Skip to content Skip to left sidebar Skip to footer

Уласнымі сіламі не кампенсуеш грэх…

Пра кнігу с. Анны Чайкоўскай WDC «Адпусты. Скарб Касцёла»
(«Про Хрысто», 2023)

 

«Хрысціянін не ідзе адзінока па шляху навяртання. У Хрысце і праз Хрыста яго жыццё злучаецца таямнічаю повяззю з жыццём усіх іншых хрысціянаў у звышнатуральнай еднасці Містычнага цела. Дзякуючы гэтаму паміж вернікамі адбываецца дзівосны абмен духоўнымі дарамі, і такім чынам святасць аднаго падтрымлівае іншых у значна большай ступені, чым грэх аднаго можа пашкодзіць іншым», — пісаў святы Ян Павел ІІ у буле «Incarnationis mysterium» з нагоды абвяшчэння Юбілейнага 2000 года. Як жа адбываецца гэты цудоўны абмен нябачнымі дарамі? Няўжо нас сапраўды могуць містычным чынам духоўна падтрымаць перажытыя кімсьці цярпенні, любоў і святасць людзей, з якімі мы нават ніколі не сустракаліся? Думка пра гэтую таямнічую повязь, якую апісваў Вялікі Папа, натхняе і адкрывае цудоўную перспектыву духоўнага жыцця: мы не адны ў гэтым свеце са сваімі цярпеннямі і цяжкасцямі, дый нават са сваёю грахоўнасцю, а еднасць святых — не проста прыгожая паэтычная фармулёўка з Сімвала веры, а вялікая збаўчая таямніца. Менавіта гэта даказвае кніга сястры памочніцы душам чыстцовым Анны Чайкоўскай WDC «Адпусты. Скарб Касцёла», якая сёлета выйшла ў выдавецтве «Про Хрысто» ў перакладзе на беларускую мову.

Кніга складаецца з чатырох асноўных раздзелаў і дадатку. Напрыканцы  кнігі прапануецца збор малітваў, актаў і гімнаў, з якімі звязана ўдзяленне адпустаў. У першым раздзеле — «Грэх і адкупленне чалавека» — аўтарка заглыбляецца ў прыроду і наступствы граху, разважае пра дар свабоднай волі, атрыманы кожным чалавекам ад Бога, і пра Божую ласку, дзякуючы якой чалавек можа быць збаўлены. Аднак калі ў гэтай праблематыцы кожны практыкуючы католік больш-менш арыентуецца, то пра наступствы граху — а менавіта віну, вечную кару і часовую кару — мы часцей за ўсё маем вельмі расплывістае і не заўсёды правільнае ўяўленне, мяркуючы, што споведзь і адпушчэнне грахоў аўтаматычна ліквідуюць непарадак, выкліканы грахом. Гэтай тэматыцы с. Анна Чайкоўска прысвячае істотную частку сваёй кнігі, дапамагаючы нам разабрацца з тым, што такое наступствы граху і навошта імкнуцца атрымаць адпуст, нават калі мы ўжо вызналі свае грахі ў споведзі.

Другі раздзел, «Ласка адпусту — скарб, які варта адкрыць нанова», прысвечаны грунтоўнаму і ўсебаковаму разгляду практыкі адпустаў у Каталіцкім Касцёле, пачынаючы з гістарычнага экскурсу ў мінулае і заканчваючы разважаннем пра вялікае значэнне адпусту для духоўнага жыцця чалавека. Аўтарка распавядае пра тое, як узнікла практыка адпустаў, як распачаліся крызісы і злоўжыванні ў гэтай сферы, як сёння Касцёл удзяляе адпусты вернікам. У кнізе апісваюцца віды адпустаў, тлумачыцца, што такое скарбніца заслугаў святых, хто можа ўдзяляць адпусты і хто можа іх атрымаць.

У наступным, трэцім раздзеле «Умовы атрымання адпустаў» падрабязна выкладаюцца ўмовы атрымання поўных і частковых адпустаў у звычайнай і надзвычайнай сітуацыі з глыбокім тлумачэннем кожнага пункту і аналізам некаторых памылковых поглядаў, якія часам фармуюцца ў практыкуючых вернікаў. Асабліва гэта датычыць такіх умоваў, як малітва ў інтэнцыях Папы Рымскага і поўная адсутнасць прывязанасці да якога-небудзь граху. Пра апошні пункт падрабязна распавядаецца ў асобным падраздзеле кнігі, фрагмент якога мы публікуем у гэтым нумары часопіса.

«Агульныя і прыватныя формулы ўдзялення адпустаў» — чацвёрты раздзел кнігі, у якім с. Анна Чайкоўска падае поўны спіс такіх формулаў паводле «Кнігі адпустаў» («Enchiridion Indulgentiarum») і іншых дакументаў Апостальскай Сталіцы. Часта мы банальна не ведаем, за якія пабожныя дзеянні належыць атрыманне адпусту, і таму не звяртаемся да гэтай скарбніцы Касцёла, страчваем магчымасць вызваліцца ад таго, што павінны адпакутаваць. Сумарна ж гэтых формулаў ажно каля 70-ці! У кнізе пры гэтым выразна падкрэсліваецца, што ўдзяленне адпустаў датычыць выключна вернікаў, а не саміх малітоўных формулаў, месцаў ці рэчаў.

«Дадатак» уключае найважнейшыя дакументы Касцёла, у якіх выкладаецца вучэнне пра адпусты: апостальская канстытуцыя Паўла VI, була і катэхеза Яна Паўла ІІ, дэкрэты Апостальскай Пэнітэнцыярыі і інш.

Пасля прачытання кнігі разумееш, што атрыманне адпусту — гэта вельмі няпростая справа, бо яна прадугледжвае няспынную карпатлівую працу над сабою. Да таго ж мы ніколі не можам быць дакладна ўпэўненыя ў тым, што сапраўды атрымалі адпуст за сябе або кагосьці з памерлых, бо толькі Бог ведае сапраўдны стан нашай душы. Застаецца спадзявацца на Яго бязмежную і шчодрую міласэрнасць, а таксама выхоўваць у сабе глыбокую пакору, бо ўласнымі сіламі немагчыма ні збавіцца, ні кампенсаваць учыненае ў жыцці зло.

Ганна Шаўчэнка

Чытаць урывак

Што азначае прывязанасць да граху?

Прапануем вам урывак з кнігі сястры памочніцы душам чыстцовым Анны Чайкоўскай WDC «Адпусты. Скарб Касцёла», якая выйшла ў выдавецтве «Про Хрысто» ў перакладзе з польскай мовы на беларускую. Гэты ўрывак прысвечаны адной з важных умоваў адпусту — свабодзе ад прывязанасці да граху.

Чытаць далей…

Да артыкулаў ->