтым месцы ачышчэння.

Па-першае, ці існуе чысцец?

Калі верыць усяму, што пішуць сёння, у веруючага чалавека можа ўзнікнуць спакуса паверыць у тое, што чысцец  — гэта сярэднявечная байка. Не, чысцец — гэта догмат, догмат нашай веры. Той, хто не верыць у чысцец, з’яўляецца ерэтыком. Сапраўды, ужо ў XIII стагоддзі Ліёнскі Сабор урачыста пацвердзіў існаванне чыстца. Потым таксама Латэранскі сабор у XV стагоддзі зноў пацвердзіў рэальнасць чыстца. І, нарэшце, Трыдэнцкі сабор, насуперак адмаўленню пратэстантаў, урачыста зацвердзіў, што, каб захаваць веру, трэба верыць у існаванне чыстца.

Таму цалкам упэўнена можна сцвердзіць, што гэта догмат нашай веры.

Догмат нашай веры, які перш за ўсё сцверджаны і заснаваны на Традыцыі, а не на Святым Пісанні. Тым не менш, Святое Пісанне змяшчае ўрыўкі, якія настолькі пэўна, наколькі гэта магчыма, гавораць пра існаванне чыстца.

У Святым Пісанні мы маем апавяданне пра Макабэяў і Юду Макабэя, які паслаў у Ерузалем суму ў 12 тысяч талантаў з просьбаю да святароў прынесці ахвяру за ваяроў, якія загінулі ў бітве, каб яны былі вызваленыя ад пакарання і маглі дасягнуць Неба. І Святое Пісанне дадае: Гэта збаўчая думка  — маліцца за нашых памерлых.

Таксама Святы Павел гаворыць пра душы ў чыстцы, кажучы, што некаторыя душы адразу дасягаюць неба, іншыя таксама дасягаюць Неба, але як праз агонь, маючы на ўвазе, безумоўна, неабходнае ачышчэнне для душаў, якія не зусім падрыхтаваныя, каб увайсці ў Рай. Менавіта на гэтых біблійных тэкстах і асабліва на Традыцыі, перададзенай нам апосталамі і Айцамі Касцёла, Касцёл заснаваў сваю веру ў існаванне і рэальнасць чыстца.

Чаму існуе чысцец?

Таму што мы павінны ўвайсці на Неба ў найдасканалейшай чысціні. Немагчыма ўявіць, каб душы маглі ўвайсці ў бачанне Бога, увайсці ў еднасць з Богам — у еднасць, якая пераўзыходзіць усё, што можа прыдумаць наша ўяўленне; усё, што мы можам сабе ўявіць; увайсці ў саму боскасць; удзельнічаць у Святле Божым — са сваімі схільнасцямі, якія супярэчылі б гэтаму Святлу, гэтай хвале Божай, гэтай чысціні Бога, гэтай святасці Бога. Гэта немагчыма.

Вось чаму тыя, хто памёр у стане ласкі, але хто не ачысціўся дасканала праз пакаранне, якое належыць граху, пасля таго, як грэх быў прабачаны, і таксама тыя, хто памёр з даравальнымі грахамі, павінны прайсці праз гэтае месца ачышчэнне, якое зробіць іх больш годнымі прысутнасці перад Богам у Яго Святой Тройцы.

Гэта цалкам натуральная рэч.

Мы не павінны забывацца пра тое, што калі грэх нам прабачаны, то ў нас застаецца ўтвораны грахом беспарадак. Несумненна, маральнай віны ўжо не існуе, таму што яна была прабачана праз сакрамэнт пакаяння, але, тым не менш, фактам застаецца тое, што наша душа была параненая, наша душа прыйшла ў беспарадак, які трэба выправіць.

Гэта можна параўнаць з чалавекам, які зграшыў, скраўшы ў свайго бліжняга — ён не толькі павінен вызнаць грэх у сакрамэнце пакаяння нашаму Пану і атрымаць адпушчэнне грахоў, але ён павінен кампенсаваць скрадзеную суму. І мы можам параўнаць гэты крадзеж з усімі грахамі, якія мы здзейснілі. Мы стварылі беспарадак; мы стварылі несправядлівасць. Мы павінны выправіць гэтую несправядлівасць, нават пасля таго, як грэх быў прабачаны. Вось чаму душы застаюцца ў чыстцы да той хвіліны, пакуль праз гэтае пакаранне за грэх, які быў прабачаны, яны не будуць дасканала ачышчаны.

Які стан душаў у чыстцы?

Ці могуць душы ў чыстцы скараціць гэты час ачышчэння заслугамі, якія яны маглі б здабыць самі? — Не. Душы ў чыстцы ўжо больш не могуць атрымліваць заслугі самі.

Чаму? Бо яны ўжо не на зямлі. Яны ўжо не такія, як мы, у тым стане, у якім мы знаходзімся і можам атрымаць заслугі. Таму што ў нас ёсць выбар. І тым, што мы выбіраем дабро замест зла, мы заслугоўваем узнагароду.

Душы ў чыстцы больш не маюць выбару. Яны канчаткова замацаваны ў сваёй ласцы, у асвячальнай ласцы. Яны ўпэўненыя, што з’яўляюцца абранымі, і гэта выклікае ў іх глыбокую радасць, пастаянную радасць. Яны ведаюць, што цяпер яны прызначаныя для Неба.

Але яны таксама пераносяць невыказныя цярпенні, таму што цяпер нашмат лепш за нас ведаюць, чым з’яўляецца Бог і што Бог абяцаў нам праз ласку: хвалу, якая чакае нас у небе. Іх моцна мучыць думка, што яны яшчэ не могуць мець Бога навекі і жыць у Богу праз усю вечнасць.

Іх таксама грызуць дакоры сумлення пры думцы пра Божую дабрыню, пра Божую міласэрнасць, сведкамі якой яны з’яўляюцца ў большай ступені. Яны лепш разумеюць міласэрнасць, якую Бог меў да іх, і што яны зграшылі, што яны аддаліліся ад Бога і таму пакутуюць. І яны ведаюць, што справядліва пакутуюць за грахі, якія ўчынілі, каб ачысціцца, каб прыйсці ў хвалу Пана.

Такім чынам, душы ў чыстцы не могуць больш скараціць свае пакуты. Як тады яны могуць спадзявацца зрабіць шлях да неба хутчэйшым? Яны спадзяюцца на нас. Мы праз еднасць Містычнага Цела, праз рэальнасць Містычнага Цела маем еднасць з душамі ў чыстцы ў Касцёле. Касцёл аб’яднаны ў Езусе Хрысце.

Паколькі мы можам атрымаць заслугі для іх, мы можам прасіць нашага Пана ў сваіх малітвах і асабліва праз святую Ахвяру Імшы, каб душы ў чыстцы былі хутчэй вызвалены. Нам патрэбна гэта рабіць.

Гэта наш абавязак дзеля тых душаў, якія пакутуюць і якія чакаюць ад нас вызвалення з чыстца.

Такім чынам, мы можам зрабіць гэта нашымі малітвамі і, у прыватнасці, праз святую Ахвяру Імшы. Мы можам зрабіць гэта праз свае пакуты: пакуты, якія мы павінны вытрываць таксама, каб выправіць учыненае намі зло; пакаранне, якое належыць пасля таго, як грэх прабачаны, каб скараціць наш чысцец. І калі гэта будзе даспадобы Богу, калі Бог пажадае, не праходзіць праз чысцец і пайсці наўпрост на Неба, каб адразу з’яднацца з Богам.

Таму мы павінны складаць ахвяры за гэтыя душы ў чыстцы, а таксама карыстацца скарбам, які Касцёл дае ў нашае распараджэнне: скарбніцай заслуг святых, усіх тых, хто прайшоў праз гэтую зямлю. Касцёл мае скарбніцу заслуг, якую можа даць у распараджэнне душаў, якія жадаюць выкарыстаць гэтыя заслугі для душаў у чыстцы.

Касцёл просіць нас здзяйсняць пэўныя дзеянні, у прыватнасці, пілігрымкі, асаблівыя малітвы, каб набыць гэтыя заслугі і скарыстаць імі для душаў у чыстцы. Гэта тое, што мы можам зрабіць для іх.

Гэта для нас вялікае заахвочванне — заахвочванне да асвячэння сябе.

Калі б мы сапраўды разумелі, як пакутуюць гэтыя душы ў чыстцы, мы б са свайго боку зрабілі ўсё магчымае, каб вызваліць іх, а таксама зрабілі б ўсё магчымае, каб самім пазбегнуць чыстца.

Што такое адпусты і як яны дзейнічаюць?

Што датычыцца адпустаў, якія дае Касцёл, добра ведаць, што яны заснаваныя на праўдзе, якую Касцёл дасканала ведае і ў якую мы павінны верыць: на рэальнасці Містычнага Цела нашага Пана Езуса Хрыста.

Але нават Трыдэнцкі сабор просіць нас не ўваходзіць у тонкасці колькасці адпустаў, у любыя падлікі, якія маглі б быць зроблены, і ў больш ці менш дакладныя ацэнкі.

Напрыклад, можна задаць пытанне, ці ўдзел у Імшы, што цэлебруецца ў месцы, дзе можна атрымаць поўны адпуст, які можна ўжыць для душаў у чыстцы, з’яўляецца дакладнай гарантыяй, што душа, за якую адпуст будзе ахвяраваны, неадкладна вызваліцца ад цярпення і пойдзе на нябёсы.

У прынцыпе так. Чаму? Таму што поўны адпуст адмыслова ўстаноўлены Касцёлам, каб цалкам зняць пакаранні, якія належаць пасля таго, як грэх быў прабачаны. Але, як добра кажа Трыдэнцкі сабор, Бог вырашае ці даць гэты адпуст. Гэты адпуст залежыць ад Бога. Бог бачыць стан душаў, і таму Ён з’яўляецца Суддзёй усіх рэчаў і ўсяго, што гэтыя душы ў чыстцы павінны выцерпець, і пакаранняў, якія яны павінны прайсці.

Такім чынам, нельга цалкам матэматычным шляхам прыйсці да высновы, што як толькі хтосьці здзейсніў такі ўчынак, або прамовіў такую малітву, або прысутнічаў на такой Імшы і атрымаў поўны адпуст, душа абавязкова, абсалютна дакладна вызваляецца ад пакаранняў чыстца. Гэта залежыць ад Божай справядлівасці.

Аднак мы павінны спадзявацца і меркаваць, што добры Бог, справядліва згадваючы ўсе гэтыя заслугі, набытыя Касцёлам, здзяйсняе гэтыя адпусты, і мы сапраўды можам спадзявацца, што гэтыя душы будуць вызвалены.

Вось чаму мы павінны часта разважаць над рэчаіснасцю чыстца, быць з’яднанымі з душамі нашых братоў: ўсёй гэтай грамады нашых памерлых сваякоў, сяброў і ўсім тым незлічоным мноствам душаў, якія не маюць таго, хто моліцца за іх. Таму мы павінны часта маліцца за душы ў чыстцы і натхняцца на гэта цудоўнымі малітвамі літургіі за памерлых.

Мы павінны захоўваць вялікую пашану да целаў памерлых, якія былі асвячоныя, і мы павінны хаваць іх так, як гэта заўсёды рабілі хрысціяне, ушаноўваць нашых памерлых, шанаваць нашыя могілкі. Мы павінны заўсёды старанна даглядаць магілы нашых памерлых, каб выяўляць веру ў тое, што іх целы аднойчы ўваскрэснуць.

Такія, мае дарагія браты, павінны быць нашыя думкі і намеры з нагоды ўспаміну памерлых, які мы сёння перажываем у Касцёле.

Будзем старацца жыць у еднасці з душамі ў чыстцы і папросім Найсвяцейшую Панну Марыю — Тую, якая была сведкай пахавання свайго Сына, каб дала нам любоў і пашану, якія Яна мела да Цела свайго Боскага Сына; папросім Яе, каб таксама дала нам пашану да памерлых.

біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB / Catholic.by